Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Шалаева: “Хутка ўсё зьменіцца. У любым выпадку”


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьця “Начной Свабоды” – супрацоўніца рэклямнага агенцтва Алена Шалаева. У суботу на хвалях “Свабоды” яна чытала сваё эсэ --> http://archive.svaboda.org/articlesprograms/beleive/2007/8/dfe507b0-b457-4ce4-9850-9cc2ee00dcbb.html з сэрыі “Ў што я веру”.

Знаткевіч: Алена, у сваім эсэ вы сярод іншага пішаце, што верыце ў беларусаў. Вы пішаце: “Яны не такія простыя і наіўныя, як здаецца на першы погляд”. Таксама ў вашым эсэ ёсьць думка, што цяперашняя сытуацыя ў Беларусі – з-за некалькіх, як вы кажаце, “не зусім нармальных людзей”.

Але шмат хто кажа, што цяперашняя сытуацыя таму й трымаецца, што задавальняе большасьць беларусаў: маўляў, пакуль ёсьць адносная эканамічная стабільнасьць, людзей зусім не цікавяць ні свабода, ні дэмакратыя. Што б вы адказалі на такую думку?”

Шалаева: “Ёсьць некалькі пакаленьняў. Пакаленьне такіх людзей, як мае бацькі, людзей, якія вельмі добра памятаюць час перабудовы, гэтае пакаленьне цяпер вельмі баіцца пераменаў. Яны кажуць, што, можа быць, лепш проста, каб была нейкая стабільнасьць...

Пераменаў хоча ў першую чаргу моладзь. Я думаю, за кошт старэйшага пакаленьня яшчэ ў нас трымаецца старое, але час ідзе, людзі старэюць і моладзь ужо зусім іншая. Нават калі гэтая моладзь не займае актыўнай палітычнай пазыцыі, яна ўсё роўна ўжо зусім іншая – яна жыве ў іншай краіне. Я думаю, што хутка ўсё зьменіцца. У любым выпадку”.

“Цяпер у студэнтах нашмат больш свабоды”

Знаткевіч: “А можа, гэта ўзроставае? Можа, моладзь заўсёды, у адрозьненьне ад старэйшых людзей, імкнецца да пераменаў, і калі вы сама пасталееце, то таксама вам не захочацца пераменаў?”

Шалаева: “Не, я думаю, што гэта трошкі ня так. Я азіраюся на свае студэнцкія гады. Мы былі не такімі, якія цяпер студэнты. Цяпер яны ўжо іншыя. І зусім па-іншаму сябе паводзяць. У іх, мне здаецца, нашмат больш свабоды і нейкай такой ня тое што самаўпэўненасьці, а можа нават самадастатковасьці. Я думаю, што цяпер зрухаў у моладзевым руху, у моладзевай сьвядомасьці больш, чым было, скажам, год пяць назад”.

Знаткевіч: “Алена, вы ўжо сказалі пра свае размовы з бацькамі. Вы напісалі ў сваім эсэ: “Веру, што бацькі некалі мяне зразумеюць і перастануць нэрвавацца”. Гэтыя непаразуменьні з-за разыходжаньня ў палітычных поглядах ці з-за нечага яшчэ?”

Шалаева: “Не, у палітычных поглядах, дзякуй Богу, у нас згода. Паразуменьне поўнае. Але, вядома, яны хвалююцца за мяне, таму што яны ўсё ж такі людзі кансэрватыўныя. І той лад жыцьця, якім жыву я, ім трошкі дзіўны, таму што ў маім узросьце мая маці была замужам, у яе былі дзеці і сям''я. Гэта для яе было галоўным. Я не кажу, што гэта ня важна, але ў мяне пакуль што іншыя прыярытэты ў жыцьці. Я думаю, на ўсё свой час”.

"Што такое незвычайныя людзі? Гэта звычайныя людзі, якія дасягнулі сваёй мэты"

Знаткевіч: “На мінулым тыдні адна з нашых слухачак даслала нам смс-паведамленьне з пытаньнем “Чым звычайная дзяўчына можа дапамагчы Беларусі?”. Вы маглі б паспрабаваць адказаць на гэтае пытаньне?”

Шалаева: “Я думаю, у звычайных, у простых уся сіла. Галоўнае, мне здаецца, каб была мэта штосьці зрабіць. І калі звычайны чалавек паставіць сабе мэту і будзе да яе ісьці, то ён можа зрабіць усё што заўгодна. Што такое незвычайныя людзі? Гэта звычайныя людзі, якія дасягнулі сваёй мэты. Я так думаю”.

Знаткевіч: “Пры гэтым мэта можа быць любой, на вашую думку?”

Шалаева: “Я думаю, што абсалютна. Я ведаю шмат прыкладаў, калі людзі проста з нуля дасягалі вялікіх вяршыняў, проста з-за таго, што яны вельмі гэтага хацелі”.

“Кожнаму трэба быць сумленным перад сабой і сваёй краінай”

Знаткевіч: “А калі гаварыць ужо не пра дасягненьне нейкіх асабістых мэтаў, а менавіта пра тое, каб дапамагчы Беларусі?”

Шалаева: “Я думаю, што трэба проста сумленна рабіць сваю справу. Кожнаму чалавеку трэба быць сумленным перад сабой, перад сваёй краінай. І калі так будзе рабіць кожны, гэтага будзе дастаткова”.

Знаткевіч: “Алена, вы пісалі ў сваім эсэ, што ў вас у пэўны момант быў выбар – выехаць зь Беларусі ці застацца. Як гэта адбылося?”

