Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Праскі акцэнт": Трафэі "газавай вайны"


Юры Дракахруст, Прага Якая палітычная і эканамічная подбіўка цяперашняга беларуска-расейскага газавага канфлікту? Якія наступствы ён будзе мець для двухбаковых адносінаў і для ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі? Да якіх зьменаў у палітыцы Эўропы можа прывесьці гэты канфлікт? Гэтыя праблемы абмяркоўваюць у “Праскім акцэнце” рэдактар часопісу “АРХЭ” Валер Булгакаў, расейскі незалежны журналіст Вадзім Дубноў і рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Лік адкладзенай гульні

Дракахруст: “Чарговы канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй наконт газавай запазычанасьці калі ня вычарпаны, то, па меншай меры так выглядае, прайшоў самую вострую фазу: Беларусь па загаду Аляксандра Лукашэнкі пачала сплачваць доўг, “Газпром” адклаў скарачэньне паставак на тыдзень. Як заўжды ў такіх выпадках узьнікае “дзіцячае” пытаньне: хто выйграў, а хто прайграў? А дакладней, хто ў чым выйграў, а хто ў чым прайграў?”

Дубноў: “Ну, гульня адкладзеная. Яна будзе працягвацца і праз тыдзень, і праз паўгода, бо гэты рытм зададзены даўно. Можна падводзіць толькі папярэднія вынікі. Расея не прайграла, бо для яе гэтая гульня ў прынцыпе бяспройгрышная. Але і выйграць яна яе ня можа, бо насуперак агульнаму перакананьню, адносіны Расеі і Беларусі – гэта адносіны не падпарадкаваньня, а сымбіёзу. Таму Расея, зыходзячы з памылковай канцэпцыі, зьніжае свае шанцы на посьпех у адносінах як зь Беларусьсю, гэтак і з Украінай.

В. Дубноў: Адносіны Расеі і Беларусі – гэта адносіны не падпарадкаваньня, а сымбіёзу”.
Што тычыцца Беларусі, то зрухі таксама невялікія. Мне здаецца, што Лукашэнка сьвядома ішоў на гэты канфлікт. Ён зандаваў глебу, зандаваў настроі ў Расеі і на Захадзе. І калі ягонай мэтай было высьветліць пазыцыі, то нейкія ачкі ён набраў”.

Дракахруст: “Аляксандар Класкоўскі, на працягу некалькіх тыдняў беларускі бок заяўляў, што ня мае чым плаціць за газ, пакуль ня можам і ня будзем плаціць. А як "Газпром" прыгразіў скараціць пастаўкі, дык высьветлілася, што ёсьць чым плаціць. Гэта параза ці ў гэтай сытуацыі ёсьць нейкія іншыя аспэкты?”

Класкоўскі: "Наконт пытаньня, ці было чым плаціць. Паколькі грошы пайшлі і, пэўна, будзе аплачаная ўся сума, то высьвятляецца, што грошы ў краіне ёсьць. Таму, думаю, тут быў разьлік максымальна зацягнуць тэрміны платы. Тут, мяркую, быў момант такой сялянскай хітрасьці (мы ж нацыя сялянская) – прыхаваць на ўсялякі выпадак, каб меней аброку плаціць, каб меней садралі скураў. Як ня дзіўна, абодва бакі дасягнулі сваіх тактычных мэтаў.

А. Класкоўскі: Бугальтарская працэдура аддаваньня грошай была ператвораная ў яскравую піараўскую акцыю”.
Масква хацела грошай, яна іх атрымала. Але атрымала ў такім выглядзе, што ў сэнсе піару выйграў і беларускі кіраўнік, бо банальная аплата доўгу ператварылася ў драматычны спэктакль, тут шугалі шэксьпіраўскія жарсьці. Усё гэта выглядала так: "Наце, бярыце, задушыцеся, калі вы такія ненажэрныя алігархі і вам усё мала". Гэта ўсё было агучана беларускім кіраўніком 2 жніўня падчас сустрэчы з журналістамі "Советской Белорусии". Бугальтарская працэдура аддаваньня грошай, прапісаная ў розных сумных паперах, была ператвораная ў яскравую піараўскую акцыю. Яе мэты: першае, згуртаваць нацыю вакол правадыра, бо ён абараняе ад гэтага націску з Усходу, другое – гэта вельмі зручная нагода потым павесіць усіх сабак на Маскву. І скасаваньне ільготаў, і нейкія наступныя непрыемныя рэчы кшталту падвышэньня тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі,– усе гэта заднім лікам можна будзе сьпісаць на Расею".

Дракахруст: "Валер Булгакаў, навошта вакол такой, як сказаў Аляксандар, бугальтарскай працэдуры (прыйшоў час плаціць – трэба заплаціць) былі разыграныя такія жарсьці?"

Булгакаў: "Я б хацеў акрэсьліць каротка- і доўгатэрміновыя мэты бакоў. У гэтай сытуацыі Крэмль кіраваўся як першымі, гэтак і другімі. Кароткатэрміновыя дасягнутыя ці набліжаюцца да дасягненьня – чарговы транш аплаты за пастаўкі расейскага газу ў Беларусь выбіты і ёсьць высокая імавернасьць, што ён будзе выплачаны калі не праз тыдзень, то хутка. Але ў энэргетычнай сфэры безумоўна мэта Крамля ня ёсьць проста рэгулярная выплата грошай за пастаўкі газу ў Беларусь, а дасягненьне стратэгічнага кантролю над энэргетычнай сыстэмай, найперш над "Белтрансгазам".
В. Булгакаў: "Белтрансгаз" зьяўляецца своеасаблівай Брэсцкай крэпасьцю – калі яе здаць, то за гэтым пачнецца неабарачальная здача ўсіх стратэгічна важных аб''ектаў беларускай эканомікі”.
Бакі так нэрвова паводзілі сябе, ужывалі рыторыку з перахлёстам, асабліва гэта тычыцца прэзыдэнта Лукашэнкі, бо як і ў Менску, гэтак і ў Масквы ёсьць сур''ёзныя сумневы, што перадача "Белтрансгазу" пад стратэгічны кантроль Расеі сапраўды адбудзецца ў 2011 годзе. Так што з пункту гледжаньня доўгатэрміновых трэндаў інтрыга застаецца, драматургія застаецца. Абодва бакі, найперш беларускі бок, робяць усё, каб захаваць шляхі для адыходу і вяртаньня да status quo, якое існавала да канца 2006 году. Лукашэнка ўпершыню публічна прызнаўся, што за гэтым эпізодам з пастаўкамі газу крыецца шырэйшая расейская стратэгія ўсталяваньня кантролю над беларускай эканомікай. Менавіта пра гэта ён заявіў падчас наведваньня рэдакцыі "Советской Белоруссии".

Гэтую заяву можна інтэрпрэтаваць такім чынам, што "Белтрансгаз" зьяўляецца своеасаблівай Брэсцкай крэпасьцю – калі яе здаць, то за гэтым пачнецца неабарачальная здача ўсіх стратэгічна важных аб''ектаў беларускай эканомікі. І ў доўгатэрміновай пэрспэктыве захоўваецца няпэўнасьць. Мне здаецца, што расейцы перабольшваюць няздольнасьць лукашэнкаўскага рэжыму камунікаваць з міжнароднай супольнасьцю. Яны зыходзяць з таго, што беларускі рэжым прысуджаны быць павернутым толькі на Ўсход".

Эўропа: трэці, як радуецца, ці трэці, які сумуе?

Дракахруст. : "Валер ўжо пачаў размову пра трэціх "лішніх" у гэтым канфлікце. Літаральна ў дзень, калі “Газпром” заявіў аб скарачэньні паставак з 3 жніўня, Эўразьвяз недвухсэнсоўна заявіў пра сваю зацікаўленасьць у тым, каб канфлікт быў вырашаны як мага хутчэй. Але ня выключана, што за кулісамі дзеяньня Эўразьвяз адстойваў сваю пазыцыю значна больш энэргічна і значна менш дыпляматычна. Якой, на Ваш погляд, была роля Эўропы ў гэтым канфлікце? Вадзім, Вам слова.”

