Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Tygodnіk Powszechny” прапанаваў чытачам экскурс у беларускую гісторыю


Кастусь Бандарук, Прага Аўтарытэтнае польскае выданьне “Tygodnіk Powszechny” надрукавала ў канцы ліпеня газэтны дадатак “Гісторыя ў Тыднёвіку”, прысьвечаны Беларусі. У ім – дзясятак артыкулаў польскіх і беларускіх аўтараў, некалькі гутарак зь беларускімі адмыслоўцамі пра найноўшую гісторыю, стан нацыянальнай сьвядомасьці і культуры Беларусі, а таксама пра драматычнае змаганьне беларусаў за захаваньне сваёй адметнасьці і ўласнай тоеснасьці.

Адзін зь лідэраў дэмакратычнага руху Беларусі Аляксандар Мілінкевіч ва ўступным слове да гэтай сэрыі гістарычных артыкулаў выказвае задавальненьне, што, не зважаючы на спрэчкі адносна заслугаў і нацыянальнай прыналежнасьці асобных гістарычных пастацяў, палякі ўсё ж хочуць ведаць беларускую гісторыю.

“Цягам стагодзьдзяў больш магутныя суседзі Беларусі спрабавалі пісаць за яе і навязваць ёй сваё бачаньне гісторыі, зьняважліва ставячыся да адметнасьці беларусаў, да іхнай культуры і традыцыяў”, – піша А.Мілінкевіч. На ягоную думку, нягледзячы на 16 гадоў незалежнасьці, беларусы ўсё яшчэ стаяць перад задачай спазнаць і зразумець свой складаны гістарычны лёс, які ёсьць ключавым момантам для захаваньня нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў і для разьвіцьця будучай Беларусі як эўрапейскай, дэмакратычнай дзяржавы.

Паводле А.Мілінкевіча, частка беларускіх інтэлектулаў не паддалася ні савецкай прапагандзе, ні ідэалягічнаму ціску цяперашняга рэжыму, таму, лічыць А.Мілінкевіч, недалёкі той час, калі большасьць грамадзтва будзе ведаць сваю гісторыю, сымбалі і нацыянальных герояў.

"Гісторыя без герояў"

“Гістарычная сьвядомасьць беларусаў блізкая да нуля”, – кажа ў гутарцы з журналістамі тыднёвіку Малгажатай Ноцунь і Анджэем Бжазецкім пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Паводле яго, прычына тут у царскай і затым савецкай гістарыяграфіі, якія замацавалі міт, нібыта беларусы – малодшыя браты расейцаў, што Расея заўсёды абараняла “праваслаўных” беларускіх братоў, хаця насамрэч паміж Беларусьсю і Расеяй з канца XV да канца XVIII стагодзьдзя вяліся амаль бясконцыя войны.

Паводле гэтага ж міту, да 1917 году не існавала ніякай беларускай дзяржавы, а ўся “праўдзівая” і “правільная” гісторыя пачалася пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Савецкая навука замоўчвала альбо маніпулявала паняцьцем Вялікага княства літоўскага, якое, як падкрэсьлівае Арлоў, “літоўскім” было толькі з назвы. Не было ў афіцыйных падручніках месца для Эўфрасіньні Полацкай ці Францыска Скарыны. “Мяне самога”, кажа пісьменьнік, “вучылі, што Кастусь Каліноўскі быў палякам, які скарыстоўваў беларусаў у сваіх мэтах”.

На вялікі жаль, 1990-я гады і незалежнасьць не прынесьлі разбурэньня гэтых мітаў. Нават беларускія грошы з выявамі нацыянальных герояў не былі надрукаваныя, а беларусы засталіся з так званымі “зайцамі”.

“Абы не было вайны”

Яшчэ адзін міт, які ўдалося стварыць савецкай прапагандзе – гэта міт пра Беларусь як “партызанскую рэспубліку” і пра неверагодны гераізм беларусаў падчас Другой усясьветнай вайны. У артыкуле пад загалоўкам “Краіна ў аблозе” Малгажата Ноцунь піша, што вайна і перамога моцна ўкараніліся ў сьвядомасьці нават маладога пакаленьня беларусаў. Праўда, ледзь ня кожны трэці беларус загінуў падчас вайны, але партызанскі рух толькі часткова быў спантаннай рэакцыяй беларускага грамадзтва.

Насамрэч, кажа філёзаф Алесь Анціпенка, партызанку стварала НКВД, каб мацней зьвязаць беларусаў з Расеяй перад абліччам сумеснага ворага. Партызаны сваімі нападамі правакавалі немцаў на карныя акцыі, а гэта выклікала супраціў з боку насельніцтва.

Пісьменьнік Валянцін Тарас, які падлеткам шчыра і аддана ваяваў у партызанкім атрадзе, прызнае, што ваенная тэматыка стала прадметам паніпуляцыі, сьпярша савецкай, а затым – лукашэнкаўскай. “Прапаганда палохае людзей вайной, варожымі краінамі і ўбівае людзям у галовы, што гэта Лукашэнка бароніць народ ад нападу з боку ворагаў. Вось таму”, канстатуе аўтарка арыкулу, “простыя людзі, асабліва на вёсцы, гатовыя жыць бедна, нават без электрычнасьці і без газу, бо ня гэта галоўнае. Яны паўтараюць, бы мантру: “абы не было вайны”.

