Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок на Свабоду: “Стаміліся мы ад гэтай трагікамэдыі – газавага канфлікту з Расеяй”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 6 жніўня, панядзелак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Слухач з Барысаву: “Па тэлебачаньні гляджу –жывем лепей ды лепей. Сёньня дыктар казаў, што сярэдні заробак па Беларусі складае 600 000 рублёў. Засумняваўся. Апытаў аж дзесяць асобаў. Адказы такія – 300 – 350 тысяч рублёў, а прыбіральшчыца ў школе зарабляе аж 150 000 рублёў, а ў вясковых жыхароў няма і гэтага. Ёсьць пытаньне – хто тады добра “жыруе”?

Мікалай: “Даседжваюць свой тэрмін маладзёны, якія хацелі адзначыць Дзень Незалежнасьці Беларусі і пагутарыць з дэпутатамі, якія прымалі дэклярацыю аб сувэрэнітэце бацькаўшчыны. Але замест гэтага апынуліся ў турме на Акрэсьціна. Улада мяркуе, што яна запалохае моладзь, якая змагаецца за свабоду радзімы, але турма на Акрэсьціна ператварылася ў кузьню кадраў змагароў з аўтарытарным рэжымам. Моладзь не даруе зьдзекі дыктатуры й абавязкова пераможа. Іх не спыніць, не стрымаць!”

Сталы слухач: “Куды нам ісьці, беларусам? Зь кім інтэгравацца: з Усходам ці з Захадам? З Расеяй былі сотні гадоў. Цяпер практычна згубілі сваю родную мову, і першая асоба, наш прэзыдэнт, гаворыць на мове іншай краіны нават у сьвята. І цяпер ня можам пазбавіцца ад расейскіх назваў вуліц і плошчаў. А зараз, як дурні, стаім на варце расейскіх межаў і трымаем у сябе іх базы, якія павінны быць недзе пад Смаленскам. А яны падвышаюць кошт на энэрганосьбіты. Вялікі ім дзякуй ад малодшага брата.”

Спадар: “Хачу выказаць сваё меркаваньне адносна выступу Аляксандра Лукашэнкі і наконт ягонага намеру выплаціць пазыку. Той тон, якім ён гаварыў пра пазыку, гэта ня тон прыстойнага чалавека. Гэта тон самага яўнага хама, які пазычыў грошаў. Расея дала яму газ, паўгоду цярпела, а цяпер ён: “наце, забярыце, жывіце, як хочаце”. Гэта наогул нахабства. Ён ганьбіць наш беларускі народ. І даўно ўжо ганьбіць”.

Спадарыня: “Як стаміліся мы ад гэтай трагікамэдыі – газавага канфлікту з Расеяй. Зноў гістэрыка – ах, нас хочуць прыватызаваць, але герой Лукашэнка ня ўступіць. Цяжка верыцца. Плаціць за газ трэба, як і за ўсё, што атрымліваем. Плацяць жа нашмат даражэй і без гістэрыкі Малдова, Украіна, Грузія ды іншыя дзяржавы. Праўда, кіраўнікі іх не хваляцца, што яны квітнеючыя краіны. Стрымана пераносяць цяжкасьці. І расейскія вайсковыя базы ім не патрэбны. Беларусь павольна, але няўхільна падыходзіць да мяжы, пасьля якой альбо мы народ годны альбо Северо-западный край Расеі.”

Анастас Семяновіч: “Таварыш Лукашэнка, вы гаворыце, што Расея хацела б прыватызаваць нашыя прадпрыемствы, прычым ня толькі буйныя, і яна хацела прыватызаваць усю нашу краіну. Я думаю, што яны правільна мяркуюць. Я б на іх месцы даўно гэта зрабіў бы. Дзе вы былі 13 гадоў? Што вы думалі? А думалі, што хлусьнёй можна пражыць да ста гадоў. Гэтага ніколі ня будзе. Прачытайце кнігу любімага й дарагога пісьменьніка Васіля Быкава “Быкаў на Свабодзе”. Але вы гэтага ня зробіце. Вам трэба ганяць хакей, а чытае і думае хай Сідорскі, а ён ня мае сваёй думкі. Адзіны выхад сёньня – гэта свабода. “Гэта хлеб. Рай зямны,” – гаворыць Васіль Быкаў. Для гэтага трэба адпусьціць усіх палітычных зьняволеных з турмаў, выканаць 13 прапановаў Эўрасаюзу, на 100 адсоткаў скараціць АМАП, ахову сваю і г.д. Тады Эўропа і Амэрыка максымальна дапамогуць Беларусі выйсьці з дадзенай сытуацыі. Пасьля выкананьня гэтых законных патрабаваньняў Эўропы паедзьце павучыцца ў Літву, як трэба кіраваць краінай і думаць пра народ, а ня вешаць лапшыну на вушы народу. Жыве Беларусь!”

Ніна Армалінская, Салігорск: “У бліжэйшыя дні неабходна ліквідаваць грашовую запазычанасьць за энэрганосьбіты перад Расейскай Фэдэрацыяй. Нам сорамна за такі ўрад і за такога прэзыдэнта”.