Дубноў: “Мне здаецца, што ролю Эўропы тут ня варта перабольшваць. Рэакцыя была даволі дзяжурнай. Эўропа пачынае прызвычайвацца да гэтых праблемаў. Там разумеюць, што гэта не апошні канфлікт такога кшталту паміж Расеяй і транзытнымі краінамі.

Эўропа проста пазначыла сваю пазыцыю, на што яе ўласна правакаваў Лукашэнка. Для яго важнае пытаньне не 460 мільёнаў даляраў, а значна больш сур’ёзных ставак. Справа не ў аплаце таннага газу за першыя 6 месяцаў году, а ў вялікай схеме, якая была пакутліва выпрацаваная напачатку году. І для Масквы было відавочна, што збой у аплаце паўгадовага доўгу – гэта падрыхтоўка да разбурэньня гэтай схемы наагул.
В. Дубноў: Лукашэнка зараз думае не пра гэты чэрвень, а пра той час, калі давядзецца аддаваць палову "Белтрансгазу”.
Адсюль уся гэтая нэрвовасьць. І Лукашэнка зараз думае не пра гэты чэрвень, а пра той час, калі давядзецца аддаваць палову "Белтрансгазу". І яму ўжо зараз трэба разумець, якія будуць суадносіны сілаў у той вырашальны момант. Таму ён справакаваў Эўропу і Расею на гэты канфлікт, каб зразумець, як зараз гэтыя сілы разьмяркоўваюцца.

Мне здаецца, што для яго адказ быў задавальняючы. Бо Эўропа, пры ўсім сваім нэўтральным стаўленьні, асноўныя папрокі ўсё ж адрасавала Маскве, што ўскосна ўчора прызнаў расейскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў. І ў гэтым сэнсе можна сказаць, што Лукашэнка сваёй мэты дамогся”.

Дракахруст: "Я б хацеў зьвярнуць увагу на яшчэ адно магчымае наступства канфлікту, на якое, з дыямэтральна рознымі ацэнкамі, зьвярнулі ўвагу ў камэнтарах нашаму радыё расейскія і польскія экспэрты. Эўропа ў чарговы раз сутыкаецца зь нейкім канфліктам на Ўсходзе, які нясе рызыку, што Эўропа недаатрымае газ. І ці не атрымаецца так, што для Эўропы ўсё больш патрэбным робіцца пабудова газаправода па дне Балтыйскага мора, каб застрахавацца ад гэтай нестабільнасьці? Валер, як Вы мяркуеце? "

В. Булгакаў: Геапалітычнымі партнэрамі Лукашэнка ўважае Вэнэсуэлу і Кітай.
Булгакаў: "Я ня без задавальненьня хацеў бы канстатаваць, што Эўропа ня ёсьць нейкім суцэльным палітычным гульцом ці суб''ектам. Таму што датычыць "Паўночнага патоку", то ў гэтым пытаньні эўрапейскія эліты дагэтуль захоўваюць вялікае рознагалосьсе. Прыкладна месяц таму зьявілася калектыўная дэклярацыя ўрадаў балтыйскіх краінаў і Польшчы з заклікамі да нямецкага ўраду пракласьці "Паўночны паток" не па дне Балтыйскага мора, а праз тэрыторыі гэтых краінаў. Эўразьвяз ускосна дэтэрмінаваў гэты канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй, але гэтая дэтэрмінацыя ўскосная.

Расея пачала радыкальна пераглядаць сваю энэргетычную палітыку пасьля краху рэжыму Кучмы. Да 2004 году Расея досыць безаглядна спансаравала карумпаваныя аўтарытарныя рэжымы заходняй часткі былой савецкай прасторы, спадзеючыся такім чынам захаваць над імі кантроль. Я мяркую, што Лукашэнка разумее, што Крэмль перагледзеў сваю пазыцыю ў тым ліку і пад уплывам эўрапейскай падтрымкі ўкраінскіх дэмакратычных сілаў. Ня думаю, што ён гэта даруе такім эўрапейскім гульцам, як Літва і Польшча. І нягледзячы на ягоныя заявы, што беларускае малако будзе пастаўляцца на эўрапейскія рынкі, нібы то там малака мала і цэны на яго вялікія, геапалітычнымі партнэрамі ён уважае Вэнэсуэлу і Кітай. Вэнэсуэла ў гэтым сэнсе вельмі карысны прыклад, бо рэжым Уга Чавэса спансаруе Куба прыкладна ў тых жа памерах, як гэта рабіў СССР да 1991 году. Паводле падлікаў амэрыканскіх экспэртаў, Вэнэсуэла штогод датуе кубінскую эканоміку сумай ад мільярда да 2 мільярдаў даляраў. Я думаю, што акурат гэты досьвед Лукашэнка меў у галаве, калі казаў пра разварот у бок гэтай лацінаамэрыканскай краіны”.

Дракахруст: "Аляксандар, а як Вы лічыце, ці ня можа гэты канфлікт яшчэ больш умацаваць намер краінаў старой Эўропы: Нямеччыны, Францыі, праз пабудову Паўночнага патоку застрахаваць сябе ад канфліктаў, якія літаральна кожныя паўгода разгараюцца на ўсходзе Эўропы?"

А.Класкоўскі: Эўразьвяз рэагуе заявай, ад якой нічога не мяняецца.
Класкоўскі: "Я хачу зазначыць, што гэтым разам рэакцыя Эўропы сапраўды была даволі дзяжурнай. Было адчуваньне , што да яшчэ адной газавай вайны ня дойдзе, што ўсё скончыцца нейкім перамір’ем. Прабачце за параўнаньне, але кожны раз, калі арыштоўваюць сябраў "Маладога Фронту" , Эўразьвяз рэагуе падобнай заявай, ад якой нічога не мяняецца. ЭЗ выказаў заклапочанасьць і ня болей. Але і з гэтай заходняй рэакцыі беларускі бок атрымаў пэўны піарны плён. Беларускае тэлебачаньне старанна настрыгла цытаты з заходняга друку, менавіта тых, дзе ёсьць закіды ў бок Крамля.

Але калі глядзець у пэрспэктыву, то тут ёсьць вельмі трывожныя і небясьпечныя для Беларусі рэчы. Сапраўды, такая недальнабачная палітыка прыводзіць да таго, што як трапна сказаў адзін аналітык, "скрыўляюцца натуральныя геапалітычныя лініі". Гаворачы пра гэтыя трубы ў абыход, варта прыгадаць ня толькі праз Паўночны, але і пра Паўдзённы паток праз Чорнае мора. З двух бакоў новыя транзытныя шляхі абыходзяць Беларусь і яшчэ аднаго капрызнага транзыцёра – Украіну. А зараз гэты працэс каталізуецца, бо Расея зацікаўленая ў тым, каб ня мець клопату з такімі непрадказальнымі транзыцёрамі, і Эўропа гэта разумее і ідзе насустрач. І пры том, што Эўропа дастаткова шматаблічная, пад гэтым "парасонам" энэргетычнай бясьпекі яны імкнуцца знайсьці кансэнсус”.

Мір ці перамір’е?

Дракахруст: “А зараз я прапаную зноў вярнуцца ў кантэкст беларуска-расейскіх адносінаў і спрагназаваць, як гэты канфлікт адаб’ецца на двухбаковых адносінах? Як ён паўплывае на перадвыбарчую кампанію ў Расеі, у якой КПРФ абрала ў якасьці перадвыбарчага брэнду выявы Чавэса, Кастра і Лукашэнкі? Вадзім Дубноў, вам першаму пытаньне.”