“У Курапатах нарадзіўся народ”

Гэтак лічыць рэдактар незалежнага выданьня “Наша Ніва” Зьміцер Панкавец, якога цытуе “Tygodnіk Powszechny”. З таго часу, як у канцы 1980-х гадоў археоляг Зянон Пазьняк і інжынэр Яўген Шмыгалёў апублікавалі артыкул “Курапаты – дарога сьмерці”, праўда пра зьверствы НКВД і хлусьлівую савецкую прапаганду пачала паступова пранікаць у сьвядомасьць людзей.

У кастрычніку 1988-га году падчас “Дзядоў” у Менску адбыўся мітынг з удзелам дзясяткаў тысяч людзей. Як прыгадвае Васіль Быкаў у кнізе “Доўгая дарога дадому”, міліцыя зьбівала і арыштоўвала людзей, але з таго дня апазыцыя штогод адзначае “Дзяды”, і яны сталіся нацыянальным, хаця і неафіцыйным сьвятам.

Пазьней улады спрабавалі пабудаваць праз Курапаты дарогу, аднак моладзь з “Маладога Фронту” днямі і начамі трымалі варту ў лесе на месцы плянаванай будоўлі. Паводле Паўла Севярынца, у намётавым лягеры ў Курапатах сфармавалася новае, маладое пакаленьне беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзячоў.

“Характэрна, што ў Курапатах пабываў нават прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, тым часам як Аляксандар Лукашэнка ніколі не наведаў месца масавых расстрэлаў”, – піша Зьміцер Панкавец у артыкуле “Тут нарадзіўся народ”.

Чаму беларусы любяць Машэрава?

Самы вялікі артыкул у тыднёвіку прысьвечаны жыцьцю і сьмерці 1-га сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава. Ягонае жыцьцё можа быць савецкім варыянтам зьдзяйсьненя “амэрыканскай мары” – “ад чысьцільшчыка абутку да мільянэра”. Зь сялянскай хаты на Віцебшчыне Машэраў прайшоў даўгі шлях да самых вяршыняў улады, які быў перарваны сьмерцю ў загадкавай аўтакатастрофе.

Час ягонага кіраваньня шмат для каго быў пэрыядам імклівай індустрыялізацыі Беларусі, адстойваньня інтарэсаў рэспублікі ў Маскве. Машэраў надзвычай асьцярожна, каб не ўгнявіць Крэмль усё ж абараняў беларускую адметнасьць, спрыяў пісьменьнікам і мастакам. У прыватнасьці, гэта ён не дазволіў зьнішчыць за іншадумства Васіля Быкава, гаворыцца ў артыкуле.

Генадзь Бураўкін лічыць, што без эпохі Машэрава наагул не было б магчымым нацыянальнае адраджэньне 1980-х. Гэтыя некалькі зярнятаў беларушчыны, пасеяныя дзякуючы ціхай падтрымцы Машэрава, пазьней прынесьлі багаты плён.

Як Лукашэнка змагаецца з гістарычнай спадчынай

Сярод артыкулаў, прысьвечаных Беларусі, “Tygodnіk Powszechny” публікуе матэрыял мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага пад загалоўкам “Барбары ля брамаў”. Аўтар піша, што пад выглядам рэканструкцыі і добраўпарадкаваньня ў беларускіх гарадах зьнішчаюцца старыжытныя архітэктурныя аб’екты.

Толькі летась у Беларусі было зьнішчана 40 унікальных помнікаў культуры. Вернікі штодня моляцца, каб кляштар бэрнардынцаў у Менску не ператварылі ў гатэль і забаўляльны цэнтар, – гэткую новую станцыю мэтро “Няміга”, дзе пад зямлёй знайшлі старыя сьцены і залілі іх бэтонам. На Месцы менскага тэатру пабудавалі гатэль “Эўропа”, у Віцебску са шкла і бэтону пабудавалі “вежу князя Альгерда”. Адзінае, што аўтар бачыць станоўчага ў гэтай хвалі разбурэньня, – гэта тое, што ў барацьбе за захваньне гістарычнай спадчыны фармуецца грамадзянская супольнасьць.

Менскі эпізод жыцьця Лі Гарві Освальда

Артыкул Анджэя Бжазецкага “Лі, Алік, Ліхой” прысьвечаны меркаванаму забойцы амэрыканскага прэзыдэнта Джона Кэнэдзі – Лі Гарві Освальду. У 1959 годзе Освальд дэманстратыўна вярнуў амэрыканскі пашпарт і папрасіў палітычнага прытулку ў СССР. Яго пасялілі ў Менску, дзе яго вучыў расейскай мове цяпер ужо былы старшыня Вярхоўнага савету РБ Станіслаў Шушкевіч. Аўтар артыкулу цытуе таксама Аляксандра Лукашука, дырэктара беларускай службы Радыё Свабода, які дасьледваў і цікавіўся Освальдам і яго магчымым удзелам у забойстве амэрыканскага прэзыдэнта.

Таксама сярод матэрыялаў, прысьвечаных Беларусі, можна прачытаць артыкул “Непакорлівая Гарадзеншчына” пра найбуйнейшае антысавецкае ўзброенае фармаваньне, а таксама пра экзатычную зьяву савецкай рэальнасьці – беларускіх гіпі пачатку 1970-х гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG