Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як абысьці цэнзуру ў інтэрнэце?


Ігар Карней, Менск Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неабходна “заканадаўча вызначыць статус электронных СМІ”. “Анархію ў інтэрнэце трэба спыняць. Ня варта дазваляць, каб гэтае вялікае дасягненьне чалавецтва ператваралася ў інфармацыйную памыйніцу”, – сказаў кіраўнік дзяржавы ў часе выступу з нагоды 80-годзьдзя газэты “Советская Белоруссия”. Наколькі сур’ёзнай можна лічыць пагрозу існаваньню незалежных рэсурсаў, якія ў сучасных умовах ня маюць магчымасьці працаваць у іншай прасторы, апроч віртуальнай?

Словы Лукашэнкі пра тое, што надышоў час спыніць “анархію ў інтэрнэце”, цяпер надзвычай актыўна абмяркоўваюць заснавальнікі інтэрнэт-рэсурсаў.

Санкцыя на кантроль сеціва?

Як нагадвае рэдактарка сайту “Хартыя-97” Натальля Радзіна, аб тым, што трэба заканадаўча рэгуляваць інтэрнэт, казалі шмат гадоў – і чыноўнікі Міністэрства інфармацыі, і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў:

“Улады даўно ўмешваюцца ў функцыянаваньне інтэрнэту. Усім вядома, што сайты “Хартыі”, радыё “Свабода”, кампаніі БелаПАН блякуюць падчас акцыяў пратэсту апазыцыі ці падчас выбарчых кампаніяў. Таму цяпер, калі Лукашэнка наўпрост сказаў, што неабходна рэгуляваць інтэрнэт, чыноўнікі, якія таксама пра гэта казалі, пачнуць дзейнічаць. Але я спадзяюся, што мы зможам працаваць. Сайт “Хартыі” дае праўдзівую, правераную інфармацыю, і я спадзяюся, што мы й надалей зможам казаць людзям праўду”.

Беларусь пераймае кітайскі досьвед?

Праграміст Генадзь Бокун кажа, што ніякіх тэхнічных складанасьцяў, каб забараніць доступ да таго ці іншага інтэрнэт-рэсурсу, няма:

“Досьвед Кітаю паказвае, што гэта магчыма – на дзяржаўным узроўні кантраляваць трафік, выхад на пэўныя сайты за межы краіны, абмежаваць гэты выхад. Для шараговых карыстальнікаў, для моцна не заангажаваных цалкам рэальна зрабіць такія абмежаваньні, каб яны на пэўныя рэсурсы не змаглі зайсьці: то бок паставіць фільтры ў правайдэраў (альбо правайдэрам проста будзе прадпісана паставіць такія фільтры), забароніць выхад на рэсурсы. І ўсё – выхаду для карыстальнікаў паслуг гэтых правайдэраў туды ня будзе”.

Баявая адзінка цэнзуры – сыстэмны адміністратар

Генадзь Бокун сьцьвярджае: для нэўтралізацыі інтэрнэту не патрэбен вялікі штат праграмістаў – спаралізаваць “непажаданыя” сайты здольны адзін сыстэмны адміністратар:

“Ніякі штат праграмістаў не патрэбен. Існуе адпаведнае праграмнае забесьпячэньне, пры якім, адзін раз запісаўшы рэсурс у сьпіс забароненых, закрываюць туды доступ для ўсіх карыстальнікаў. То бок адзін сыстэмны адміністратар цягам гадзіны можа, груба кажучы, рукамі напісаць сто адрасоў, і на гэтыя сто адрасоў інтэрнэт-сайтаў доступ будзе закрыты для ўсіх, хто ходзіць у інтэрнэт праз канкрэтных правайдэраў”.

Як абысьці цэнзуру?

Ці рэальна абысьці перашкоды, якія могуць быць падрыхтаваныя для інтэрнэт-карыстальнікаў? Праграміст Юры адказвае станоўча:

“Для простага карыстальніка ёсьць некалькі спосабаў, як абысьці блякаваньне сайтаў. Сярод самых простых – гэта ананімайзэры, гэта проксі-сэрвэры, выкарыстаньне проксі-адрасоў і выкарыстаньне праграмы “Тор-парк”.

Усе гэтыя сыстэмы працуюць па тым прынцыпе, што хаваецца сапраўдны адрас альбо сайту, альбо карыстальніка. Найбольш просты спосаб дабрацца да гэтай сыстэмы – скарыстацца ўсім вядомым пошукавым сэрвэрам “Google” і зрабіць запыт па словах “фры-проксі”, “ананімайзэр” альбо “тор-парк”.

Такім чынам будзе знойдзены сьпіс сэрвэраў, празь якія можна падключыцца. Гэта будзе пералік проксі-сэрвэраў. Яны рэгулярна мяняюцца, і няма ніякага сталага сьпісу; трэба выбраць са сьпісу адзін, які для вас найбольш падыходзіць, а інструкцыя па настройваньні праграмы для прагляду інтэрнэту будзе знаходзіцца на тым самым сайце”.

•Як абысьці інтэрнэт-цэнзуру?, 27.06.2007
XS
SM
MD
LG