Дубноў: “Я ня думаю, што тут трэба чакаць нейкіх зьменаў таго вэктару, які быў вызначаны яшчэ ў 2000 годзе ў сувязі з прыходам Пуціна. Даўно пастаўлены крыж на саюзнай дзяржаве, на любой магчымай інтэграцыі. І таму ўсё, зьвязанае зь Беларусьсю, мае і будзе мець выключна тактычны характар. Беларускія матывы могуць выкарыстоўваць камуністы. Але я ня думаю, што гэта будзе колькі-небудзь адчувальным сюжэтам перадвыбарчай кампаніі. Што тычыцца стратэгічных плянаў, то мне здаецца , што Масква толькі зараз пачынае разумець, што яна безнадзейна спазьнілася са спробамі ўплыву на Беларусь. У інтарэсе Расеі да Беларусі ёсьць два ўзроўні. Першы – энэргетычная праграма, гэта праект улады. Умоўна яго можна азначыць як зацікаўленасьць у "Белтрансгазе". І ёсьць зацікаўленасьць у беларускім нафтакомплексе, у беларускай прамысловасьці, якую мае ня ўлада, а падкантрольныя ўладзе бізнэс-эліты.
В. Дубноў: “Масква толькі цяпер пачынае разумець, што яна безнадзейна спазьнілася са спробамі ўплыву на Беларусь”
Гэтыя эліты і ўлада дзейнічалі ўзгоднена, у чым была і моц, і слабасьць. Моц палягала ў канцэнтрацыі сілаў, слабасьць у тым, што блякаваньне высілкаў адных блякавала высілкі іншых. Я думаю, што Лукашэнку тут дастаткова проста спыніць расейскія амбіцыі. Расея не атрымае нічога – ані "Белтрансгазу", ані Мазырскага і Наваполацкага НПЗ. Гэтая ўстаноўка, якую Лукашэнка маскіраваў у студзені сёлета, зараз робіцца цалкам відавочнай. І Расея пачынае гэта разумець. І таксама разумець, што гэты сымбіёз – доўгачасовы, і што трэба будаваць адносіны праз такія рэгулярныя паўгадавыя крызысы. Лукашэнка вельмі добра выкарыстоўвае Расею. Калі першыя гады ён выкарыстоўваў Расею як саюзьніка, то зараз у піяраўскім пляне будзе выкарыстоўваць яе як праціўніка. І зноў жа выйграе. Але, па вялікім рахунку, тут няма нічога новага. Тут усё адбылося і паўгода таму, і год таму. І зараз мы назіраем разьвіцьцё гэтых зьменаў і іх інстытуцыялізацыю”.

Дракахруст: “Вядомы нямецкі аналітык Аляксандар Рар у камэнтары для нашага радыё выказаў меркаваньне, што зь любым пераемнікам Пуціна Лукашэнку будзе дамаўляцца цяжэй, чым з Пуціным. Вы згодны з такой ацэнкай?”

Дубноў: “Для Лукашэнкі гэтая праблема існуе. Але я думаю, што сытуацыя з Расеяй для яго ня будзе горшай, чым тая, якая ёсьць сёньня. Ягоная праблема будзе палягаць толькі ў тым, што яму давядзецца крыху перабудаваць рыторыку, але, як у 2008 годзе, нічога прынцыпова ня зьменіцца ў расейскай палітыцы, гэтак жа прынцыпова нічога ня зьменіцца на восі Расея – Беларусь”.

