Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да пятніцы "Газпром" ня будзе камэнтаваць інфармацыі пра аплату за газ


Уладзімер Глод, Менск Расейскі канцэрн “Газпром” дагэтуль не камэнтуе атрыманьня ад Беларусі 300 мільёнаў даляраў. Такую суму беларускі бок быццам бы перавёў ужо ў якасьці аплаты запазычанасьці за газ. Раней і ў Менску, і ў Маскве называлі іншую лічбу – 190 мільёнаў даляраў.

Сёньня надвячоркам афіцыйны прадстаўнік расейскага канцэрну “Газпром” Сяргей Купрыянаў заявіў “Свабодзе”, што да пятніцы “Газпром” ня будзе камэнтаваць сытуацыі зь пералічэньнем грошай зь Беларусі. “Ёсьць вызначаны час, 10-га жніўня, калі мы скажам – пераведзены ўжо ўсе грошы ці не”, – падкрэсьліў Купрыянаў.

Прэсавы сакратар “Белтрансгазу” Ўладзімер Чэкаў таксама дакладных лічбаў не называе:

“У мяне лічбаў няма. Пракаповіч учора казаў – у яго ўсе сумы”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка лічыць, што няма патрэбы акцэнтаваць увагу на дакладных лічбах:

“Гэта чыста тэхнічны перавод грошай. Там вельмі тонкія і дакладныя разьлікі. Аднойчы я асабіста чуў, як Віктар Сцяпанавіч Чарнамырдзін казаў: навошта вам улазіць у тое, хто, каму і што плаціць – мы, газаўнікі, самі разьбярэмся. Тут трэба ведаць, хто робіць пералічэньні – прыкладам, “Зьнешэканомбанк” ці “Белгазпрамбанк”. А яшчэ існуюць узаемаразьлікі.

Таму маё рэзюмэ такое: грошы трэба аддаваць. Іх аддадуць. Грошы ёсьць. Расейцы далі ж нам 625 мільёнаў даляраў за акцыі “Белтрансгазу”. Пакуль жа не пасьпелі іх праесьці”.

Аляксандар Фадзееў – кіраўнік аддзелу Беларусі Інстытуту краінаў СНД у Маскве гаворыць, што ў сытуацыі з газам ёсьць і палітычны аспэкт:

“Я сказаў бы, што палітычных матывацыяў больш зь беларускага боку, чым з расейскага. Беларусь разьлічвае на востры палітычны пэрыяд, які наступае ў Расеі ў зьвязку з выбарамі – спачатку ў Дзярждуму, а пасьля – і прэзыдэнцкіх. Маўляў, гэтым часам Расея ня будзе абвастраць дачыненьняў зь Беларусьсю. Такое перакананьне беларускага боку.

Што тычыцца Расеі, дык яна спрабуе адасобіць палітычныя матывацыі партнэраў ад рэаліяў. А рэаліі такія: Расея з усімі краінамі, уключаючы й Беларусь, мае намер будаваць рынкавыя дачыненьні на лібэральных каштоўнасьцях. І тут задача расейцаў – даць зразумець беларусам, што яны будуць стаяць на прынцыповых пазыцыях, што беларуская палітычная матывацыя – падманная. Яна ня будзе ўлічвацца расейскім бокам”.

Беларусь павінна Расеі за скарыстаны цягам першага паўгодзьдзя 456 мільёнаў даляраў. Учора старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч запэўніў Аляксандра Лукашэнку, што “Беларусь на гэтым тыдні цалкам разьлічыцца з “Газпромам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG