Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 7 жніўня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва.

На форумах парталу Tut.by камэнтуюць заяву ЗША аб пашырэньні сьпісу беларускіх службоўцаў, якім забаронены ўезд у Злучаныя Штаты, а таксама заяву беларускага МЗС пра адэкватныя захады:

“Няхай створаць спэцыяльны электронны адрас, народ будзе дасылаць рэкі імёнаў. Вось мае суседзі адарвуцца”;

“А я прапаную ня толькі выпускаць, але квіткі купляць з далейшай экстрадыцыяй у Гаагу”;

“Пра нявыезд сужэнцаў – гэта ўжо штосьці. Каб яшчэ цешчам забаранілі выяжджаць, дык бедныя чыноўнікі звар’яцелі б”;

“Калі б гэты сьпіс узяла яшчэ на ўзбраеньне Эўропа...”

Пра адэкватныя меры Беларусі:

“Усё, Джордж Буш, не бываць табе ў гатэлі “Лучоса” і на сьвяце хлебаробаў “Дажынкі”. Будзеш на сваім ранча езьдзіць на электрамабілі за мячыкам для гольфу”.

Блогер karyzna апавядае ў сваім дзёньніку гісторыю знаёмых, чые дзеці ходзяць у малодшыя клясы школы. “Дзеці расказалі, што ўдзельнічалі ў апытаньні “пра патрыятызм” і што настаўнікі прасілі... не апавядаць бацьком пра апытанку.

Дзіця цытуе пытаньні: “Ці часта вы глядзіце тэлевізію, ці глядзіце беларускія навіны, як вы ставіцеся да нашай дзяржавы, што бацькі кажуць пра нашага прэзыдэнта і г.д.”

Бацькі пайшлі разьбірацца і высьветлілі, што ў суседняй школе дырэктар адмовіўся рабіць такую апытанку, дый паасобныя настаўнікі адмаўляліся, некаторыя нават працай ахвяраваўшы. А вы ведаеце, што вучыць сёньня ваша дзіця? Гэта не 1984 год – гэта 2007-ы!!!” Камэнтар:

“Хутчэй за ўсё чынавенства зь Міністэрства адукацыі – маразм дайшоў да ступені гадаваньня марозавых (паўлюкоў)”.

Сайт грамадзянскай ініцыятывы “За свабоду!” паведамляе пра невядомых, якія тэлефануюць розным людзям і запрашаюць далучыцца да ініцыятывы.

Прыклад зь дзяўчынай Кацярынай: “Невядомая, якая тэлефанавала, паведаміла, што Кацярына пакідала свой нумар на “Басовішчы”, але актывістка не была на названым фэсьце і, натуральна, не магла нікому пакінуць нумар свайго мабільнага тэлефона”.

“Магчыма, такія тэлефанаваньні ажыцьцяўляюць супрацоўнікі КДБ, каб справакаваць моладзь і стварыць падставу для завязаньня крымінальных справаў за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях”, – папярэджваюць стваральнікі сайту.

Блогер annahonda цытуе ў сваім дзёньніку словы адной беларускай тэлевядоўцы:

“У “Камсамолцы” віджэй Люся Лу апавядае пра падарожжа ў Абхазію. “Быць у Абхазіі і не заехаць на дачу Сталіна – недаравальна. Пры жаданьні за 200 даляраў турыст можа пераначаваць у яго ложку. Але чарга была расьпісаная на 10 дзён наперад. Давялося пакінуць гэтую ідэю на наступны раз – абавязкова туды вярнуся!”

annahonda камэнтуе: “Мая ты радасьць!!! Трэба, трэба вярнуцца... А пакуль можна перабіцца начоўкай на дачы Лаўрэнція Цанавы ў менскай Сьцяпянцы. Гістарычна пацьверджана, што ў гэтым доме забілі Міхоэлса. Побач з домам, як гавораць, могільнік жанчын, якіх хапалі проста на вуліцы і прывозілі Лаўрэнцію-другому ў якасці наложніц... Любіць гісторыю – дык любіць!”

* * * Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG