Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хаваць радыёактыўныя адыходы ў Беларусі практычна няма дзе


Ігар Карней, Менск Беларускія навукоўцы папярэджваюць пра неабходнасьць будаўніцтва ў Беларусі новага сховішча радыёактыўных адкідаў. Перадусім, да гэтага вымушае практычна ўхваленае рашэньне аб будаўніцтве ў Беларусі першай атамнай электрастанцыі. Да таго ж, два сховішчы ў Соснах пад Менскам ня толькі запоўненыя “пад завязку”, але й пагражаюць экалягічнай бясьпецы сталіцы.

Паводле спэцыялістаў Аб’яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў, у Беларусі штогод абясшкоджваецца блізу 10 тон радыёактыўных адкідаў. Практычна ўсе яны захоўваюцца ў могільніках, што месьцяцца ў пасёлку Сосны пад Менскам.

У Беларусі блізу сотні радыёактыўных могільнікаў

Расказвае загадчык лябараторыі Аб’яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў Уладзімер Скурат:

“Дзеля справядлівасьці, у Беларусі яшчэ ёсьць сховішчы чарнобыльскіх адкідаў. Іх 90 з лішкам і яны пераважна разьмешчаныя ў зоне адсяленьня. Гэта прадукты дэзактывацыі тэрыторыі: платы, стрэхі, калі зьмянялі на новыя, зямлю адкульсьці зьбіралі забруджаную і г.д. І ўсё гэта звозілася вось у такія сховішчы. Але, яшчэ раз паўтару, гэта сховішчы, пабудаваныя перадусім у зоне адсяленьня, там, дзе людзі не жывуць. А што тычыцца прамысловых, мэдычных адыходаў, то ўсё гэта захоўваецца толькі ў Соснах”.

Як удакладніў Уладзімер Скурат, цяпер у Соснах два сховішчы радыёактыўных адкідаў па 820 кубамэтраў кожнае. Адно зь іх запоўненае цалкам, другое – на 80%. Паводле спэцыяліста, цяпер вядзецца рэканструкцыя аднаго са сховішчаў і ў выпадку, калі яно вызваліцца, пры цяперашніх тэмпах “загрузкі” яго хопіць ня болей чым на 10 гадоў. Гэта калі ня ўлічваць форс-мажорных абставінаў. Так, нядаўна ў адной са студняў сховішча адбылася разгермэтызацыя ёмістасьці з радыем, пасьля чаго давялося небясьпечны ўчастак цалкам закансэрваваць:

“У прынцыпе, цяпер тут адбываецца рэканструкцыя. Але рэканструкцыя сама па сабе скіраваная на тое, каб у пэрспэктыве захаваньні адсюль выдаліць. Акрамя таго, зараз ужо практычна вырашанае пытаньне з будаўніцтвам атамнай станцыі, а там нашмат больш адкідаў, чым мы цяпер маем. Таму новае сховішча надзвычай патрэбна. Канечне, лепей за ўсё шукаць месца бліжэй да станцыі”.

В. Якавенка: "Размовы пра атамную энэргетыку “амаральныя”

Небясьпечнае суседзтва мэгаполісу з радыёактыўным могільнікам непакоіць ня толькі навукоўцаў, але і эколягаў. Кіраўнік Cацыяльна-экалягічнага саюзу Васіль Якавенка перакананы, што амаральна весьці гаворку ня толькі пра нейкія новыя радыёактыўныя могільнікі, але ўвогуле пра ідэю будаўніцтва ў Беларусі АЭС. Да таго ж, спадар Якавенка гаворыць пра заангажаванасьць бальшыні навукоўцаў:

“Я выступаю ня толькі супраць сховішчаў, а супраць будаўніцтва самой атамнай станцыі. Да таго ж, гэтаму інстытуту ніколькі нельга давяраць, бо яны наўпрост лабіруюць гэтае пытаньне зь мэркантыльных сваіх інтарэсаў. Пэўна, што ў свой час напладзілі спэцыялістаў гэтай галіны, якім трэба разгарнуцца. І яны даўно рвуцца да гэтага, яшчэ за савецкай уладай рабілі колькі спробаў, іх асаджвалі пару разоў. А цяпер яны зноў палезьлі. Але, перакананы, яны ўводзяць у зман грамадзтва сваімі разьлікамі – і эканамічнымі, і экалягічнымі. Таму ні пра якія новыя, тым больш вялізныя сховішчы, я не хацеў бы нават і чуць. Увогуле выказвалася з гэтай нагоды шмат меркаваньняў з абодвух бакоў. Але яны, навукоўцы, на тыя меркаваньні, на тыя крытычныя заўвагі, эканамічныя выкладкі ніякім чынам ня хочуць адказваць”.

Некалькі гадоў таму Савет міністраў распрацаваў канцэпцыю будаўніцтва новага сховішча радыёактыўных адкідаў, паводле якой могільнік плянавалася ўвесьці да 2010 году. Аднак з-за нястачы грошай пакуль нават ня зробленыя неабходныя дасьледаваньні ў выбары месца пад пляцоўку. Між тым, як кажуць спэцыялісты, цяпер на захаваньне трапляе крыху болей за 5% ад таго, што будзе неабходна захоўваць пасьля ўвядзеньне ў эксплюатацыю беларускай АЭС.

Пад будаўніцтва АЭС вызначаныя дзьве пляцоўкі ў Магілёўскай вобласьці. Тэндэр на будаўнічыя працы ўрад плянуе абвясьціць неўзабаве.

• Магілёўская зямля ня хоча трымаць АЭС?, 13.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG