Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага: “З нашаго мястэчка была відна облачная труба...”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 8 жніўня ў розныя гады мінулага.

“Наша Ніва” ў 1907 годзе паведамляе з Глыбокага: “З нашаго мястэчка была відна облачная труба (па расейску — смерч, па польску — traba), каторая праняслася верстоў за 20 ад нас. На небі ў той час было толькі невялікае облако, але вельмі моцна білі пяруны і бліскала маланка. Труба гэтая вельмі высока падымалася ад зямлі да аблакоў, як слуп, з нізу вузкая, а ў гары ўсё шырэй; яна круцілася, як верэцяно. Аб шкодах у людзей покуль што не чуваць”.

“Вечерний Минск” у 1987 годзе піша аб тым, што плянуецца зрабіць падчас рэстаўрацыі Верхняга гораду: “Музэй гісторыі і археалёгіі, плошчу глядзельных прадстаўленьняў, цэнтар прапаганды культурнай спадчыны Беларусі, музэй рэвалюцыйнага руху, канцэртную залю камэрнай музыкі, кінатэатар “Няміга”, музэі беларускага мастацтва і этнаграфіі, дзіцячай творчасьці, беларускага тэатру, адкрытую ўнівэрсальную сцэнічную пляцоўку і многае іншае. “Магу заверыць, што праблемы рэстаўрацыі Верхняга гораду будуць вырашацца ў далейшым з удзелам грамадзкасьці”, — сказаў галоўны архітэктар гораду Е.Кавалеўскі”.

“Культура” на гэтым тыдні 1997 году дае слова намесьніку старшыні камісіі па адукацыі, культуры і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Мікалаю Шаўцову: “Я лічу, што прыняты ў мінулым годзе аднагалосна Вярхоўным Саветам трынаццатага склікання Закон аб творчых саюзах павінен падтрымаць гэтыя арганізацыі, якія шмат карыснага зрабілі і робяць дзеля развіцця нашай культуры... Кіраўнік дзяржавы, азнаёміўшыся з праблемамі, якія даводзіцца пераадольваць творчым саюзам, падрыхтаваў тэрміновы ўказ аб прадстаўленні ім ільготаў”.
XS
SM
MD
LG