Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ скрытыкавала Польшчу за парушэньне правоў журналістаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Падставаю для крытыкі стаў судовы вырак у справе журналіста “Gazety Wyborczej” Яцка Бжушкевіча. Журналіст атрымаў 6 месяцаў турэмнага зьняволеньня з адтэрміноўкай на тры гады і штраф – каля 1,5 тысячы даляраў за публікацыі пра меркаваную карупцыю судзьдзі зь Любліну.

Прадстаўнік АБСЭ ў справах свабоды мэдыяў Міклаш Харасьці асудзіў вырак у справе Яцака Бжушкевіча і ў адмысловым лісьце да міністра юстыцыі Польшчы Зьбігнева Зёбра напісаў, што “цяпер польскія журналісты добра падумаюць перад тым, як пісаць крытычныя артыкулы пра афіцыйных асобаў”.

Бжушкевіч 4 гады таму пісаў пра справу хімчысткі ў Любліне, якую санітарныя службы з-за забруджваньня навакольнага асяродзьдзя загадалі закрыць, але ўладальнік абскардзіў гэтае рашэньне і суд яго падтрымаў. Пасьля гэтага журналіст напісаў артыкул, у якім даводзіў, што ўладальнік хімчысткі сустракаўся з судзьдзём, які вёў гэтую справу, на ягонай дачы, а гэта значыць, што магло дайсьці да карупцыі.

У адказ судзьдзя праз суд пачаў дамагацца пакараньня для Бжушкеіча за абразу годнасьці і выйграў справу.

“Я ня зьдзіўлены гэтай заявай АБСЭ, бо ў ХХІ стагодзьдзі ня можа быць так, каб журналіст адказваў паводле крымінальнага кодэксу за свае словы. Гэта звычайны эўрапейскі стандарт і так павінна быць і ў Польшчы,” – сказаў нашаму радыё Яцак Бжушкевіч.

Спадар Бжушкеівч, аднак, адмовіўся камэнтаваць судовы вырак, бо “гэта вырак незалженага суду і яго належыць паважаць”. Таксама, зрэшты, як і старшыня Аб’яднанья послькіх журналістаў Крыстына Макрасіньска, якая лічыць, што ў першую чаргу трэба як мага хутчэй зьмяніць Крымінальны кодэкс – тую частку, дзе паводле артыкулу 212 за “непраўдзівыя зьвесткі, якія распаўсюджваюцца праз мэдыі”, можна атрымаць да 2 гадоў турэмнага зьняволеньня.

“Гэта нагадвае самыя дрэнныя камуністычныя часы, пра якія мы ў нашай частцы Эўропы добра памятаем. Можна іначай пакараць журналіста, калі ён паведамляе абразьлівыя і непраўдзівыя зьвесткі – ёсьць жа адказнасьць паводле адміністрацыйнага кодэксу, штрафы, шмат чаго іншага”.

Нягледзячы на справу Яцка Бжушкевіча, які, дарэчы, абскардзіў рашэньне суду, спадарыня Макрасіньска лічыць, што сытуацыя са свабодай слова ў Польшчы зусім іншая, чым у Беларусі.

“Гэта перабольшваньне, вялікае перабольшваньне, параўноўваць Польшчу зь Беларусьсю ў гэтым сэнсе. Увогуле ў Польшчы сытуацыя разьвіваецца ў добрым кірунку, бо з кожным годам у нас павялічваецца колькасьць судовых справаў. Гэта сьведчыць аб тым, што мы ідзем у кірунку прававой дзяржавы”.
XS
SM
MD
LG