Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 3 жніўня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва.

На форумах парталу TUT.by працягваюць рэагаваць на заявы Аляксандра Лукашэнкі, які лічыць, што “анархію ў інтэрнэце трэба спыніць”.

“Пра газ няхай лепей думае, а не пра анархію ў інтэрнэце. Вось яшчэ мадэратар...”

“Замест мадэратара будзе адказны супрацоўнік аддзелу ідэалёгіі й прапаганды Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, пры актыўным удзеле КДБ... ЗА стабільны інтэрнэт!”

“Так, напэўна, ён дабраўся да форумаў і быў у шоку”.

На форумах таксама абмяркоўваюць выказваньні першага намесьніка міністра энэргетыкі Эдуарда Таўпянца аб тым, што Беларусь цягам першага паўгодзьдзя бездакорна выконвала ўмовы кантракту з “Газпромам”. Меркаваньні:

“Ясная рэч! У першым паўгодзьдзі газ папросту атрымлівалі, а ў другім выявілася, што плаціць трэба...”

“Яшчэ б яны ў першым паўгодзьдзі не выконвалі. Яны нават роўненька да 23 ліпеня выконвалі, а потым пачалі гумку цягнуць! А тое, што больш перапампавалі – гэта не “Газпраму” паслугу зрабілі, а самі больш за транзыт зарабілі. А “абяцаньні” – гэта не кантракт на паперцы падпісанай, нашыя таксама майстры наабяцаць. У расейцаў выдатныя настаўнікі пустых абяцанак – во, сёньня, відаць, усю ноч вучыліся!”

На сайце блогаў можна прачытаць нарыс блогера Русьліка пра гісторыю беларускіх дыскатэк.

Першая дыскатэка ў Баранавічах зьявілася ў 1979 годзе і была нават адной з найлепшых у Савецкім Саюзе. Прынамсі, баранавіцкая “Квінта” ў 1981 годзе на ўсесаюзным конкурсе заняла другое месца. А вось з чаго ўсё пачыналася:

“Спачатку супрацоўнікі аднаго з ДК праз абвестку ў мясцовай газэце пачалі шукаць дыск-жакеяў. Большасьць з тых, хто званіў, зусім не разумела, што ад іх патрабуецца. Былі нават пытаньні накшталт: “Вам жакей з канём патрэбен ці без?” Але жакея-мэлямана, што меў замежныя кружэлкі папулярных гуртоў, усё ж знайшлі. Пад лёзунгам “Развлекая, воспитывай и просвещай” дыскатэка “Квінта” была адкрыта. Яе асаблівасьцю былі так званыя тэматычныя вечары. Напрыклад, спачатку паўгадзіны наведнікам апавядалі пра “Queen”, а пасьля гэтага пачыналася ўжо танцавальная праграма”.

А на форумах сайту у разьдзеле “Сьмешныя і бязглуздыя вершы” можна знайсьці вось такі твор:

Гімн абібокам

Я наогул не пісьменьнік, Я звычайны абібок, Як калісьці сам Капернік, Я лятаю між аблок. Ложак мне замест Радзімы, А падушка за дзяўчат, Чым жыве цяпер краіна, Нецікава мне ніяк. Больш вучыцца мне ня трэба, Што хацеў – усё зразумеў. Цікавей глядзець у неба, Слухаць сябра п''яны сьпеў. Многа ем і вельмі часта Для падтрымкі добрых форм. Без турбот зубная паста Дажывае тэрмін свой. Не чапай мяне, матуля, І ня плач, што сын дурны. Ой, чаму ж ня біў татуля, Калі быў яшчэ малым.

* * * Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG