Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фотаконкурс "Мая Беларусь”: “Перамога працуе на ваша і наша Сьвятло!”


Радыё Свабода З аглядам 11-га фататыдня вядучы Валер Дранчук. Ад серады да серады: 26 ліпеня – 1 жніўня.

УДЗЕЛЬНІКІ:

Зьміцер Бадзевіч Вадзім Вячаслаў К. Ева Гілевіч Аксана Лунінец Каця Мінтэль (Minka) Юрка Рапецкі Slava Ганна Сырэль Уладзімер Сяргееў Вадзім Цітоў Антон Якутовіч

ПЕРАМОЖЦЫ ПАПЯРЭДНІХ 10 ТЫДНЯЎ

1 тыдзень: Кася Штырліц, Алесь Асіпенка, Аляксандар Кушнер 2 тыдзень: Аляксей Ажынскі, Людміла Пракопава, InSomnia 3 тыдзень: Юры Калбасіч, Сяржук Гудзілін, Уладзімер Урбановіч, Людміла Вітушкава 4 тыдзень: Кася Шумская, Slava, Аксана Лунінец 5 тыдзень: Вадзім Цітоў, Дзяніс Федарэнка, Валеры Казюмінскі 6 тыдзень: Дзмітрый Зяньковіч, Алеся Сідлярэвіч, Тацяна Мірановіч 7 тыдзень: Віталь Бразоўскі, Паліна Грынчанка, Вадзім Гайдалёнак 8 тыдзень: Ева Гілевіч, Minka, Сяргей Міхальчук 9 тыдзень: Уладзімер Ткачэнка, Сяргей Пялеса, Валярына (Валерыя Кустава) 10 тыдзень: Ганна Сырэль, Алена Лютко, Zorna

Да ўвагі пераможцаў і ўдзельнікаў фатаконкурсу “Мая Беларусь”

Хто не даслаў свае паштовыя адрасы, просім даслаць альбо скантактавацца з прыёмнай Менскага бюро “Свабоды” для ўдакладненьня стасункаў, тэлефон 280 35 24. Мусім асобна заўважыць, што ўдзельнікам фатаконкурсу зьяўляецца кожны, чыя праца (працы) выстаўляліся ў нашай галерэі. Дзякуй за клопат.

Сёньняшнія рубрыкі:

АГЛЯД ФАТАСКРЫНІ ЗДЫМАК ТЫДНЯ ЭСЭ АД ПЕРАМОЖЦЫ ЛІСТАВАНЬНЕ

АГЛЯД ФАТАСКРЫНІ

Перамога працуе на ваша і наша Сьвятло!

Прыемны, выключна прыемны факт: шмат хто з удзельнікаў-пераможцаў не перастае й надалей нам ліставаць, больш за тое – знаходзіцца ў выдатнай творчай форме, каб працягваць дыялёг, цікава і шчыра выказвацца, дарыць Сьвятло свайго сэрца і камэры. Гэта сьведчыць, што запасы Сьвятла і Свабоды на Беларусі невычарпальныя, што патэнцыял фатаконкурсу “Мая Беларусь” межаў ня мае і кожны здымак, кожнае імя – гэта запрашэньне да знаёмства, яднаньне ў любові і лепшых пачуцьцях да Бацькаўшчыны. Калі мы распачыналі наш конкурс, я ўжо на другі тыдзень меў падставы казаць: Сьвятло працуе на Вашу перамогу! Сёньня маю іншы, ня менш пазытыўны грунт: перамога працуе на ваша і наша Сьвятло!

“Дзякуй за тое, што вы дапамагаеце несьці людзям Сьвятло Радзімай Беларусі! – піша ў дадатку да сёньняшняй публікацыі Ева Гілевіч, пераможца восьмага тыдня і аўтарка “Рамонкавага раю”. – Дзякуй за тое, што абуджаеце ў моладзі цікавасьць да роднага краю, айчынных вартасьцяў і даяце магчымасьць шматлюднаму колу “Свабоды” ўбачыць Нечаканую, Невядомую й такую Родную Беларусь!”

