Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці атрымае Беларусь вэнэсуэльскі крэдыт?


Алена Струвэ, Менск Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс ў часе прэсавай канфэрэнцыі ў аргентынскай сталіцы Буэнас-Айрэсе, дзе ён знаходзіцца з рабочым візытам, пацьвердзіў журналістам, што ягоны беларускі калега Аляксандар Лукашэнка зьвяртаўся да яго з просьбай аб крэдыце.

“Мы разглядаем гэтую просьбу і заўсёды па магчымасьці дапамагаем сваім сябрам”, -- заявіў вэнэсуэльскі кіраўнік.

Паводле інфармацыі, якую распаўсюдзілі сёньня шэраг інфармацыйных агенцтваў, Чавэс таксама адзначыў, што Беларусь і Вэнэсуэла адчуваюць пастаянныя напады і агрэсію з боку ЗША.

Амбасада Вэнэсуэлы ў Менску пакуль афіцыйна не пацьвярджае інфармацыі пра крэдыт для Беларусі.

Тым часам сёньняшняя нямецкая Junge Welt прыводзіць словы вэнэсуэльскага міністра фінансаў Радрыга Кабезаса, што просьба Лукашэнкі прынятая да ўвагі. Кабезас таксама адзначыў, што ягонае ведамства пакуль не праінфармаванае пра пытаньне ў дэталях. Гэтым зараз займаецца Міністэрства замежных справаў Вэнэсуэлы.

Як піша Junge Welt, пытаньне вэнэсуэльскага крэдыту для Беларусі не з’яўляецца чымсьці надзвычайным. Апошнім часам Менск і Каракас наладзілі цеснае эканамічнае супрацоўніцтва, у тым ліку і ваеннае. Знаходзячыся ў чэрвені ў Менску, Уга Чавэс назваў Аляксандра Лукашэнку “баявым таварышам”. Сярод праектаў Менску і Каракасу – сумесны інвэстыцыйны фонд у памеры 500 мільёнаў даляраў. Акрамя таго, Вэнэсуэла зьбіраецца набыць ў Беларусі зброю коштам у 1 мільярд даляраў, – нагадвае нямецкае выданьне.
XS
SM
MD
LG