Павал Давыдзенка, Парычы: “Расеі надакучыла карміць Лукашэнкаў апарат за ягоны падман і папулізм. Трэба было не будаваць лядовыя палацы і розныя гулянкі рабіць, а плаціць за газ і за нафту. А Лукашэнка за што змагаўся, на тое і нарваўся”.

Спадарыня: “Беларуска-расейскі газавы канфлікт – гэта канфлікт прынцыпаў Лукашэнкі і Пуціна. Першы, паводле свайго прынцыпу “магу, але не хачу плаціць”, лічыць, што мае рацыю. А Пуцін сыходзіць са свайго прынцыпу – “ ня хочаш, але прымусім”, і даказвае сваю рацыю. У выніку – прынцып Лукашэнкі ў накаўце. Добра, што на вуліцы апошні месяц лета, а ня першы месяц зімы”.

Спадар: “Вось ужо каторы год Лукашэнка загадвае падлічыць усе страты, якія нясе Беларусь у адносінах з Расеяй і падаць ёй рахунак. А гэтыя дзьве магутныя расейскія базы? Чаму яны расейскія? Пасьля распаду Савецкага Саюзу ўсе базы, якія знаходзіліся на тэрыторыі рэспублік, сталі ўласнасьцю гэтых рэспублік, як, напрыклад, Байканур, які каштуе дзесяткі мільярдаў даляраў, а цяпер належыць Казахстану, і Расея за яго арэнду плаціць 120 мільёнаў даляраў штогод. Калі Расея не захоча плаціць за базы, дык хай будуе такія базы насваёй тэрыторыі. А пэнсіі вайсковыя расейскім пэнсіянэрам, якія аселі на тэрыторыі Беларусі? Гэта ж каля 400 мільёнаў даляраў штогод. І мы павінны плаціць зь беларускага банку, пра гэта гаварыў і сам Лукашэнка. А ўтрыманьне жылых гарадкоў, якія пабудаваныя на нямецкія маркі ў Беларусі? Тут таксама Беларусь павінна плаціць? А ў тры-пяць разоў таньнейшыя за ўсясьветныя тарыфы на агромністыя расейскія транзыты праз Беларусь – гэта ж мільярды даляраў. Калі ўсё гэта падлічыць, дык Расея павінна Беларусі каля двух – трох мільярдаў даляраў штогод. Але ж Лукашэнка ўсё гаворыць, а нічога не выстаўляе, а ўжо даўно пара.”

Спадарыня: “Пачула па вашым радыё, як тры дзяўчынкі 27 ліпеня амаль у лапах кадэбістаў паднялі бел-чырвона-белы сьцяг у парку Янкі Купалы з лёзунгам “Жыве Беларусь!” Я далёка не сэнтымэнтальны чалавек, але калі б я мела магчымасьць, я проста пацалавала б рукі гэтым дзяўчынкам”.

Спадарыня, Баранавічы: “Я зьвяртаюся да вас, Аляксандр Рыгоравіч. Мы ў сакавіку мінулага году галасавалі за багатую й квітнеючую Беларусь. Не за вас. А, як рэклямавалі ўсе тэлеканалы і дзяржаўныя газэты, што мы галасуем за багацьце. Дык дзе ж тое багацьце, калі мы, пэнсіянэры, ужо год не атрымліваем павышаную пэнсію, а кошты растуць і растуць? Дык як жа ж гэта зразумець? Тая бедная Ўкраіна, як лічыць наш беларускі прасталюд, можа плаціць за газ і значна болей, чым мы, а мы, багатыя, вымушаныя браць крэдыт ды яшчэ і на 15 гадоў. Як жа ж гэта так атрымліваецца? Крэдыт вяртаць давядзецца, можа, прадстаўніку наступнага пакаленьня. Аляксандр Рыгоравіч, не ускладайце свае праблемы на плечы другой дзяржавы.”

Ларыса, Менск: “Пакуль мы ня выплацім поўную суму за газ мы і наша кіраўніцтва будзем пад прэсам. І ўсе будуць у напружаньні, таму ня трэба праводзіць такія экспэрыметы, а трэба адкрыта, перад усім народам прызнаць сваю віну, а не рабіць нападкі на Расею. Калі падпісалі дамову, то трэба яе выконваць, у выніку давядзецца плаціць па поўнай праграме. Мы ж плацім. Толькі прынясуць “жыроўку” і зайдзіце на пошту – усе сьпяшаюцца, асабліва пэнсіянэры, каб не было запазычанасьці. Так што, нашы кіраўнікі, кіруйцеся нашым прыкладам. Пасьля гэтай аплаты за ўсе паслугі, у нас застаецца мала грошай, і з гэтага моманту мы пачынаем эканоміць. Кіруйцеся нашым прыкладам – пачынайце эканоміць, не раскідайце дзяржаўныя грошы на дробязі. Будзьце сьціплымі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG