Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь абяцае сёньня цалкам разьлічыцца з “Газпромам”


Уладзімер Глод, Менск Сёньня беларускі бок цалкам разьлічыцца за запазычанасьць з расейскім канцэрнам “Газпром”. Пра гэта цьвердзяць у міністэрстве энэргетыкі Беларусі. Паводле дадзеных міністэрства, засталося выплаціць толькі 60 мільёнаў даляраў.

Тым часам розныя крыніцы называюць розныя сумы ўжо праведзеных выплат. Прыкладам, крыніца ў органах дзяржаўнага кіраваньня паведаміла агенцтву “Інтэрфакс”, што яшчэ 3-га жніўня на рахункі “Газпрому” пералічылі больш за 300 мільёнаў даляраў. А першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка гаворыць, што ў той дзень было выплачана 190 мільёнаў, а на наступны дзень – яшчэ каля 60 мільёнаў. Ён жа сказаў, што Беларусь аплаціць доўг раней за вызначаны “Газпромам” тэрмін – 10 жніўня.

Запазычанасьць “Газпрому” ўзьнікла з той прычыны, што ў першае паўгодзьдзе сёлета Беларусь аплачвала толькі 55% поўнага кошту газу. “Газпром” пагадзіўся на гэтую просьбу беларускага ўраду, які матываваў яе неабходнасьцю адаптацыі эканомікі краіны да новых коштаў на газ.

Пачынаючы зь ліпеня, беларускі бок мусіць аплачваць поўныя кошты газу з разьліку 100 даляраў за кожную тысячу кубамэтраў. Так, за ліпень трэба разьлічыцца не пазьней як 23 жніўня. З улікам таго, што ўлетку пастаўкі газу меншыя за зіму ці восень, спэцыялісты прагназуюць -- Беларусь за ліпень заплаціць “Газпрому” прыкладна 100 мільёнаў даляраў.

Паводле Ўладзімера Сямашкі, далей краіна пераходзіць на стопрацэнтную аплату паставак газу. “Нам гэта будзе цяжка, але гонар, годнасьць і рэпутацыя нашай краіны павінны быць вышэйшыя за ўсё”, – сказаў першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду.

• Гонар, годнасьць і рэпутацыя Беларусі і “Газпром”, 07.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG