Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Менгарсуд задаволіў скаргу студэнта Юрыя Алейніка


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня Менскі гарадзкі суд пад старшыньствам Міхаіла Басава цалкам задаволіў скаргу былога студэнта Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Юрыя Алейніка. Студэнт-выдатнік быў адлічаны з 4-га курсу Акадэміі 15 траўня 2007 году, нібыта, за прагулы. Аднак Юры Алейнік лічыць, што сапраўдная прычына адлічэньня – ягоная грамадзянская пазыцыя і палітычныя погляды.

Паседжаньне суду доўжылася ўсяго 15 хвілін. У адпаведнасьці з рашэньнем, справа Юрыя Алейніка вяртаецца зноў на разгляд у суд Кастрычніцкага раёну Менску. Першы камэнтар заяўніка – для Радыё Свабода:

“Я вельмі рады. Бо гэта азначае, што ў судовай сыстэме нашай краіны ня ўсё страчана. Ёсьць мяжа справядлівасьці. І зараз справа будзе разглядацца ізноў ад самага пачатку».

Юры Алейнік кажа, што ў мінулым месяцы суд Кастрычніцкага раёну вызначыў: “Акадэмія прэзыдэнта падпарадкуецца прэзыдэнту”, і таму, быццам бы, ня суд, а Лукашэнка мусіць вырашаць лёс студэнта.

Сябры, якія прыйшлі падтрымаць Юры Алейніка, цьвердзяць, што іншага рашэньня й не чакалі. Меркаваньне Андрэя Сушко:

“Гэты працэс – знакавы. Судзьдзі не маглі вынесьці рашэньне супраць Алейніка. Усё ж відочна. Нават судзьдзі ў гэтай краіне бачаць, што нельга чалавека пазбаўляць асноўных правоў”.

На судзе прысутнічаў Стывэн Гілен – другі сакратар Амбасады ЗША ў Беларусі:

“Нас цікавіць справа Юрыя Алейніка. Мы падтрымліваем дэмакратычна-сацыяльную актыўнасьць, якую выяўляюць людзі ў Беларусі”.

Абаронцам у судзе быў юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак. Ягоныя высновы:

“Вядома, мы з задавальненьнем успрынялі вызначэньне суду. Усё ж такі хаця б у такой форме законнасьць на сёньня ўзяла верх. Відочна, што на цалкам незаконныя рэчы суд ня можа заплюшчыць вочы”.



• Рух “За Свабоду” заклікаў патрымаць студэнта Юрыя Алейніка, 02.07.2007
XS
SM
MD
LG