Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія сьцьвярджае, што расейскія самалёты ўварваліся ў яе прастору


Сяргей Абламейка, Прага Міністэрства замежных спраў Грузіі ўручыла расейскаму паслу ў Тбілісі ноту пратэсту. Грузія сьцьвярджае, што расейскія самалёты ўварваліся ў яе паветраную прастору і выпусьцілі ракету, якая ня выбухнула.

Ракета была выпушчана непадалёк ад вёскі Цытэлубані, якая знаходзіцца ў 65 кілямэтрах на захад ад Тбілісі і ў некалькіх кілямэтрах на поўдзень ад мяжы сэпаратысцкай Паўднёвай Асэтыі. Расея факты парушэньня паветранай прасторы і абстрэлу грузінскай тэрыторыі абвяргае. Прадстаўнік расейскіх паветраных сілаў палкоўнік Драбышэўскі заявіў, што ў панядзелак расейскія самалёты вылетаў у тым рэгіёне не рабілі і паветраную прастору Грузіі не парушалі.

Тым ня менш, прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі Шата Ўсьціашвілі заявіў:

“Гэта былі два расейскія рэактыўныя зьнішчальнікі, якія ўвайшлі ў грузінскую паветраную прастору а палове на восьмую вечара ў панядзелак. Яны перасеклі мяжу ля Казбэгі. Мы маем зафіксаваныя радарамі іх поўныя маршруты ад Казбэгі і назад да Казбэгі”.

Паводле грузінскага боку, абломкі ракеты сабраныя, сэрыйны нумар ўстаноўлены, і гэта дапаможа высьветліць, дзе ракета была выраблена і ў войску якой дзяржавы была на ўзбраеньні.

Інцыдэнт можа яшчэ болей пагоршыць і без таго кепскія дачыненьні паміж Тбілісі і Масквой. Летась Грузія выслала чатырох расейскіх афіцэраў, абвінаваціўшы іх у шпіянажы. У адказ Расея увяла супраць Грузіі эканамічныя санкцыі і выслала сотні грамадзянаў Грузіі, абвінаваціўшы іх у парушэньні візавага рэжыму.

Гэта ня першы падобны канфлікт Грузіі і Расеі. У сакавіку сёлета Грузія абвінаваціла Расею ў абстрэле з гелікоптэраў грузінскіх паселішчаў у Кадорскай цясьніне, а ў 2002 годзе – у абстрэле з самалётаў цясьніны Панкіскай.
XS
SM
MD
LG