Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пэкіне давядзецца “падбіраць” мэдалі пасьля кітайцаў


Ігар Карней, Менск Сёньня ў Пэкіне пачаты адлік часу, што застаўся да XXIX летніх Алімпійскіх гульняў. 8 жніўня 2008 году а 8-й вечара на 90-тысячным Дзяржаўным стадыёне кітайскай сталіцы адбудзецца цырымонія адкрыцьця Алімпіяды. Як рыхтуюцца да Алімпіяды беларускія спартоўцы?

Канчатковы склад беларускай нацыянальнай зборнай, якая выправіцца ў Пэкін, стане вядомы праз год, у ліпені 2008-га. Да першай паловы наступнага году адбор алімпійцаў будзе праходзіць на чэмпіянатах сьвету, Эўропы і спэцыяльных кваліфікацыйных турнірах.

Пэкін-2008: загадзя кітайскі трыюмф?

Лёс традыцыйна моцных беларускіх гімнастаў, у якой знакавымі асобамі былі Віталь Шчэрба ды Іван Іванкоў, вырашыцца ў першай дэкадзе верасьня ў нямецкім Штутгарце. Але, бадай, упершыню за апошнія гады штаб каманды хвалюецца, што можа ня трапіць на галоўныя старты чатырохгодзьдзя. Гаворыць галоўны трэнэр каманды Віктар Дойлідаў: “Сёлета завяршыў выступаць Ваня Іванкоў, і ў нас цяпер, шчыра вам кажу, без Іванкова каманда нашмат слабейшая. Таму цяпер у мяне ўсе думкі зьвязаны з маючым адбыцца чэмпіянатам сьвету. Абавязкова трэба патрапіць у лік 12 наймоцных, каб цалкам камандай трапіць на Алімпійскія гульні. Гэта самая важная задача. Што тычыцца Алімпіяды, то мне падаецца, на гэтых Гульнях (я гляджу й па іншых відах спорту) вельмі грунтоўна рыхтуюцца гаспадары – кітайцы. І мне чамусьці здаецца, што гэта будзе іхная Алімпіяда. Нават зборнай ЗША ў агульнакамандным першынстве з кітайцамі будзе змагацца цяжка”.

Возьмем тое, што пакінуць кітайцы

У лік кандыдатаў на паездку ў Пэкін яшчэ два гады таму былі выбраны 300 беларускіх спартоўцаў у 25 відах. Летась прэтэндэнтаў на месца ў алімпійскім складзе падзялілі на дзьве групы – “А” і “Б”. Першая цяпер налічвае 168 чалавек у 23 дысцыплінах. Гэта атлеты, рэальна здольныя змагацца за мэдалі і месцы ў заліковых васьмёрках. Як падкрэсьліваюць у Нацыянальным алімпійскім камітэце (НАК), перадусім для гэтых атлетаў створаны максымальна добрыя ўмовы. Аднак, як цьвердзіць віцэ-прэзыдэнт НАК Аляксандар Мядзьведзь, прагнозаў у супрацьстаяньні з гаспадарамі Алімпіяды цяпер не дае ніводная спартовая фэдэрацыя: “Ну, дастанецца, вядома ж, нешта. Але кітайцы сваё возьмуць – ніхто не сумняецца. Тым больш, дома. А чаго не адолеюць, – разьбяруць астатнія. Ведаю, што нават у такіх “не кітайскіх” відах, як барацьба, у іх зьяўляюцца спартоўцы, і ў цяжкай атлетыцы, гімнастыцы, плаваньні. Ведаю, што нямецкія спэцыялісты туды актыўна паехалі. Кітайцы ўвогуле вельмі шмат высокакваліфікаваных адмыслоўцаў пераманілі. Менавіта каб узьняць узровень да Алімпіяды. Дый, з іншага боку, з такой вялікай колькасьці людзей, як у іх, заўсёды можна выбраць таленавітых. Астатнія так ці інакш паадсейваюцца. То бок, цяпер вельмі значны ідзе сэлекцыйны адбор. Таму я перакананы: Алімпіяда будзе надзвычай цікавай. Але яшчэ год наперадзе. І дай Божа, каб яны ўсё завяршылі ў тэрмін. Падаецца, што так усё й будзе”.

Ці везьці у Пэкін спартоўцаў-турыстаў

Пакуль няма адзінага меркаваньня, колькі ўрэшце спартоўцаў мусяць абараняць гонар Беларусі ў Пэкіне. Так, намесьнік прэм’ер-міністра Аляксандар Касінец заявіў, што ў Кітай выправяцца 250 атлетаў. Міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў лічыць, што вазіць загадзя вядомых аўтсайдэраў нямэтазгодна дый занадта дорага. І прапанаваў сьпіс са 170 чалавек, якія паказваюць стабільна высокія вынікі на міжнароднай арэне. Чыноўнікі НАК схільныя лічыць, што трэба спыніцца на “залатой сярэдзіне” і ўсё ж “абкатаць” пэрспэктыўную моладзь з прыцэлам на будучыню. За год да пачатку Алімпійскіх гульняў павялічваецца колькасьць палітычных патрабаваньняў да афіцыйнага Кітаю. ЗША пагражаюць Алімпіядзе байкотам: у Палату прадстаўнікоў Кангрэсу ўнесены дзьве рэзалюцыі з патрабаваньнем афіцыйнага байкоту. З тае прычыны, што ў Кітаі парушаюцца правы чалавека і Пэкін падтрымлівае дыктатарскія рэжымы ў Паўночнай Карэі і Судане. Падобныя заявы агучвала і Францыя. Аднак афіцыйныя ўлады Кітаю называюць такія абвінавачаньні неабгрунтаванымі.



Паводле стану на 1 жніўня, за год да Алімпіяды ў Пэкіне, прадстаўнікі Беларусі заваявалі 73 ліцэнзіі ў 6 відах спорту: у лёгкай атлетыцы, плаваньні, кулявой стральбе, парусным спорце, скачках у ваду і ў веласпорце.
XS
SM
MD
LG