Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Канфлікт паміж Грузіяй і Расеяй паглыбляецца


Валер Каліноўскі, Прага Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі абвінаваціў Маскву ў арганізацыі ракетнага нападу на тэрыторыю ягонай краіны 6 жніўня гэтага году і заклікаў міжнародную супольнасьць асудзіць гэтыя дзеяньні. Расея па-ранейшаму абвяргае абвінавачваньні афіцыйнага Тбілісі. Тым часам ЗША і АБСЭ заклікалі абедзьве краіны да стрыманасьці.

МЗС Грузіі сёньня яшчэ раз пацьвердзіў свае абвінавачваньні на адрас Расеі ў тым, што яе самалёты 6 жніўня парушылі грузінскую паветраную прастору і выпусьцілі ракету. Ракета ня выбухнула, але пакінула глыбокі кратэр на полі. Учора прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі асабіста наведаў месца інцыдэнту каля вёскі Цытэлубані, што ў некалькіх кілямэтрах ад Паўдзённай Асэтыі. Ён заклікаў міжнародную супольнасьць да падтрымкі:

"Гэты інцыдэнт зьяўляецца зьвяном аднаго ланцугу падзеяў: кампутэрнай атакі на Эстонію, бамбаваньня грузінскай тэрыторыі ў сакавіку, – якія не сустрэлі жорсткай рэакцыі з боку міжнароднай супольнасьці. Такім чынам людзі, якія гэта робяць, магчыма, адчулі, што ўсё ў парадку, і можна гэта паўтарыць, або ўчыніць нешта яшчэ горшае. Таму мы ўсе павінны разам спыніць іх, пакуль ня позна".

У сакавіку гэтага году, паводле грузінскіх уладаў, расейскія гелікоптэры абстралялі Кандорскую цясьніну. Расея абвергла тыя абвінавачваньні, і дагэтуль яснасьці, хто гэта ўчыніў, няма.

Тым часам расейскі МЗС выступіў з заявай, у якой катэгарычна абвяргае ўсе абвінавачваньні грузінскага боку і выказаў меркаваньне, што Грузія сама магла выпусьціць ракету па сваёй тэрыторыі, каб справакаваць напружанасьць у сэпаратысцкай Паўдзённай Асэтыі.

Намесьнік галоўнакамандуючага ВПС Расеі Анатоль Нагавіцын заявіў, што ў Грузіі няма доказаў, што 6 жніўня ракетная атака была ўчыненая расейскімі самалётамі.

"Такога роду абвінавачаньні патрабуюць доказаў. Пакуль яны не прад''яўленыя, расейскі бок заяўляе, што падобнага роду дзеяньняў, пралётаў нейкіх мы не арганізоўвалі. І не плянавалі".

Тбілісі запрасіў на месца падзеньня ракеты заходніх дыпляматаў і перадаў здымкі і зьвесткі са сваіх радараў у АБСЭ. Тым часам ЗША і АБСЭ выступілі з заявамі, у якіх выказваюць занепакоенасьць інцыдэнтам і заклікаюць абодва бакі ў спрэчцы да стрыманасьці.

Інцыдэнт пагаршае і без таго кепскія дачыненьні паміж Тбілісі і Масквой. Летась Грузія выслала чатырох расейскіх афіцэраў, абвінаваціўшы іх у шпіянажы. У адказ Расея увяла супраць Грузіі эканамічныя санкцыі і выслала сотні грамадзянаў Грузіі, абвінаваціўшы іх у парушэньні візавага рэжыму.


• Грузія сьцьвярджае, што расейскія самалёты ўварваліся ў яе прастору , 7.08.2007
XS
SM
MD
LG