Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША маліліся за беларускую моладзь


Тацяна Поклад, Радыё Свабода, здымкі Алеся Вінакурава У Саборы Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне ў Нью-Ёрку 5 жніўня пасьля нядзельнай літургіі адбыўся малебен за беларускую моладзь, якая цярпіць ад перасьледу за грамадзкую і палітычную дзейнасьць.

"Ва ўмовах жорсткага таталітарнага рэжыму моладзь Беларусі церпіць найбольш ганебны перасьлед за любоў да сваёй Радзімы, сваіх сьвятых нацыянальных сымбаляў: бел-чырвона-белага сьцягу ды герба Пагоні, сваёй роднай беларускай мовы,– кажа Ліна Сагановіч з ЗША.– Маладыя людзі, якія хочуць каб іхняя краіна адпавядала міжнародным цывілізаваным стандартам дэмакратыі, найбольш цярпяць ад дыктатуры. Іх падвяргаюць зьбіцьцю, саджаюць у турмы".

Нью-Ёрк, 05.08.2007. Малебен за беларускую моладзь Малебен за беларускую моладзь у Саборы Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне ў Нью-Ёрку

Малебен адбываўся на беларускай і украінскай мове. Царкоўны стараста Анатоль Колбун сказаў нашаму радыё пасьля імшы:

Колбун: "Літургія прайшла вельмі лёгка, на ўздыме, цудоўна сьпяваў хор, людзей сабралася шмат, было крыху і моладзі. Людзі сабраліся з пачуцьцём. Вельмі шмат праблемаў мае тая моладзь, якая змагаецца ў Беларусі – іх звальняюць, выключаюць з ВНУ, штрафуюць, саджаюць у турмы...За іх быў малебен. Дай, Божа, ім здароўя і шмат год!“

Нью-Ёрк, 05.08.2007. Малебен за беларускую моладзь

Сябра парафіяльнай рады Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага і адзін з ініцыятараў малебну за беларускую моладзь Мікола Сагановіч кажа, што малебен мае вялікае значэньне і важны асабліва цяпер, калі ў Беларусі пачалася новая хваля арыштаў моладзі.

Сагановіч: "Для мяне гэта вельмі значны дзень, вельмі значны малебен. Мы ведаем, што ў Беларусі ідуць арышты моладзі. Мы ведаем, што моладзь актывізавалася ў барацьбе супраць дыктатуры Лукашэнкі. Вялікая сіла – малітва да Бога. Я веру, што Бог не пакіне моладзь, умацуе іх. Як сказана ў Слове: "Не думайце, што сказаць вам нават на судзе, вам Дух Сьвяты падкажа, што сказаць. Я прашу ў Бога добраславеньня для нашай беларускай моладзі на змаганьне за незалежнасьць Беларусі!"
XS
SM
MD
LG