Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлія Казуліна: "Бацьку пазбаўляюць усялякай інфармацыі"


Гутарыў Валер Каліноўскі, Прага Сёньня спаўняецца 500 дзён, як былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Казулін знаходзіцца ў турме. Дачка палітвязьня Юлія заявіла пра ціск на бацьку з боку адміністрацыі калёніі і кепскі стан ягонага здароўя.

Карэспандэнт: "Якія вы атрымалі апошнія навіны ад бацькі?"

Юлія Казуліна: "Ведаеце, мы зусім нядаўна былі на спатканьні ў татачкі. І знаем, што ідзе вельмі вялікі прэсінг, яго пазбаўляюць усялякай інфармацыі. У яго забіраюць інтэрнэт-навіны, што мы дасылаем, не прыходзяць дзьве з шасьці выпісаных яму намі газэт. Таксама аказалася, што нават ад сям''і да яго даходзяць ня ўсе лісты, у якіх мы пішам, як маемся, як здароўе. У гэтых лістох усялякая жыцьцёвая драбяза.

Па-другое, там вялікая праблема ў тым, што адміністрацыя вельмі запалохвае асуджаных, каб яны з татам не кантактавалі. І тата кажа, што ёсьць нават такая праблема, што няма з кім пагуляць у тэніс, бо людзі проста баяцца".

Карэспандэнт: "Што вядома пра яго здароўе?"

Казуліна: "Здароўе дагэтуль у кепскім стане, ён гаворыць, што стома, пастаянная санлівасьць, вельмі моцна дагэтуль баляць сьпіна і нага".

Карэспандэнт: "Калі ён апошні раз вам дасылаў ліст?"

Казуліна: "Апошні раз, відаць, тыдні два таму. Гэта быў якраз першы ліст пасьля нашага працяглага спатканьня. І ён пісаў, што цяжка пераходзіць бар''ер ад нармальнага жыцьця да таго. Гэты бар''ер нябачны, але цяжкі".

Аляксандар Казулін быў затрыманы 25-га сакавіка 2006 году ў часе шэсьця калёны да турмы на Акрэсьціна. 13-га чэрвеня 2006 году Аляксандар Казулін судом Маскоўскага раёну Менску быў асуджаны на пяць з паловай гадоў турмы. Пакараньне Казулін адбывае ў калёніі "Віцьба-3". На знак пратэсту Аляксандар Казулін галадаваў 53 дні.


• Адзін дзень у сям’і палітвязьня Аляксандра Казуліна(фота+аўдыё) , 05.02.2007
XS
SM
MD
LG