Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя абмежаваньні на ўезд у ЗША для беларускіх урадоўцаў


Радыё Свабода Злучаныя Штаты Амэрыкі пашыраць сьпіс асобаў, адносна якіх ужываецца спэцыяльная працэдура разгляду заяваў на ўезд у ЗША. Дзярждэпартамэнт абмежаваў выдачу візаў для афіцэраў КДБ і МУС у званьні, вышэйшым за падпалкоўніка, для супрацоўнікаў ідэалягічных аддзелаў выканкамаў, членаў выбарчых камісіяў, а таксама іх сужэнцаў.

У прэсавым рэлізе пасольства ЗША ў Беларусі прыводзіцца матывацыя рашэньня: "Праз год пасьля прыняцьця прэзыдэнтам Бушам распараджэньня 8015 адносна Беларусі рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае практыку зьняволеньня і перасьледу грамадзянаў за выказваньні ў абарону дэмакратыі, правядзеньне мірных дэманстрацыяў і выступленьні супраць рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму.

Нягледзячы на тое, што мінулай вясной мела месца некаторае аслабленьне рэпрэсіўных мераў, на працягу апошніх некалькіх тыдняў мы сталі сьведкамі чарговага пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека, і прэзыдэнцкае распараджэньне прыпыняе ўезд у Злучаныя Штаты па іміграцыйных ці неіміграцыйных візах асобаў, адказных за палітыку альбо дзеяньні, што пагражаюць працэсу пераходу да дэмакратыі ў Беларусі.

Цяпер спэцыяльная працэдура разгляду зваротаў па візы на ўезд у ЗША распаўсюджваецца на наступныя катэгорыі грамадзянаў Беларусі:

• чыноўнікаў узроўню намесьнікаў міністраў і вышэйшых альбо прыраўнаваных да іх;

• генэральнага пракурора і яго намесьнікаў;

• афіцэраў Міністэрства ўнутраных справаў у званьні, вышэйшым за падпалкоўніка;

• афіцэраў КДБ Беларусі ў званьні, вышэйшым за падпалкоўніка;

• супрацоўнікаў ідэалягічных аддзелаў Менскага гарадзкога і абласных выканкамаў;

• кіраўніка і намесьнікаў кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта;

• членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі;

• старшыняў абласных выбарчых камісіяў;

• старшыняў абласных і раённых судоў;

• старшыні Канстытуцыйнага суду;

• дырэктараў і намесьнікаў дырэктараў дзяржаўных прадпрыемстваў;

• сужэнцаў пералічаных вышэй асобаў".
XS
SM
MD
LG