Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром” пацьвердзіў пагашэньне беларускага доўгу


Уладзімер Глод, Менск Афіцыйны прадстаўнік расейскага канцэрну Сяргей Купрыянаў сёньня пацьвердзіў факт пералічэньня на рахункі “Газпрому” поўнай сумы беларускай запазычанасьці за газ. Яна складала 456 мільёнаў 160 тысячаў даляраў ЗША.

Запазычанасьць “Газпрому” ўзьнікла з той прычыны, што ў першае паўгодзьдзе сёлета Беларусь аплачвала толькі 55% поўнага кошту газу. “Газпром” пагадзіўся на гэтую просьбу беларускага ўраду, які матываваў яе неабходнасьцю адаптацыі эканомікі краіны да новых коштаў на газ.

Пачынаючы зь ліпеня, беларускі бок мусіць аплачваць поўныя кошты газу з разьліку 100 даляраў за кожную тысячу кубамэтраў. Так, за ліпень трэба разьлічыцца не пазьней як 23 жніўня. З улікам таго, што ўлетку пастаўкі газу меншыя за зіму ці восень, спэцыялісты прагназуюць -- Беларусь за ліпень заплаціць “Газпрому” больш за 100 мільёнаў даляраў.

Паводле Ўладзімера Сямашкі, далей краіна пераходзіць на стопрацэнтную аплату паставак газу. “Нам гэта будзе цяжка, але гонар, годнасьць і рэпутацыя нашай краіны павінны быць вышэйшыя за ўсё”, – сказаў першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду.
XS
SM
MD
LG