Булгакаў: "Калі мы гаворым пра патэнцыйны ўплыў таго, што КПРФ зьбіраецца выкарыстоўваць выявы Чавэса, Кастра і Лукашэнкі ў перадвыбарчай агітацыі на думскіх выбарах, мы тым самым прызнаемся, што не да канца разумеем расклад сілаў на цяперашняй расейскай палітычнай сцэне. Там КПРФ імкліва ператвараецца ў маргінальную арганізацыю, якая да таго ж нішчыцца пракрамлёўскімі праектамі накшталт "Справедливой Росии". Я б тут пагадзіўся з Вадзімам Дубновым у ягонай стратэгічнай ацэнцы расейскай выбарчай кампаніі. Стаўка – не парлямэнцкія выбары, стаўка – пераемнасьць вышэйшай улады падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі.
В. Булгакаў: “Гэты message афармляецца пры дапамозе папулісцкай рыторыкі, якая можа вылезьці бокам спадару Лукашэнку, бо рэдка які кіраўнік на постсавецкай прасторы выкарыстоўвае такія выяўленчыя сродкі, якія выкарыстоўвае беларускі прэзыдэнт”
Асноўны message Лукашэнкі палягае ў тым, што незалежна ад таго, хто будзе наступнікам Пуціна, ці сам Пуцін будзе наступнікам Пуціна, беларускі бок ня зьменіць стратэгічных падыходаў што да захаваньня кантролю над беларускай эканомікай у цэлым і энэргетычнай сыстэмай у прыватнасьці. Гэты message афармляецца пры дапамозе папулісцкай рыторыкі, якая можа вылезьці бокам спадару Лукашэнку, бо рэдка які кіраўнік на постсавецкай прасторы выкарыстоўвае такія выяўленчыя сродкі, якія выкарыстоўвае беларускі прэзыдэнт. Што тычыцца меркаваньня Аляксандра Рара, што любы наступнік Пуціна будзе горшым за Пуціна для Лукашэнкі, я б хутчэй згадзіўся са спадаром Рарам, чымсьці са спадаром Дубновым. Бо калі ў Расеі адбудзецца ратацыя чалавека, які займае прэзыдэнцкую пасаду, то Беларусь апынецца ў коле варожых дэмакратый ці квазідэмакратый, прынамсі ў коле дзяржаваў, дзе пасада вышэйшага кіраўніка дзяржавы ратуецца рэальна, а не як у Беларусі – фармальна. Гэта будуць непатрэбныя для Лукашэнкі палітычныя і псыхалягічныя выдаткі.

Класкоўскі: "Калі перафразаваць назву вядомай кінастужкі – Апакаліпсіс ня сёньня. То бок у стасунках паміж Менскам і Масквой будзе ў агляднай пэрспэктыве захоўвацца няўстойлівы дынамічны балянс. У некаторых аналітыкаў зьявілася вэрсія, што, маўляў, Пуцін ня хоча перадаваць беларускую праблему наступніку ў яе цяперашнім выглядзе. Вы разумееце, што маецца на ўвазе.
А. Класкоўскі: “Калі перафразаваць назву вядомай кінастужкі – Апакаліпсіс ня сёньня. То бок у стасунках паміж Менскам і Масквой будзе ў агляднай пэрспэктыве захоўвацца няўстойлівы дынамічны балянс”
Але замяніць тут уладу ня так проста, як здаецца. Хай вялікая і магутная Расея, і нейкія сцэнары і нават жаданьне, мусіць, ёсьць. Але як гэта зрабіць? Сюды ж не ўвядзеш танкі Таманскай дывізіі, ня высадзіш дэсантнікаў Пскоўскай дывізіі. Эканоміку так хутка абваліць – таксама не атрымаецца. На 4 гады наперад расьпісалі формулу падвышэньня коштаў, да таго ж, як любіць казаць Аляксандар Лукашэнка, ёсьць пэўны тлушчык у эканоміцы. Можна ўзяць крэдыты, ёсьць жа Ўга Чавэс і іншыя добрыя людзі. Можна, нарэшце, пакрысе прадаваць гэтае "фамільнае срэбра" – ласыя кавалкі ўласнасьці. Карацей, на некалькі гадоў яшчэ можна расьцягнуць функцыянаваньне гэтай мадэлі. Зь іншага боку, у гэтай сёньняшняй рыторыцы ёсьць пэўны плюс. Як засьведчыла незалежная сацыялёгія, пасьля апошняй зімовай нафтагазавай вайны вельмі выразна вызначылася заканамернасьць – зьніжаюцца інтэграцыйныя настроі і ўзмацняюцца незалежніцкія. Калі адкінуць крыўды старых незалежнікаў, якія столькі гадоў за гэта змагаліся (а зараз іх выпіхнулі з гэтай нішы, а ўсю іх рыторыку ўлада прысабечыла і нават дзякуй не сказала), дык вось калі гэта адкінуць, можна сказаць, што ў такой тэндэнцыі росту незалежніцкіх настрояў ёсьць станоўчы момант".

Газавы крызыс як люстра беларускай эвалюцыі

Дракахруст: "Аляксандар, вы ўжо пачалі адказваць на наступнае пытаньне – пра ўплыў гэтага крызысу. Вы можаце падрабязьней сказаць, які ён будзе, як ён адаб’ецца на беларускай грамадзкай думцы і на настроях беларускай намэнклятуры?”

Класкоўскі: "Намэнклятура запалоханая. І калі вяртацца да размовы пра нейкія сцэнары Крамля, то спадзевы на намэнклятурны палацавы пераварот таксама даволі прывідныя. Сэрыя апошніх кадравых "ракіровак", нават пасадак, гэта вельмі выразнае пасланьне – што будзе калі хтосьці толькі рыпнецца. Каб усе сядзелі, як мыш пад мятлой. І намэнклятура гэта выдатна разумее, што ня тая сытуацыя, каб рыпацца. Яна б рыпнулася, калі б народ выйшаў на вуліцу, і на думку намэнклятуры, трэба было б быць дурнем, каб абараняць гэтую сыстэму. Але да гэтай сытуацыі далёка, па-першае, таму, што ёсьць пэўныя рэзэрвы ў эканоміцы, а па-другое, з прычыны мэнтальнасьці беларусаў – яны доўга могуць сядзець на дробненькай бульбачцы і ня рыпацца.
А. Класкоўскі: “Намэнклятура рыпнулася б, каб народ выйшаў на вуліцу, і, на думку намэнклятуры, трэба было б быць дурнем, каб абараняць гэтую сыстэму”
Наша доўгая пакутлівая гісторыя навучыла, што ўсялякія забурэньні толькі да горшага прыводзяць. Ну і нарэшце – такі чыньнік, як аб''ектыўная слабасьць апазыцыі. Яна ў сваёй шкарлупіне замыкаецца, праводзіць свае кангрэсы, выпрацоўвае нейкія стратэгіі, а калі даходзіць да канкрэтных, выйгрышных ў піяраўскім пляне момантаў... Вось глядзіце – скасаваньне льготаў. Яны праз паўгода прызначылі нейкія акцыі, на восень, калі ўсе ўжо забудуць пра гэтыя льготы. Аляксандар Мілінкевіч паспрабаваў адрэагаваць заявай на цяперашні газавы крызыс, аднак зараз, скажам, у інтэрнэце пайшлі даволі іранічныя камэнтары, бо там усё даволі няўклюдна, крыху ўтрыруючы – адзінае выратаваньне для Беларусі – Лукашэнку сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй. То бок апазыцыя не пасьпявае за хадой падзей, ня можа апэратыўна арыентавацца і ў гэтым сэнсе спадзявацца, што восеньскія вулічныя акцыі будуць пераломнымі, не выпадае. Тут трэба арыентавацца на доўгатэрміновую пэрспэктыву. Растуць незалежніцкія настроі ў грамадзтве і высьпяваюць тыя чыньнікі, якія міжволі прымусяць уладу наступаць на горла ўласнай песьні ў сэнсе вось гэтага дырыжорскага кіраваньня эканомікай. А эканоміка, калі пойдуць зрухі і вымушаныя рэформы, усё расставіць па палічках, бо яна непазьбежна прыводзіць і да палітычных зьменаў".