Шалаева: “Мае сваякі жывуць у Канадзе. Яны эмігравалі некалькі год назад. Вядома, там лепшы лад жыцьця, можа быць, ён такі больш упарадкаваны, больш спакойны.

Сваякі цяпер вельмі актыўна запрашаюць нас прыехаць туды, таму што там нашмат прасьцей, нашмат лягчэй. І пры тых намаганьнях, якія людзі прыкладаюць у нашай краіне, там можна нашмат большага дамагчыся.

Быў у мяне складаны момант у жыцьці. Складанасьці былі з працай, і такая думка ў мяне ўзьнікла. Я пачала ўжо зьбіраць патрэбныя дакумэнты. Але, як дакумэнты былі ўжо амаль сабраныя, я вырашыла, што не змагу проста так кінуць усё сваё і ўсіх сваіх тут і паехаць некуды за акіян, няхай там і лепш”.

“Праект, які мы зрабілі на беларускай мове, выклікаў вялікае захапленьне”

Знаткевіч: “Алена, вы працуеце ў рэклямным агенцтве, пішаце рэклямныя тэксты. Наколькі рэкляма па-беларуску цяпер запатрабаваная?”

Шалаева: “Да нядаўняга часу я думала, што гэта складана, што людзі скептычна паставяцца да гэтага. Але вось быў у нас адзін з апошніх праектаў, які мы зрабілі на беларускай мове. І гэта выклікала вялікае захапленьне. Я думаю, што гэта толькі пачатак”.

Знаткевіч: “А што б вы сказалі тым людзям, якія кажуць, што рэкляма – гэта ў прынцыпе збольшага падман. Маўляў, рэклямаю спрабуюць падмануць чалавека, каб ён нешта набыў, ці, прынамсі, не сказаць усёй праўды...”

Шалаева: “Я на гэтую тэму вельмі часта спрачаюся з сваім бацькам. Ён мне тое самае кажа. Ён кажа, што ніколі ў жыцьці ня купіць таго, што рэклямуюць, таму што, як ён лічыць, яго падманваюць. Але ўсё роўна ён купляе тое, што рэклямуюць, таму што рэклямуюць амаль што ўсё.

Я думаю, што ў ідэале рэкляма – гэта проста дапамога людзям выбраць нешта для сябе, проста ўбачыць станоўчыя бакі нейкага прадукту. Але кожны павінен памятаць, што, вядома ж, расказваюць толькі пра станоўчыя бакі, а пра адмоўныя ніхто ніколі ня кажа.

Гэта не падман, проста такое замоўчваньне. Я лічу, што найлепшая рэкляма – гэта калі параяць твае сябры і знаёмыя. І таму найбольш пасьпяховыя рэклямныя тэксты – гэта тыя, якія напісаныя так, нібыта табе расказвае твой сябра”.

“Я яго нарэшце знайшла: гэта быў не нацельны крыжык, а проста ўпрыгожаньне на вопратку”

Знаткевіч: “Алена, вы часта езьдзіце ў археалягічныя экспэдыцыі. Што самае цікавае вы знайшлі ў сваім жыцьці ў гэтых экспэдыцыях?”

Шалаева: “Я вельмі хацела знайсьці крыжык. Калі я была ў экспэдыцыі мінулы раз, мы раскопвалі сядзібу XIII – XIV стагодзьдзяў: сябры знайшлі там некалькі крыжыкаў. Мне так хацелася знайсьці крыжык, але ўсё не шанцавала.

Але сёлета я яго нарэшце знайшла: гэта быў не нацельны крыжык, а проста ўпрыгожаньне на вопратку. Ён быў вельмі старажытны, раньняе сярэднявечча, можа быць, стагодзьдзе IX – X. Прычым ён быў ужо абпалены ў агні: мабыць, гарэла хата і разам зь ёю ён абпаліўся.

Цікава, я знайшла яго ў самы нечаканы момант. Я адчула ў руках, што гэта не зямля, і падумала, што, напэўна, проста кавалачак керамікі. Потым пачала расьціраць зямлю і ўбачыла нейкі такі вельмі сымэтрычны кавалачак керамікі. Потым, калі мы яго адмылі, аказалася, што гэта такое ўпрыгожаньне на вопратку ў выглядзе крыжыка. Вельмі прыгожа было, я была задаволеная. Пасьля гэтага я думала: “Ну ўсё, свой плян я выканала ў гэтым годзе”.

Алена Шалаева нарадзілася 8 чэрвеня 1979 году ў Дагестанскай аўтаномнай рэспубліцы. Некалі яе бабуля (якая родам была са Старых Дарог) скончыла мэдвучэльню і па разьмеркаваньні паехала ў Дагестан, дзе выйшла замуж і надоўга атабарылася.

У 1985 годзе бацькі Алены Шалаевай вырашылі вярнуцца на гістарычную радзіму. Пасяліліся ў вёсцы Дубрава Маладэчанскага раёну. Там Алена і вучылася ў школе.

У 2002 годзе скончыла факультэт беларускай філялёгіі і культуры Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка. У пэдунівэрсытэце зацікавілася журналістыкай – там выкладалі дзіцячую і юнацкую журналістыку. На пятым курсе прачытала абвестку ў “Студэнцкай думцы” пра Беларускі калегіюм, паступіла яшчэ й туды на спэцыяльнасьць “Журналістыка”.

Два гады адпрацавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі №5 Менску, карэспандэнткай у моладзевых выданьнях. Цяпер працуе рэдактаркай рэклямных тэкстаў у адным з рэклямных агенцтваў Менску.

Хобі – археалягічныя экспэдыцыі. Нядаўна вярнулася з раскопаў зь Верхнядзьвінскага раёну.
XS
SM
MD
LG