Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адам Мальдзіс: “Самы лепшы юбілей – гэта праца”


Ігар Карней, Менск Сёньня вядомы публіцыст, крытык, празаік, прафэсар Адам Мальдзіс адзначае 75-гадовы юбілей. Спадар Мальдзіс – адзін з самых вядомых беларускіх дасьледчыкаў літаратуры. Ён – старшыня камісіі “Вяртаньне” Беларускага фонду культуры, кіраўнік аддзяленьня культуралёгіі Міжнароднай акадэміі навук Эўразіі, ганаровы старшыня аб’яднаньня “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў”. У 1990-я, цягам амаль дзесяцігодзьдзя, узначальваў Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны.

“Слухаю, добры дзень...”

“Адам Восіпавіч? Радыё Свабода, хочам павіншаваць Вас зь юбілеем...”

“Дзякуй-дзякуй за віншаваньне. Гэты званок для мяне вельмі знамянальны, бо заўсёды пры слове “свабода” чалавек адчувае сябе больш свабодным унутрана. Ну, але ж я, на жаль, гляджу на сёньняшні свой дзень нараджэньня, як на нейкае супадзеньне. Бо толькі што была гадавіна з дня сьмерці жонкі, езьдзіў на Астравеччыну: там помнік трэба было паставіць, трэба было службу адправіць. Карацей, зрабіць усё па-хрысьціянску”.

Юбіляр кажа, што, з улікам усіх акалічнасьцяў, дзень нараджэньня адзначае за сталом не сьвяточным, а... кампутарным:

“Таму сёньня я за працоўным сталом. Усё ж спадзяюся, што выйдзе кніжка ў “Беларускім кнігазборы”. Ну, а тады, праз пару месяцаў, ужо як адбудзецца юбілейная прэзэнтацыя (ці як гэта назваць), будзе нагода для віншаваньня. Таму што раней нельга адзначаць юбілей, а пазьней можна, ажно да канца году. А да канца году, я думаю, кніга выйдзе. Тады й нагода, як кажуць, будзе больш весялейшай, больш творчай”.

Як удакладняе спадар Мальдзіс, гэта будуць выбраныя, лепшыя дасьледчыя і публіцыстычныя працы.

Полацкі сшытак Мальдзіса

Гісторык літаратуры, фальклярыст Арсень Ліс кажа, што, дзякуючы высілкам Адама Мальдзіса, беларусы атрымалі шмат бясцэнных сьведчаньняў сваёй “эўрапейскасьці”. Да таго ж, і доктарская дысэртацыя Мальдзіса была прысьвечана мала вывучанаму літаратурнаму пэрыяду ХVІІІ стагодзьдзя:

“Мальдзіс уваходзіць у першую дзясятку самых самавітых дасьледчыкаў беларушчыны. Ён падняў надзвычайна глыбокі і важны пляст нашай культуры, літаратуры перадусім. Зрабіў надзвычай многа, каб асэнсаваць нашу спадчыну ХІХ, а потым і ХVІІІ стагодзьдзя. Але ён не абмяжоўваў сябе адной, скажам, спэцыяльнасьцю – літаратуразнаўчай. Праз усё, што траплялася яму ў архівах, якія ён старанна аглядаў ад Варшавы да Санкт-Пецярбургу, выявіў надзвычай шмат сьведчаньняў нашай культуры, сьведчаньняў інтэлекту беларускага, які з-за неспрыяльных гістарычных умоў часта заставаўся прыхаваным, не адкрытым. Неабыякавым ён застаўся і да музычных памятак. Вядомы ўсім “Полацкі сшытак”, ім адкрыты, -- выдатны ўзор старажытнай беларускай музыкі ХVІ стагодзьдзя”.

Першы сярод архівазнаўцаў

Пра дзейнасьць спадара Мальдзіса на ніве літаратурных дасьледаваньняў -- адмысловец у галіне архівазнаўства Язэп Янушкевіч:

“Гэта выдатны юбілей, гэта выдатны сам па сабе дасьледчык. Я хачу нават сказаць, што ў нашай архівазнаўчай, “пыльнай”, галіне мала хто й дажываў да такога веку. Бо ўсё ж у кожнай прафэсіі ёсьць моманты, за якія трэба плаціць падвышаны каэфіцыент – з прычыны шкоды здароўю. Адам Мальдзіс адносіцца да ліку тых дасьледчыкаў, што ішлі ў шэрагу першых архівазнаўцаў-літаратуразнаўцаў. Ён той, хто напаўняў беднае і абмеленае рэчышча гісторыі беларускай літаратуры новымі фактамі, новымі крыніцамі. А заўсёды новыя крыніцы і факты – гэта тое, што надае кожнай рацэ чысьціню і бруістасьць”.

Мне не хапае гадзін у сутках

Адам Мальдзіс усьцешаны, што раніца пачалася са шматлікіх віншаваньняў сяброў, калегаў, аднадумцаў. Гэта, як кажа спадар Мальдзіс, ня толькі натхняе, але й абавязвае:

“Канечне, тэлефануюць, віншуюць. Зьдзіўляюцца, што я замест таго, каб сядзець на ўлоньні прыроды на сваёй роднай Астравеччыне і мачыць у гэтую гарачыню ногі ў прахалоднай Лошы, сяджу за кампутарам і нешта тут ляпаю. Ну, а што зробіш? Самы лепшы юбілей – гэта праца. Натхненьне – гэта адно, але ёсьць яшчэ пачуцьцё абавязку. Я ўвогуле дзесьці тры месяцы – запазычнік. Калі б тры месяцы мне хто даў лішнія ў годзе, то тады, можа быць, я свае самыя-самыя пазыкі, як гаворыцца, творчыя, літаратурныя аддаў бы”.
XS
SM
MD
LG