Дубноў: “Я мяркую, што прынцыповых наступстваў для ўнутрыбеларускай сытуацыі гэта таксама мець ня будзе. Лукашэнка зараз працягвае выбіваць глебу з-пад ног дэмакратычнай апазыцыі. Што ёй застаецца? Апаніраваць Лукашэнку ў ягонай антырасейскай рыторыцы? Гэта было б дзіўна для апазыцыі. Яна, дарэчы, спрабуе гэта рабіць, але ў яе атрымліваецца зусім нехлямяжа, тут яна можа толькі прайграць. Згаджацца з Лукашэнкам і падтрымліваць яго ў ягоных сувэрэнных настроях? Гэта таксама бессэнсоўна і бясплённа. Што да сіл, для якіх была б арганічнай лінія на працяг інтэграцыі з Расеяй, тых жа самых камуністаў, то апазыцыйныя камуністы на гэта аднаасобна ня пойдуць, а калі пойдуць, то будуць занадта слабымі. Ніякіх палітычных сіл, якія маглі б апаніраваць Лукашэнку і паўплываць на яго гульню, я ў Беларусі ня бачу.
В. Дубноў: “І намэнклятура, і апазыцыя, і, дарэчы, Расея і Захад даўно зьмірыліся з тым, што трэба проста чакаць, пакуль скончыцца эпоха Лукашэнкі”
Што тычыцца намэнклятуры, то, як слушна сказаў Аляксандар, яна можа актывізавацца, калі ўбачыць нейкі вулічны імпульс. Але ў гэты імпульс я ня надта веру. Давесьці менскіх рабочых да стану выхаду на плошчу – мяркую, што Лукашэнка гэтага не дапусьціць, пэўныя рэсурсы ў яго ёсьць, у тым ліку і рэсурсы правядзеньня больш жорсткай палітычнай і эканамічнай лініі. І такая больш жорсткая палітыка цалкам магчымая. Мне здаецца, што і намэнклятура, і апазыцыя, і, дарэчы, Расея і Захад даўно зьмірыліся з тым, што трэба проста чакаць, пакуль скончыцца эпоха Лукашэнкі. Да яго зыходу, мяркую, ніхто ня будзе чакаць і правакаваць больш-менш істотныя зьмены”.

В. Булгакаў: “Сёлета , асабліва напярэдадні сутыкненьня з Расеяй, мне не даводзілася чуць папулісцкіх заяваў наконт падвышэньня заробкаў беларусаў да 2010 году да ўзроўню 750 даляраў, як гэта было напярэдадні леташніх прэзыдэнцкіх выбараў”
Булгакаў: "Пакуль у Беларусі ракой не льецца кроў і падвышаецца дабрабыт, хаця б такім сымбалічным маштабе, як сёлета, датуль сур’ёзных прычынаў для ўнутранай дэстабілізацыі ня будзе. Але ўсясьветны досьвед паказвае, што аўтарытарныя сыстэмы кшталту лукашэнкаўскай, могуць весьці ня толькі да дабрабыту, але і да зьбядненьня. У магчымай няздольнасьці выконваць той сацыяльны кантракт паміж грамадзтвам і рэжымам, які пакладзены ў аснову стабільнасьці лукашэнкаўскага рэжыму – якраз у гэтым я бачу пэўную фрустрацыю з боку вышэйшых беларускіх кіраўнікоў. Сёлета, асабліва напярэдадні сутыкненьня з Расеяй, мне не даводзілася чуць папулісцкіх заяваў наконт падвышэньня заробкаў беларусаў да 2010 году да ўзроўню 750 даляраў, як гэта было напярэдадні леташніх прэзыдэнцкіх выбараў. Аўтарытарны рэжым, з прычыны сваіх асаблівасьцяў, перш за ўсё з прычыны “недамоваздольнасьці”, можа тут спудлаваць і, пачынаючы зь нейкага пэрыяду часу, перастаць працаваць на пад''ём. І канфлікты кшталту цяперашняга могуць выбіць глебу з-пад сацыяльных кантрактаў і гэтага трэнду нам падвышэньне дабрабыту. Цяперашні беларускі рэжым насамрэч бедны. Акрамя тэхнакратычнага ідэалу падвышэньня дабрабыту і набіваньня жыватоў прадуктамі харчаваньня. Ён наадварот падаўляе тую актыўнасьць, якая спрабуе надаць нацыянальнай ідэі нейкае духоўнае вымярэньне".
XS
SM
MD
LG