Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мядовы спас”: “Самы добры мёд крыху драпае горла”


Іна Студзінская, Менск Сёньня ў Менску адкрыўся традыцыйны Ўсебеларускі фэст пчаляроў “Мядовы спас”. У сталіцу зьехаліся найлепшыя вытворцы мёду з усіх рэгіёнаў краіны, а таксама госьці з Расеі – з Суздалю і Растова. На адкрыцьці кірмашу пабывала нашая карэспандэнтка.

14 жніўня адзначаецца Мядовы спас, і цягам тыдня, ад сёньня да сьвята Спасу, у Палацы мастацтваў гаспадараць пчаляры. Фэст “Мядовы спас”, адрозна ад звычайнага гандлю мёдам, сапраўды арганізаваны як сьвята – пчаляры ў нацыянальных строях, прыгожа аформленыя стэнды, мёд можна пакаштаваць і нават выпіць келіх медавухі альбо зьбітню.

Марыя Шынкевіч прыехала зь вёскі Дубравы Бабруйскага раёну. На пасецы працуюць усёй сям’ёй, з мужам і сынам.

“Гэта сьвята мёду, да якога ўсе рыхтаваліся. Лічыцца, што ўжо мёд пасьпеў. Таму цяпер трэба ня толькі мёд смакаваць, але й назапасіць на зіму. Бо ўзімку ён будзе даражэйшы”.

Аляксандар Рэбаў прывёз мёд з-пад Воршы. Ільвіную долю сваёй прадукцыі збывае менавіта на кірмашах у сталіцы.

“Я ўжо ўдзельнічаю ў такіх кірмашах пяты раз. Таму ведаю – давер да кірмашу вельмі высокі. Некаторыя людзі думаюць, што ўсе пчаляры – махляры. Насамрэч гэта далёка ня так. І менавіта кірмашы – пацьверджаньне таго. Людзі могуць пакаштаваць сапраўднага якаснага мёду, купіць, ацаніць яго”.

Карэспандэнтка: “Сёлетняе лета спрыяльнае для мёду?”

Рэбаў: “Так сабе. Перашкаджала то сьпякота, то потым дажджы. І мёд каталі толькі адзін раз. Таму ўсе нэктары ў яго патрапляюць – атрымліваецца так званы паліфлёрны мёд, мёд шматкампанэнтны. Гэта лясное разнатраўе і лугавое разнатраўе”.

"Тут сабраліся вядомыя пчаляры – гэта па-першае. А па-другое, тут будзе менш фальсыфікацыяў, чым на рынку”.
Уладзімер Лаўроў жыве ў вёсцы Аляксандрава Мёрскага раёну, мае сваю пасеку з 35-ці пчаліных сям’яў. Дапамагаюць жонка і сын-падлетак.

“Мёд ведаюць усе. А вось прадукты пчалярства ня ўсе ведаюць. Пярга, праполіс вельмі карысныя. Таму мы тут і стаім, самі пчаляры, сябры Грамадзкага аб’яднаньня пчаляроў, каб тлумачыць, якая карысьць ад мядовых прадуктаў, як іх ужываць. Даём прафэсійныя парады”.

Сапраўды, тут можна ўсё пакаштаваць, атрымаць незаменныя парады, дазнацца рэцэптаў, навучыцца распазнаваць сапраўды добры, якасны прадукт. Наведнік кірмашу спадар Іван купляе мёд толькі ў саміх вытворцаў:

“Тут сабраліся вядомыя пчаляры – гэта па-першае. А па-другое, тут будзе менш фальсыфікацыяў, чым на рынку. На рынках бязбожна фальсыфікуюць мёд. Я сам пчаляр, некалі вучыўся ў Сьмілавічах – і ведаю гэта. Там фальсыфікацыя 50 на 50: патака, мука, мел, цукар, клей – што заўгодна. Самая простая і грубая падробка: сыропу з цукру навараць, затым – паўбіклагі мёду натуральнага, паўбіклагі сыропу, перамешваюць, дадаюць туды пылку. А для сапраўднасьці – пылковае зерне, і ніводная лябараторыя ў сьвеце не дакажа, што гэта фальшывы прадукт. Таму я давяраю больш “Мядоваму спасу”.

А яшчэ спадар Іван даў каштоўную параду, як вельмі проста ацаніць якасьць мёду:

“Самы добры мёд драпае горла. Калі яго праглынеш, адчуваеш, як трошачку драпае горла. Вось такая першая прыкмета добрай якасьці мёду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG