Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускаму інтэрнэту можа пагражаць павольная сьмерць”


Радыё Свабода Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” выказала глыбокую занепакоенасьць у сувязі з заявамі Аляксандра Лукашэнкі, зробленымі падчас наведваньня рэдакцыі газэты “Советская Белоруссия”. Беларускі кіраўнік выказаўся за неабходнасьць дзяржаўнага кантролю над электроннымі СМІ і за спыненьне “анархіі ў інтэрнэце”.

Паводле “Рэпартэраў бязь межаў, “у выніку арганізаваных уладамі рэпрэсіяў беларускаму інтэрнэту можа пагражаць павольная сьмерць”.

“Кантроль над інфармацыяй у Беларусі зьяўляецца адным з самых жорсткіх на постсавецкай прасторы. Мэдыям жа патрэбны не кантроль, а лібэралізацыя”, – заяўляюць “Рэпартэры бязь межаў”.

У заяве міжнароднай журналісцкай арганізацыі адзначаецца, што “беларускі ўрад мае манаполію на тэлекамунікацыі і зусім не бянтэжыцца блякаваць апазыцыйныя вэб-сайты, асабліва ў часе выбараў. Менавіта гэтыя сайты напаткалі напады хакераў. У часе сакавіцкіх падзеяў 2006 году некаторыя інтэрнэт-старонкі загадкава зьнікалі зь сеціва”.

Згодна з апошнім рэйтынгам “Рэпартэраў бязь межаў”, Беларусь займае 151-ю пазыцыю сярод 168 краінаў паводле ступені дзяржаўнай павагі да свабоды СМІ.
XS
SM
MD
LG