Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Мотавела» прадалі за 5,3 мільёна эўра


Радыё Свабода Аўстрыйска-расейская кампанія ATEC Holding GmbH атрымала належныя беларускай дзяржаве 99,7% акцый менскага прадпрыемства “Мотавела”.

Паводле венскага выданьня Wirtschaftsblatt, заснавальнікі холдынгу, у тым ліку ягоны кіраўнік Мураўёў, маюць расейскія карані і свой бізнэс у Беларусі. Так, Мураўёву належыць большая частка акцый у сумесным беларуска-аўстрыйскім закрытым таварыстве “Шклозавод Ялізава”. Да 2009-га году ATEC Holding GmbH мае збудаваць фабрыку ліставога шкла пад Смалявічамі.

Камэнтуючы апошнюю зьдзелку паміж ATEC і беларускім урадам, замежныя аглядальнікі пішуць, што “Мотавела” прададзена за намінальны кошт і што пайсьці на гэты беспрэцэдэнтны крок беларускія ўлады былі змушаныя ў выніку фінансавага стану “Мотавела” ды схільнасьці ягоных працаўнікоў да страйкаў.

Разьлічвацца за беларускі завод АТЕС пачне ад 1 студзеня 2008 году, а да 31 студзеня 2011-га ў форме пяці ўнёскаў мусіць цалкам выплаціць суму.

Згодна з падпісаным пры канцы ліпеня ўказам Лукашэнкі, АТЕС павінен разьлічыцца з усімі пазыкамі “Мотавела”, а таксама да 2012 году інвэставаць у разьвіцьцё прадпрыемства суму, ня меншую за 14,6 мільёнаў эўра.

Калі ж замежны інвэстар ня выканае ўмоваў, замацаваных прэзыдэнцкім указам, ён мусіць выплаціць Беларусі розьніцу між намінальным і рынкавым коштамі.
XS
SM
MD
LG