Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магчымыя наступствы рашэньня Дзярждэпартамэнту ЗША аб новых візавых абмежаваньнях


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 8 жніўня

ЗША ўвялі новыя візавыя санкцыі дачынна шырокага кола беларускіх чыноўнікаў. Якая прычына такіх захадаў Злучаных Штатаў? Які ўплыў яны могуць аказаць на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі? Ці зробяць беларускія ўлады захады ў адказ?

Удзельнікі: выкладчык зарэгістраванага ў Літве Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Дзяніс Мельянцоў і міжнародны аглядальнік газэты “Наша ніва” Сяргей Богдан.

Чаму менавіта цяпер ЗША ўвялі такія санкцыі?

Валер Карбалевіч: “ЗША пасьлядоўна праводзяць палітыку ціску на кіроўны беларускі рэжым з мэтай падштурхоўваньня яго да дэмакратызацыі. У 2004 годзе быў прыняты Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, які прадугледжвае як эканамічныя, так і візавыя санкцыі. У 2006 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў візавыя санкцыі былі пашыраны.

І вось апошняе рашэньне Дзярждэпартамэнту ЗША прадугледжвае значна больш шырокія візавыя абмежаваньні беларускім чыноўнікам і нават іхным сужэнцам. Якая прычына такіх захадаў цяпер, калі, здавалася б, ніякай палітычнай кампаніі ў Беларусі не адбываецца? І ў зьвязку з гэтым рашэньнем – якія высновы можна зрабіць пра палітыку ЗША адносна Беларусі?”

Дзяніс Мельянцоў: “ЗША пэўны час чакалі, якім чынам будзе разьвівацца ўнутрыпалітычная сытуацыя ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Увесну былі сьведчаньні таго, што рэжым ідзе на нейкую нязначную лібэралізацыю. Цяпер ЗША ўбачылі, што лібэралізацыі не адбываецца. І пайшлі на такі крок.

Цяпер Беларусь не ўяўляе ніякай пагрозы ні для бясьпекі, ні для каштоўнасьцяў ЗША і іхных хаўрусьнікаў. Злучаныя Штаты занятыя цяпер праблемамі тэрарызму, Блізкага Ўсходу. І беларускае пытаньне знаходзіцца недзе ў трэцім шэрагу іх прыярытэтаў. ЗША аддалі гэтае пытаньне на вырашэньне Эўропы”.

Сяргей Богдан: “Гэтымі санкцыямі ахоплены шмат чыноўнікаў сярэдняга зьвяна. Недзе пару тысяч будзе, калі лічыць з жонкамі. Думаю, існуе пагадненьне паміж ЗША і Эўразьвязам (ЭЗ). І цяпер ідзе гульня ў добрага і злога сьледчага. Вось ЗША ўводзяць рэзкія санкцыі. А чыноўнікі ЭЗ вядуць кулюарныя перамовы зь беларускімі чыноўнікамі”.

Богдан: “Намэнклятура не скансалідаваная, а стэрарызаваная”

Карбалевіч: “Як могуць паўплываць гэтыя захады ЗША на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі? Паводле лёгікі гэтых санкцыяў, яны павінны ўзьдзейнічаць на паводзіны намэнклятуры, вымагаць ад яе працаваць не з загаду Лукашэнкі, а згодна з законамі і правіламі дэмакратыі. Ды ці дапаможа гэта дэмакратызацыі Беларусі? А, можа, як мяркуюць некаторыя, будзе адваротны эфэкт – чынавенства мусова скансалідуецца вакол Лукашэнкі?”

Мельянцоў: “Думаю, ніякага выніку ня будзе. Беларускія чыноўнікі й так ня езьдзяць у ЗША. А калі ў некага ўзьнікне такая пільная патрэба, то яны зробяць гэта, як сп-ня Пяткевіч, – праз структуры ААН. Эфэкт можа быць псыхалягічны. Калі зважаць на рэпліку сп-ні Ярмошынай на гэты конт, то можна зрабіць выснову, што чыноўнікі рэагуюць балюча.

Але тут існуе дызбалянс адказнасьці. Калі чыноўнікі зробяць нешта такое, што не спадабаецца ЗША, то ім пагражае толькі забарона ўезду на тэрыторыю Злучаных Штатаў. А калі яны выступяць супраць ЗША, то гэта пацягне больш сур’ёзныя наступствы.

Калі ЭЗ адмяніў гандлёвыя прэфэрэнцыі, то гэта ўдарыла й па рэжыме. Новыя візавыя абмежаваньні ЗША такога эфэкту мець ня будуць. Гэта ня зрушыць унутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі”.

Богдан: “Думаю, уплыў усё ж такі будзе. Бо гэтымі санкцыямі ахоплена дастаткова шырокае кола асоб. І структуры ААН ім не дапамогуць прыехаць у ЗША.

Тут гаворка ўжо не пра абстрактныя дзяржаўныя інтарэсы, калі церпяць усе і, нібыта, ня церпіць ніхто. Гаворка ідзе пра канкрэтныя асабістыя інтарэсы чыноўнікаў, якіх, разам з жонкамі, пазбаўляюць магчымасьці атрымаць асалоду на назапашаныя імі грошы.

Ёсьць канцэпцыя канадскіх навукоўцаў, паводле якой моц аўтарытарнага рэжыму варта разглядаць з двух паказьнікаў – ахопу і згуртаванасьці. Дык вось ахоп у беларускага рэжыму шырокі: ён імкнецца кантраляваць кожны лапік тэрыторыі і кожную сфэру грамадзкага жыцьця.

А вось згуртаванасьці ў яго няма. Бо няма ідэалёгіі, якая натхняла б змаганьне за, умоўна кажучы, сьветлую будучыню. І няма эмацыйнага перажываньня, якое гуртавала б чыноўнікаў.

Гэтыя санкцыі зробяць згуртаванасьць беларускіх чыноўнікаў яшчэ меншай. Зразумела, гэта не крытычны ўдар па рэжыме Лукашэнкі. Але гэта другі, па важкасьці, крок пасьля адмены ЭЗ гандлёвых прэфэрэнцый, які ёсьць моцным ціскам на рэжым”.

Карбалевіч: “Наконт слабой згуртаванасьці ці кансалідаванасьці намэнклятуры вакол Лукашэнкі можна паспрачацца. Бо апошнія палітычныя кампаніі ў краіне сьведчаць, што чынавенства згуртаванае, і дае той вынік, якога патрабуе ад яго кіраўнік дзяржавы. Няма ніякіх прыкмет расколу ці хоць трэшчыны ў яго шэрагах”.

Богдан: “Магу спаслацца на меркаваньне палітоляга Лысюка, які сказаў, што намэнклятура не скансалідаваная, а стэрарызаваная. Чыноўнікам не падабаецца гэты рэжым, але яны баяцца кантролю і рэпрэсій”.

Ці зробяць беларускія ўлады захады ў адказ?

Карбалевіч: “Прадстаўніца МЗС Беларусі заявіла, што будуць зроблены захады ў адказ? Гэта рытуальны піяраўскі жэст ці намеры беларускіх уладаў сур’ёзныя? Якімі могуць быць тыя захады?”

Мельянцоў: “Дыпляматы кіруюцца прынцыпам узаемнасьці паводле Венскай канвэнцыі. Калі адна краіна ўводзіць санкцыі, то другая краіна мае права рабіць такія ж захады ў адказ.

Але думаю, гэта будуць кропкавыя і выбарачныя візавыя абмежаваньні. Дачыненьні між Беларусьсю і ЗША даволі напружаныя, аднак бакі абменьваюцца толькі дыпляматычна-рытарычнымі жэстамі”.

Карбалевіч: “Хачу нагадаць: колькі гадоў таму быў скандал з паездкай беларускай дэлегацыі на чале з прэм’ерам Сідорскім на Кубу. Тады ЗША не дазволілі дазапраўкі самалёту на сваёй тэрыторыі. Лукашэнка публічна запатрабаваў увесьці аналягічныя санкцыі ў адказ. Але ніякай інфармацыі пра такія санкцыі няма. Мусіць, усё абмежавалася гучнымі заявамі”.

Богдан: “Хутчэй за ўсё, ніякіх захадаў у адказ ня будзе й цяпер. Тут можна прыгадаць і нядаўнюю заяву Лукашэнкі пра намер разабрацца з амэрыканскімі прадпрыемствамі ў Беларусі. Але ніякіх рэальных крокаў у гэтым кірунку ня зроблена.

Беларусь і ЗША занадта аддаленыя адна ад адной краіны. Акрамя таго, існуюць эканамічныя інтарэсы. Беларусь намагаецца павялічыць пастаўкі ў ЗША мэталюргічных вырабаў. Таму наўрад ці можна чакаць нейкіх радыкальных крокаў у адказ”.

Карбалевіч: “Апошнім часам чутно шмат размоў пра магчымасьць нармалізацыі дачыненьняў афіцыйнага Менску з Захадам. Але доўжаньне і нават узмацненьне палітычных рэпрэсіяў у Беларусі фактычна падрывае такую магчымасьць. Больш за тое, апошняе рашэньне Дзярждэпартамэнту ЗША сьведчыць, што гэтыя дачыненьні нават абвастраюцца”.

• Новыя абмежаваньні на ўезд у ЗША для беларускіх урадоўцаў, 7.08.2007
XS
SM
MD
LG