Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гатовы афіцыйны Менск да новай “газавай” атакі?


Алесь Дашчынскі, Менск “Газпром” заявіў, што калі Беларусь ня выплаціць доўг цягам тыдня, то ад 10 жніўня пастаўкі газу ў Беларусь будуць скарочаныя на 30 працэнтаў. Ці заплаціць афіцыйны Менск даўгі, альбо паспрабуе дамагчыся новай адтэрміноўку доўгу?

Сёньня прэзыдэнцкая газэта “Советская Белоруссия” друкуе рэдакцыйны камэнтар да вынікаў беларуска-расейскага газавага канфлікту. У ім “Газпром” параўноўваецца з “братвой” і “злоснай мэдузай Гаргонай”. Як піша газэта, “з-пад рэспэктабэльных масак газпромаўскіх дзеячаў мігнула сапраўдная фізіяномія драпежнікаў”.

Ці азначае гэта, што афіцыйны Менск рыхтуецца да новай “газавай” атакі?

“Крыху ніжэй будзе ўзровень жыцьця – адсоткаў на пяць”

Эканаміст Леанід Злотнікаў сказаў:

“Тут характар няма на чым паказваць. Ёсьць кантракт, дзе ўсё ўзгоднена. Ёсьць рынкавыя стасункі паміж сувэрэннымі дзяржавамі, сувэрэннымі вытворцамі і спажыўцамі. Калі бярэш, то плаці. Тут ваяваць няма на чым. Абвінавачваць Расею, што яна вінавата за тое, што грошы патрабуе – гэта ўжо маральны пройгрыш перад усім сьветам. Таму плаціць будзем – насельніцтва, прадпрыемствы гаспадараньня. Лукашэнка ж са сваёй кішэні ня плаціць. Крыху ніжэй будзе ўзровень жыцьця – адсоткаў на пяць”.

Першы намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Эдуард Таўпянец заявіў, што ў любой сытуацыі эканоміка краіны і насельніцтва не адчулі б рэзкіх збояў у выпадку абмежаваньня паставак. Маўляў, у энэргасыстэме Беларусі ёсьць запасы рэзэрвовага паліва.

У выпадку абмежаваньня паставак давядзецца зьніжаць спажываньне газу

Ці вытрымае Беларусь магчымае 30-працэнтнае абмежаваньне паставак газу? Спадар Злотнікаў мяркуе:

“Ну, вытрымае месяц. Але ж потым давядзецца зьніжаць спажываньне газу прадпрыемствам і насельніцтву. На самой справе грошы павінны быць на газ”.

Эдуард Таўпянец заявіў, што з “Газпромам” амаль дамовіліся пра адтэрміноўку аплаты доўгу да 1 лістапада. Аднак “Газпром” запатрабаваў падзяліць дзейны кантракт на 3 асобныя кантракты. Паводле Таўпянца, дзеяньні “Газпрому” наносяць шкоду сумеснаму прадпрыемству:

“Сёньня “Белтрансгаз” – гэта ня чыста беларуская арганізацыя. Гэта арганізацыя беларуска-расейская. А “Газпром” – давайце вас абмяжуем, давайце мы вам увядзем санкцыі. Каму? Сумеснаму прадпрыемству?”

“Расеі Беларусь надакучыла”

Расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў кажа:

“Ні пра якое сумеснае прадпрыемства расейска-беларускае на базе “Белтрансгазу” няма ніякай гаворкі. Гаворка ідзе толькі пра тое, што “Газпром” выкупляе мізэрнымі кавалачкамі акцыі “Белтрансгазу”. Якое ж гэта СП? Гэта проста сорам”.

Паводле Андрэя Суздальцава, параўнальна зь мінулымі канфліктамі, сытуацыя ў кіраўніка Беларусі цяпер катастрафічная.

“Калі ён цяпер адмовіцца плаціць за газ, тут падымуцца ўсе расейскія мэдыі. Яго проста ператвораць у пыл – яго і яго палітычную групоўку, якая знаходзіцца ва ўладзе ўжо 13 год. Прыгадаецца ўсё. Наагул, Расеі Беларусь надакучыла”.

“Газпром” даў Беларусі адтэрміноўку на тыдзень, 03.07.2007 Анджэй Шчэньсьняк: "Мэта газавых гульняў – аб’яднаньне Беларусі з Расеяй", 03.07.2007 Міністэрства энэргетыкі Беларусі: “Газпром” парушыў дамову, 03.07.2007
XS
SM
MD
LG