Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Горадні: Якія мэты Расеі ў цяперашнім газавым канфлікце?


Міхал Карневіч, Горадня Аляксандар Лукашэнка на мінулым тыдні заявіў, што Расея імкнецца прыватызаваць ня толькі прамысловасьць, але і ўсю краіну. На вашу думку, якія мэты Расеі ў цяперашнім газавым канфлікце? Гэтае пытаньне людзям на гарадзенскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

Дзяўчына: “Я думаю, яны ня хочуць купляць нашу краіну. Папросту дамагаюцца большай выгоды для сябе: не прадаваць нам затанна газ, але танней плаціць за транзыт. А мы ж ільготы маем. Вось яны й хочуць нас іх пазбавіць”.

Спадар: “Як наш прэзыдэнт, так і Расея маюць на мэце адно – зрабіць нашу краіну Северо-западным краем. І ўсё”.

Спадар: “Даўно вядома: яны хочуць захапіць усё, што мы маем. Каб потым мы не маглі анічога зрабіць. Я, наагул, ня ведаю: крычаць, што яны нам браты, а самі...”

Спадарыня: “Яны хочуць завалодаць Беларусьсю, каб яна апынулася пад Расеяй, і кіраваць тут. А што тады з гэтага атрымаецца? Мы, старыя, тады паўміраем з голаду. Я вось была нядаўна ў Расеі. Дык там такая дарагавізна... Гэта ў Маскве больш-менш, а за Масквой... там увечары нават лямпачак на вуліцы не ўключаюць”.

Спадар: “Так і ёсьць. Яны хочуць задарма ўсё ў нас выкупіць і зрабіць нас сваёй калёніяй”.

Ягоны сябра: “Я думаю гэтаксама. Іншага тут ня можа быць”.

Юнак: “Я лічу, што яны дамагаюцца аб’яднаньня. І таму імкнуцца ўвесь час націскаць на Беларусь”.

Хлопец: “Я лічу, што гэта палітычны ціск на нашу краіну, каб сілаю далучыць яе да Расеі, зрабіць сваім рэгіёнам і ўсталяваць сваю ўладу”.

Спадар: “Мне здаецца, што Расеі не падабаецца беларуская ўлада. І такім чынам яны хочуць яе зьмяніць. А, магчыма, я й ня маю рацыі”.

Спадар: “Лукашэнка сказаў, што на калені станавіцца ня будзе. І правільна сказаў, раз у яго хопіць партнэраў і без Расеі. А вось што сабе Расея думае... Гэтым яны нічога не дамогуцца.”

Спадар: “Відочна, што ідзе разлад саюзнай дамовы. Саюз існуе толькі на паперы, а насамрэч – нічога даўно няма”.

Спадарыня: “Найперш Расея дамагаецца грошай за свой газ. І я лічу, што гэта нармальна. Чаго яшчэ хочуць? Ня ведаю. Але відочна, што хочуць нейкіх зьмен. Ды я сумняюся, што ў іх нешта атрымаецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG