Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У дзень 90-годзьдзя Янкі Брыля сябры і сваякі згадвалі яго ў Крынічным


Міхал Карневіч, Крынічнае Сёньня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэньня народнага пісьменьніка Беларусі Янкі Брыля. Каб ушанаваць ягоную памяць, на ягоным лецішчы на беразе Нёмана ў Крынічным, што ў Карэліцкім раёне, сабраліся родныя, сябры, паэты і пісьменьнікі.

З канца 1970-х гадоў Янка Брыль амаль кожнае лета праводзіў у Крынічным. Тут ён пісаў, прымаў гасьцей. І вось ужо больш за год, як яго ня стала. Сёньня ў Крынічнае прыехалі пісьменьнікі Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў, Анатоль Жук, Анатоль Кудравец, Анатоль Вярцінскі, Міхась Скобла, Анатоль Сідарэвіч.

Першае, што гучыць з вуснаў кожнага – ніхто ня можа яшчэ звыкнуцца з тым, што Янкі Брыля няма побач. Ягоная дачка Натальля прапанавала, каб кожны напіса нейкі ўспаміны, каб потым выдаць кнігу аб ім. А Анатоль Жук, седзячы пад дубам, дзе звычайна любіў сядзець Янка Брыль, кажа, што ня можа зараз пісаць аб ім у мінулым часе.

Дасьледчык творчасьці Брыля Анатоль Верабей прачытаў цэлы даклад аб адносінах Брыля і Караткевіча. Ягоны матэрыл ужо падрыхтаваны да будучай кнігі. Сяргей Законьнікаў узгадаў, як Янка Брыль балюча шукаў той стрыжань, які аб’яднае вакол сябе беларускі народ. Брыль прыйшоў да высновы, што гэта можа зрабіць толькі мова. Анатоль Вярцінскі чытаў мініятуры Брыля, з асалодай смакуючы ягонае слова.

Атмасфэра панавала цёплая, гучалі песьні, паколькі Янка Брыль сам вельмі любіў сьпяваць. Я пабываў у хаце Брыля, у пакоі, дзе ён пісаў: усё даволі сьціпла – пісьмовы стол, самапіска... А ягоная ўнучка Данута дастала яшчэ друкарскую машынку.

Гаворыць Генадзь Бураўкін:

“Сёньня, у гэты прыемны, радасны дзень, калі Янку Брылю споўнілася б 90 год, мы прывезьлі нашу любоў і павагу да яго ў гэты куток, які ён вельмі любіў, які яго натхняў, і можа быць сапраўды ў гэтай цішыні сёньняшняга спакойнага дня, пад высокім небам, каля дрэваў, дзе ён зусім нядаўна яшчэ хадзіў, побач зь Нёманам, які ён любіў, разумееш, што як вечны наш Нёман і гэтае неба над намі, так вечная і памяць пра Івана Антонавіча Брыля, так вечная яго таленавітая, выдатная творчасьць, так вечная ягоная волатаўская постаць у нашай культуры.

Сёньня мы ня памяць яго адзначаем, а ягонае выдатнае жыцьцё. Гэтыя дрэвы, зь якімі мы пазнаёміліся, памятаюць яго, Нёман памятае яго, а тое, што мы яго помнім – ды божачка мой, хіба можна забыць усё, што ён для нас зрабіў, усё, што ён стварыў для Беларусі?”

Едучы ўпершыню ў Крынічнае, мне некалькі разоў даводзілася пытацца ў людзей, як адшукаць лецішча Янкі Брыля. І кожны чалавек ведаў гэтае месца і імкнуўся як мага падрабязьней патлумачыць, як туды даехаць...

Беларускія пісьменьнікі на 90-годзьдзе Янкі Брыля ў Крынічным

Беларускія пісьменьнікі на 90-годзьдзе Янкі Брыля ў Крынічным
XS
SM
MD
LG