Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як менчукі ставяцца да новых візавых абмежаваньняў ЗША для беларускіх чыноўнікаў?


Севярын Квяткоўскі, Менск Злучаныя Штаты Амэрыкі пашыраюць сьпіс асобаў, адносна якіх ужываецца спэцыяльная працэдура разгляду заяў на ўезд у ЗША. Дзярждэпартамэнт абмежаваў выдачу візаў для афіцэраў КДБ і МУС у званьні вышэй за падпалкоўніка, супрацоўнікаў ідэалягічных аддзелаў выканкамаў, сяброў выбарчых камісій, а таксама іх сужэнцаў. Як да гэтых абмежаваньняў ставяцца менчукі?

Спадарыня: “Мне абсалютна ўсё роўна. Але калі разважаць на побытавым узроўні, дык гэта глупства. Што гэта дасьць амэрыканцам? Гэта не ўплывае ані на палітыку, ані на іншыя сфэры. Калі адпачынак, дык што – Крым ці Сочы горшыя за Флёрыду? У нас ня горш. У нас нават у Беларусі месцы ёсьць чысьцейшыя і лепшыя, чым дзесьці за мяжой. Маральна не прыемна, што цябе не пускаюць. Гавораць пра свабоду, а самі яе забараняюць. Усё роўна мы будзем жыць па-нашаму”.

Студэнт: “Нашы чыноўнікі мусяць езьдзіць у ЗША. Беларусь мусіць быць вядомай. А то палова амэрыканцаў ня ведае, што такое Беларусь. Забарона азначае, што ЗША ізноў цісьне на Беларусь”.

Студэнтка: “За што змагаліся, на тое й напароліся. Мяркую, усё гэта вельмі сымбалічна. ЗША ўказваюць пэўнае месца. У рэальнасьці гэта нічога ня значыць. Нашы чыноўнікі з такім жа посьпехам могуць езьдзіць на канфэрэнцыю не ў ЗША, а ў Галяндыю альбо Італію. Адпачываць – туды ж. Гэта бясконцая тэма. Часьцей за ўсё, – кухонная. Як гадоў 30 таму”.

Хлопец: “Чыноўнікі самы вінаваты, што нармальна разьвітыя краіны нас адкідаюць”.

Спадар: “Я мяркую, што калі б да забароны далучылася Эўропа, то гэта было б выйсьце. Людзі, якія ў сьпісе… Наўрад ці яны езьдзяць у Амэрыку. А калі летам у іх не атрымаецца паехаць у Турцыю ці Латвію, гэта будзе штосьці сур’ёзнае. А так… Гэта толькі псыхалягічны крок з боку амэрыканцаў”.
XS
SM
MD
LG