Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Шалаева: “Я веру ў тое, што гісторыя раскладзе ўсё па сваіх месцах”


Радыё Свабода Алена Шалаева – удзельнік праграмы “У што я веру”

Жыцьцё так імкліва ляціць, столькі ўсяго здараецца на шалёнай хуткасьці, што часам не пасьпяваеш паставіць у сваёй памяці галачку насупраць важнай падзеі. Застаюцца паштоўкі, падарункі, забытыя кніжкі, музыка. Часам баісься прапусьціць штосьці важнае.

Вярнулася нядаўна з археалягічнай экспэдыцыі пад кіраўніцтвам Марата Клімава, зь Верхнядзвінскага раёну. Там мы раскопвалі фэадальную сядзібу раньняга сярэднявечча. Выдатны атрымаўся адпачынак! Кавалачкі керамікі, касьцяныя накладкі й бронзавыя ўпрыгожаньні праляжалі ў зямлі каля васьмісот год. І калі знаходзіш такі маленечкі, але сапраўдны адбітак таго часу, проста фантастычнае адчуваньне захлынае цябе. Там я яшчэ раз пераканалася: ніхто ня зможа сказіць мінулае назаўжды. Няхай перапісваюцца падручнікі – час падмануць нельга. І я веру ў гісторыю, у тое, што яна ў патрэбны час усё зьбярэ і раскладзе па сваіх месцах.

Веру ў людзей. Я думаю, гэта самае галоўнае ў жыцьці. Дзякуй Богу, сустракаюцца цікавыя, добрыя і сапраўды мае. Аднойчы давялося рабіць выбар – застацца тут ці зьехаць за мяжу. Няхай не крыўдзяцца замежныя сваякі, якія ўвесь час запрашаюць “у лепшую краіну”, але менавіта людзі і ўтрымалі. Аказалася, не магу без сваіх.

Ды і ўвогуле, зьязджаць з роднай краіны з-за некалькіх, не зусім нармальных, таксама не па мне. Увогуле, я веру ў беларусаў: яны не такія простыя й наіўныя, як здаецца на першы погляд. Наш час толькі надыходзіць. Я веру: яны такія, як мае сябры, – рашучыя, цікавыя і актыўныя аптымісты. Упэўнена, будучыня за моладзьдзю, за тымі, хто паважае сябе й думае сваёй галавой. Ведаю такіх 20-ці, 16-ці, і нават 14-ці гадовых. Ім ніхто і нішто не перашкодзіць – папросту адчуваю гэта.

Непрадказальнасьць лёсу (у які таксама веру) зводзіць з рознымі людзьмі і кідае ў самыя фантастычныя сытуацыі. У нейкі момант на сэкунду вір жыцьця спыняецца, і ты – нібыта вядро халоднай вады на галаву – раптам бачыш, адчуваеш, канстатуеш: каханьне. Веру ў каханьне, канечне. Упэўнена, гэта самае лепшае і моцнае пачуцьцё, якое можа авалодаць чалавекам. У ім – самая надзейная абарона, самае вялікае натхненьне і, мабыць, сэнс жыцьця. Гучыць трохі патасна, але для дзяўчыны майго ўзросту вельмі надзённая тэма. Я думаю, што гэта вялікі дар Божы, які трэба ахоўваць, песьціць і падтрымліваць. Я ў яго веру й спадзяюся, яно паверыць у мяне.

Веру, што бацькі некалі мяне зразумеюць і перастануць нэрвавацца. Чамусьці штораніцу веру сыноптыкам, хаця найлепшым сыноптыкам, як і лекарам, была мая бабуля. Веру ў адчувальнасьць душы, дабро і казку.

Шмат у што веру. Бязь веры – нельга.
XS
SM
MD
LG