“Зь вялiкай радасьцю працягваю ўдзельнiчаць у конкурсе! – чытаю ліст ад Каці Мінтэль, прызёркі восьмага фататыдня (сэрыя здымкаў з Купалавай Вязынкі). – Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбiраеш, казаў гэтак некалi наш пясьняр Якуб Колас. I праўда, як толькi прыходзiць лета, я пачынаю вандроўкі па родным краі. Ня ведаю, цi я шукаю нешта або кагосьцi, але часьцiнку сваёй душы я там пакiдаю, бо я люблю наш родны край сваёй маленькай любоўю. I ён адказвае мне ўзаемнасьцю. Часта пытаюся: “А дзе ён, мой Край?” Чым больш падарожнiчала, тым больш адказаў, розных i нечаканых, знаходзiла для сябе.

“Дзе мой край? – там, дзе вечную песьню пяе Белавежа”, казаў Караткевiч.

Ён там, дзе я жадаю і прагну жыць – марыць, змагацца, любiць.

Ён там, дзе ты мне казаў, што я для цябе – паветра, а мне станавiлася лёгка й спакойна, заставалася толькi абняць цябе.

Мой край там, дзе жывуць патрыёты. Ён тут. Побач. Сёньня.

Гэта прамень свабоды. Сонца.

Гэта мой сьцяг.

Мая краiна. Мая Беларусь.

Сэрыя так і называецца – “Дзе мой край?”, бо я ведаю, што кожны з нас мае свой адказ на гэтае пытаньне. А можа, яшчэ ў пошуках яго…”

Так напісала нам Каця Мінтэль. Глядзім яе сэрыю.

(с) Каця Мінтэль (Minka) Дзе мой край. Скульптурная кампазыцыя з вадой і дзяўчынкай, Гальшаны

(с) Каця Мінтэль (Minka) Дзе мой край. Сьвята незалежнасьці ў Гальшанах

(с) Каця Мінтэль (Minka) Дзе мой край. Вясновы эцюд, Крэва

(с) Каця Мінтэль (Minka) Дзе мой край. Апошнія промні. Возера Дзікае, Нясьвіж

(с) Каця Мінтэль (Minka) Дзе мой край. Зрушаныя пласты. Рэстаўрацыя замка ў Нясьвіжы

(с) Каця Мінтэль (Minka) Дзе мой край. Дзедка і бабка. Вяртаньне дахаты

“Дасылаю Вам трошкі новага, – працягвае Ева Гілевіч. – На мінулым тыдні мне пашчасьціла адхапіць у дажджлівага беларускага лета адзін дзянёк цёпла-сонечнага надвор''я. І вось – вынік: удалося крыху засьпець такога жаданага Сьвятла й падзяліцца ім з Вамі. Тэма фатаздымкаў – "Сьветлыя вобразы краю".

(с) Ева Гілевіч Сьветлыя вобразы краю. На адвячорак

(с) Ева Гілевіч Сьветлыя вобразы краю. Як напамін

(с) Ева Гілевіч Сьветлыя вобразы краю. Сланечнік

(с) Ева Гілевіч Сьветлыя вобразы краю. Казачны волат

(с) Ева Гілевіч Сьветлыя вобразы краю. Нябесныя ноткі

(с) Ева Гілевіч Сьветлыя вобразы краю. Адвечны сымбаль

Тым часам праз колькі тыдняў буслы пачнуць зьбірацца ў чароды, займаць высокія дрэвы ды падоўгу стаяць на якім-небудзь сухім вільчыку дуба, як даводзілася ня раз бачыць у раздольных наднёманскіх поймах (нярэдка бусел гадзіны выстойваў на адной назе).

Прапанова: на разьвітаньне зь Вялікай птушкай Беларусі – лепшае з Вашых фотаабоймаў, сябры, для наступных тыдняў. Дарэчы, апошнім здымкам фатаконкурсу і мяркуецца сюжэт з разьвітальна-бусьлінай тэматыкі. Чакаем.

Чарговае паведамленьне ад Аксаны Лунінец, нашай актыўнай удзельніцы і пераможцы чацьвергата тыдня:

“Дасылаю партрэт дзеда. Дзед ня мой і фатаздымак ня мой. Яго зрабіў мой дзядзька Андрэй Спрынчан у канцы 1970-х--пачатку 1980-х гадоў. Партрэт гэты я вельмі люблю, ён вісіць у мяне на лецішчы ў "Залі Беларускай Мудрасьці" і натхняе на жыцьцё. Так і хочацца стаць калісьці такой жа бабулькай – беларускай Каля Бруньёнкай”.

Натхняйцеся на вечную маладосьць, Аксана. Што яшчэ ў Вашай залі? Спадару Андрэю – прывітаньне!

(с) Аксана Лунінец Беларускі Каля Бруньён

“Вельмі ўдзячная, што мой здымак нарэшце перамог у вашым конкурсе, – чытаю ліст Ганны Сырэль з Ушачаў, пераможцы мінулага тыдня. – Але гэта ня ўсё, бо хочацца падзяліцца яшчэ шмат якімі сваімі працамі”. Ганна даслала таксама эсэ ад пераможцы, гл. далей.

(с) Ганна Сырэль Два колеры – дзьве канфесіі (вітраж). Зьлева – касьцёл Прасьвятой Тройцы, справа – Сьвята-Раства-Багародзіцкі сабор, Глыбокае

Бел-чырвона-белае

(с) Зьміцер Бадзевіч Экспрэсія Руху. Летнік Руху “ЗА СВАБОДУ” (27 – 29 ліпеня), прысвечаны гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці.

“На летніку, – распавядае Зьміцер, – было шмат партый і моладзевых арганізацый зь Беларусі, а таксама госьці з Украіны. Была велізарная культурная праграма, арганізаваная краязнаўцамі, экалягічныя акцыі, дыскатэка, сядзелкі ля вогнішча, канцэрт фольк-гурта "Кліч" (Пінск)”.

Гэты сюжэт я выбраў з фатахронікі, якую даслаў сп.Зьміцер на Свабоду. Глядзі далей: здымак тыдня.

(с) Аляксандар Шульгач Дзень горада ў Берасьці

Сьвет вакол нас: сытуацыі, людзі, шыльды

(с) Антон Якутовіч Усё лепшае – дзецям. Усталяваньне (парадкаваньне?) дзіцячага грыбка зь пясочніцай, Пінск

Гледзячы на сумна-іранічны здымак сп.Якутовіча (яго трэба ўважліва паглядзець), знаходзіш і пазытыўны момант: каб прывезьці рачны пясочак “малым на радасьць”, камунальныя службы знайшлі падводу, а не адправілі на блізкі бераг самазвал з экскаватарам.

(с) Вячаслаў К. Фота з Басовішча-2007: такая вось баечка...

(с) Slava Здымкі пра сум і дэпрэсію. Урбаністычны пэйзаж – электралінія праз Дняпроўскі луг на ўскрайку Магілёва

(с) Slava Здымкі пра сум і дэпрэсію. Дрэва, што захавалася ў выніку нібыта "санітарнай" вырубкі. Правы бераг ракі Лахва побач вёскі Князеўка, Магілёўскі раён

(с) Slava Здымкі пра сум і дэпрэсію. Гарадзкі краявід. “Патрыярхальны” куточак побач Віленскага рынку, Магілёў

(с) Slava Здымкі пра сум і дэпрэсію. Несапраўднае ДТЗ

Полацкі фатасшытак Вадзіма Цітова. Гартаем старонкі: “Надпіс на шыльдзе: “Гісторыка-культурная каштоўнасьць. Забудова вул. Леніна, дом №26. XIX – пач.XX ст.ст. Прычыненьне шкоды караецца законам”. Вуліца Леніна – былая Вялікая, пазней Ніжне-Пакроўская – адна зь нешматлікіх, на якой захаваліся помнікі старасьвеччыны. Улады зьбіраюцца вярнуць яе старую назву. А пакуль – і гэта добры крок! – вешаюць адмысловыя шыльды на помнікі архітэктуры з пазначэньнем таго, што мясьцілася тут раней”. Ёсьць, аднак, і кепскія прыклады, заўважае Вадзім. “Дом №6, які стаіць у паўразбураным стане на вуліцы Скарыны, варты зусім іншых адносін. У гэтым доме раней разьмяшчалася канцылярыя паравога млына братоў Левіных”.

(с) Вадзім Цітоў Полацкі фатасшытак. Дом №26 па вуліцы Леніна

(с) Вадзім Цітоў Полацкі фатасшытак. Дом на вуліцы Еўфрасіньні Полацкай таксама пазначаны ахоўнай шыльдай

(с) Вадзім Цітоў Полацкі фатасшытак. Дом на вуліцы Скарыны, яшчэ адзін помнік архітэктуры, пад аховай закона і адмысловай шыльды

(с) Вадзім Цітоў Полацкі фатасшытак. Дом №6 на вуліцы Скарыны – былая канцылярыя паравога млына братоў Левіных – чакае пакуль што ахоўнага знаку

Новае імя

Ліст ад Вадзіма, які жыве за межамі Беларусі. Наведваючы родны дом, ён шмат здымае, каб паказаць мілы вобраз Радзімы іншым ды часам сагрэцца ўспамінам самому. Сёньня на яго здымках – краявіды Палесься і Полацкая Сафія. Вадзім – дэбютант фатаконкурсу. Чакаем працягу.

(с) Вадзім Краявіды Палесься. Неруш берага

(с) Вадзім Краявіды Палесься. Бярозка на пні

(с) Вадзім Краявіды Палесься. Бусел на фоне раўніны

(с) Вадзім Краявіды Палесься. Гняздо на дзіравай страсе

(с) Вадзім Сьвятая Сафія, Полацак

(с) Вадзім Сьвятая Сафія, Полацак

Здымак Вільлі ад Юркі Рапэцкага (Таронта, Канада).

(с) Юрка Рапэцкі На беразе ракі Вільлі

Упершыню даслаў ліст Уладзімер Сяргееў – працяг тэмы нашага стаўленьня да памяці продкаў, шанаваньня сьлядоў гісторыі свайго краю. Ліст, магчыма, і задоўгі для нашых старонак, аднак, мяркую, яго варта прачытаць.

“У чэрвені 2007 году, – піша спадар Уладзімер, – была выбрана дзялянка лесу паміж вёскамі Кіявец і Абчуга (былое мястэчка) на месцы забытага жыдоўскага кладзішча. Дарэчы, ніякага, тым больш адмоўнага сэнсу ў слова жыд я ня ўкладваю, проста так заўсёды гаварыў мой дзед, які зь імі сябраваў.

Высылаю фатакарткі адкрытай панарамы кладзішча й некаторых магіл. Трэба сказаць, што вальшчыкі лесу, колькі дазваляла іх цяжкая праца, аднесьліся да пахаваньняў досыць паважліва й беражліва. Дзьве магілы былі парушаныя раней – спрабавалі раскапаць невядомыя. Аднак, відаць, не пасьпелі ці, можа, дайшло, што жыды ня будуць класьці ў труну каштоўнасьці, як тыя браты славяне "бомбу чарніла" (такое бывае), думаючы, што на тым свеце замучыць смага.

Не прайшло і двух месяцаў, а могілкі ўжо зарастаюць быллём і хутка цяжка іх будзе знайсьці. А праз колькі дзясяткаў гадоў будуць яны такімі ж таямнічымі, як тое гарадзішча ці курганы, пра якія думаюць, што іх накапалі ці то французы, ці то шведы І цяпер ужо ніхто ня ведае, дзе была сінагога, хедар, карчма, шынок, крама Мойшы ці Сары; няма ніводнай жыдоўскай хаты (глядзіце, спадар Уладзімер, наш восьмы тыдзень, публікацыю Сяргея Міхальчука – В.Д.)

І ўспомнілася мне, як у 1946-м годзе, вясной, рускамоўны хлопчык, прывезены да дзеда (бацька-афіцэр загінуў на фронце, маці-інжынер цяжка захварэла), вучань першае клясы, пакінуты пасьля ўрокаў, бег дадому з Абчугі ў Кіявец. І было насамрэч сьцюдзёна, дзьмуў золкі вецер і сыпаў калючы дождж, мусіць, нават са сьнегам, і нічога не напамінала вясну, і было трывожна і страшнавата. І праз шэрань вады і сьнегу на ўскрайку лесу ўбачылася чалавечая постаць – на каленях, прыпадаючы да зямлі, задзіраючы галаву ў неба і, як быццам, чалавек той стагнаў. І напужаўся малец, і пабег угрунь дамоў.

І цяпер, болей чым праз шэсьцьдзесят гадоў, неяк ніякавата мне, што не падышоў да гэтага чалавека, не пашкадаваў яго. Трэба думаць, гэта быў выпадкова ацалелы ў ліхалецці вайны жыд, які прыехаў праведаць-дазнацца пра апошнія дні сваіх родных і прыйшоў назаўжды разьвітацца з магіламі продкаў. І быў ён адзін на ўсім сьвеце, бо не было ўжо мястэчкаў Бобр, Ухвала, Чарэя, Чашнікі, Халопенічы, як не было ўжо наогул на ўсёй беларускай зямлі жыдоўскай культуры”.

Уладзімер Сяргееў – з тэмай “Жыдоўскія могілкі”.

(с) Уладзімер Сяргееў Жыдоўскія могілкі (1), Крупскі раён

(с) Уладзімер Сяргееў Жыдоўскія могілкі (2), Крупскі раён

(с) Уладзімер Сяргееў Жыдоўскія могілкі (3), Крупскі раён

Наапошку

Фотанапамінак Алы Таранко: хутка яблычны Спас. Сёлета ў садах Беларусі – няяблычна. Па леташнім багацьці гэта нават ня крыўдна. Трэба ўмець багавейліва ўспамінаць ды чакаць лета наступнага.

(с) Ала Таранко Перад Спасам

ЗДЫМАК ТЫДНЯ

Два рэтраздымкі ад Антона Якутовіча. Абодвум здымкам – 70 гадоў (прыз – радыёпрымач)

“Рады прадставіць Вашай увазе два рэтраздымкі, – чытаю ліст ад нашага нядаўняга аўтара Антона Якутовіча зь Пінска. – На жаль, няшмат пра іх ведаю, каб нешта цікавае распавесьці. Гісторыю кожнага трэба яшчэ вывучаць, весьці адмысловы досьлед. Але датаваныя яны 1937 годам. На першым мая прабабуля на байдарцы. Месца здымкі: Пінск. Пра акалічнасьці другога нічога пакуль невядома, але сам здымак мне надзвычай падабаецца. Ад яго так і вее забытай, пакінутай дзесьці там, у гісторыі, нацыянальнай самабытнасьцю”.

Дамовімся, Антон, такім чынам. Па-першае, як звалі Вашу прабабулю. Ці яна аднойчы, дзеля здымку, села ў байдарку, ці гэта было яе спартыўным захапленьнем? Згадзіцеся, тое надзвычай важна. Патрэбны дэталі. І хто перахоўвае здымак – факт, што ён захаваўся, сьведчыць пра добрую традыцыю Вашай сям’і. Нарэшце, думаю, знойдуцца людзі, якія нешта скажуць і пра Вашых цудоўных музыкаў. Адным словам, нагружаю Вас вялікай краязнаўчай работай. Пра гэта Вы і напішаце нам для рубрыкі “Эсэ ад пераможцы”. Дзякуй, віншую!

(с) Антон Якутовіч Супраць плыні

(с) Антон Якутовіч Мэлёдыі Радзімы

Жыдоўскія могілкі. Тэма з аповяду і трох здымкаў (прыз – радыёпрымач)

Аўтар сюжэту – Уладзімер Сяргееў, гл. вышэй. Ганаруецца за цікавы аповяд і актуальны фотададатак. Абаронца з камэрай у руках. Паводле аповяду, немалады чалавек. Прадчуваю, габрэйскія клады – далёка ня першае, што ён абараняў у жыцьці. Можа, спадар Уладзімер, напішаце пра гэта ў адмысловым эсэ? Будзем чакаць. А пакуль – мае віншаваньні.

Дно праверана. Ямаў няма (прыз – радыёпрымач – гераіні сюжэта)

(с) Зьміцер Бадзевіч Экспрэсія Руху. Летнік Руху “ЗА СВАБОДУ” (27 – 29 ліпеня), прысьвечаны гадавіне абвяшчэньня Незалежнасьці

Гэты сюжэт я выбраў з фатахронікі, якую даслаў сп.Зьміцер на “Свабоду”. Выбар невыпадковы. Сюжэтаў са сьцягам (без мэтафараў) у падобных публікацыях вельмі шмат, аднак гэты (дарэчы, без назвы і пазначэньня ракі, на жаль) ёсьць адрозным ад большасьці прамалінейных кадраў з абоймы. Безумоўна, экстравагантнасьць сытуацыі. Безумоўна, нагода – гадавіна нашай Незалежнасьці. Безумоўна, энэргія пачуцьця. Я назваў сюжэт “Экспрэсія Руху”. Трэба аддаць належнае і гераіні здымка, якая ў пэўным сэньсе “стварыла” гэты кадр. Экспрэсія – вышэй небясьпекі (у дадзеным выпадку, ня будзем забывацца, – вада, рэчышча, дно тояць і небясьпекі), таму я назваў бы ўчынак дзяўчыны і рызыкоўна-сьмелым.

Дзякуй, Зьміцер, за здымак! Спадзяюся, Вы як аўтар ня прымеце за крыўду маё (тут я падкрэсьлю – менавіта маё) рашэньне ганараваць прызам гераіню Вашага здымка. Я іду на гэты крок, маючы падставы стварыць прэцэдэнт героя здымка, што надзвычай важна для нашага фатаконкурсу. Чакаем новага.

ЭСЭ АД ПЕРАМОЖЦЫ

Ганна Сырэль, дзясяты (мінулы) тыдзень, “Бліскавіца над мікрараёнам у Віцебску”:

“Адседзела перад акном паўначы, хоць на раніцу чакаў іспыт”

“Якое трапятаньне адчуваеш, калі, праседзеўшы гадзіну, нарэшце ЯЕ зловіш! І як жа б''е расчараваньнем у сэрца кожная маланка, што разьмінулася з тымі дзесяцьцю сэкундамі, якія працуе здымач! А колькі згубленых момантаў мучаць, калі раптам “селі” батарэйкі... Маланка – гэта дзіва. Быццам контуры палаючай у небе ракі Амазонкі. Вечна глядзела б. Апантаная паляваньнем на ЯЕ.

Першую спробу зрабіла год таму. І за год выпала толькі тры магчымасьці такога паляваньня. Безумоўна, дасланы на конкурс здымак пакуль што самы ўдалы. Нават не чакала гэткай удачы. Адседзела перад акном паўначы, нягледзячы на тое, што заўтра раніцай чакаў іспыт. Проста не магла ўтрымацца.

Што да фатаздымкі, магу падзяліцца досьведам з іншымі аматарамі. Здымаць трэба толькі ўначы, бо інакш на вытрымцы 10 сэкундаў будзе засьветлы кадр. Улетку нават а трэцяй-чацьвёртай раніцы ўжо нічога якаснага не атрымліваеце: успышкі маланкі засьвечваюць кадр.

Жадаю ўсім злавіць сваю маланку”.

ЛІСТАВАНЬНЕ

Сьвятлане М. Атрымалі ўсё, што Вы дасылалі. Убачымся. Паўлу Г. Тэму глядзіце ў нашых умовах. І здымайце што Вам даспадобы. Удачы! Сяргею Р. На тыдзень тэму ня ставім. Як прапановы, былі пажаданьні паглядзець на старыя рэчы, перабраць бабулін куфэрак, пацікавіцца сямейным архівам ды інш. Гаварылі пра тэму пчалы, асабліва борцяў (калодаў), сельскай працы, беларускага дзяцінства. Сёньня пазначана тэма бусьлінага выраю (гл. вышэй). Здымайце і дасылайце.

З пажаданьнем пераможнага сьвятла ў Вашых сэрцах і камэрах,

Валер Дранчук

Ад вэб-рэдактара. Просьба да ўдзельнікаў конкурсу дасылаць фатаздымкі з наступнымі парамэтрамі: гарызантальныя – шырыня 500 max 600 піксэлаў, вэртыкальныя – вышыня max 500 піксэлаў. Таксама просьба захоўваць фатаздымкі ў якасьці Medium quality, памерам ня болей за 100 кілябайт. Загадзя ўдзячныя – гэта паскорыць апрацоўку здымкаў, іх выстаўленьне і загрузку.
XS
SM
MD
LG