Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Створаны яшчэ адзін фільм пра падзеі вясны 2006 году ў Менску


Севярын Квяткоўскі, Менск 107 хвілін дакумэнтальнай стужкі прысьвечаныя палітычным падзеям вясны 2006-га: прэзыдэнцкім выбарам, Плошчы і студэнтам-каліноўцам, якія зьявіліся пасьля акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, перайменаванай удзельнікамі процістаяньня з уладай у плошчу Кастуся Каліноўскага. Фільм выйшаў у рамках творчага праекту “Беларускі Гальфстрым”. Аўтары стужкі Сяргей Патаранскі і Сяргей Чырык на пачатку жніўня завяршылі працу над другой часткай стужкі “Ў сьнягах драмала вясна”.

Сярод герояў фільму – маладыя творцы, гісторыкі, студэнты, палітыкі, вядомыя дзеячы апазыцыі і ўлады. Перад вачыма гледача зьмяняюцца кадры з пэрформансам, беларускім краявідам, рэлігійнай сымболікай... Гавораць стары селянін, студэнтка, прэзыдэнт Лукашэнка, кандыдаты ў прэзыдэнты Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч, вязень ГУЛАГу і пратэстанцкі пастар Эрнст Сабіла, дырэктар гнанага ўладамі гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас і адзін з ініцыятараў намётавага мястэчка на Плошчы Вячаслаў Сіўчык.

Сяргей Патаранскі называе свой фільм “панарамным”

У фільме шмат цытат з выпускаў дзяржаўнай тэлевізіі, насычаных прапагандай. Сяргей Патаранскі называе свой фільм “панарамным”:

“Леташняя вясна ўскрыла ракавую пухліну, і пайшла ня толькі жывая кроў, але і шмат гною нашай апазыцыі выйшла. І ўзьнікла трэцяя сіла – рэгіянальныя лідэры, якія па сутнасьці і паднялі плошчу Каліноўскага – заклікалі народ”.

У фільме пададзены інтэрвію са студэнтамі-каліноўцамі, маладымі людзьмі, якія паехалі вучыцца ў польскія ВНУ пасьля таго, як іх выключылі зь беларускіх – за ўдзел у акцыях пратэсту. Ініцыятар праграмы Аляксандар Мілінкевіч кажа, што “каліноўцы” самі мусяць вырашыць, ці вяртацца ім у Беларусь. Людзі ў кадры ня ведаюць дакладнага адказу.

Дзяўчына: “Што будзе далей – хто з нас ведае?”

Хлопец: “Пры прэзыдэнту Казуліну, вядома, вярнуся”.

“Гэты фільм у першую чаргу зроблены на заходняга гледача”

Сяргей Патаранскі задае пытаньне сваім героям: “Што для іх свабода?”. Сам у працэсе стварэньня фільму адкрыў для сябе стан Беларусі, які называе сумным.

“Гэты фільм у першую чаргу зроблены на заходняга гледача, – расказвае Патаранскі. – І ясная рэч, што гэта бомба. І ў першую чаргу мне б хацелася яго прадаць на Захад. Зразумела, спачатку зробім прэзэнтацыю ў верасьні. Калі тут усё будзе добра, і мяне і маіх калег не прымусяць шукаць палітычнага прытулку ў якой-небудзь краіне Заходняй Эўропы. Таму што я разумею, што фільм неадназначны, што ў мяне можа зьявіцца вельмі шмат ворагаў з гэтай нагоды”.

Паводле Сяргея Патаранскага, фільм “У сьнягах драмае вясна” будзе даступны для спампаваньня ў інтэрнэце і набыцьця на дысках пасьля таго, як яго прадэманструюць на адным з эўрапейскіх тэлеканалаў.

•Плошча – на экране, “Наша ніва”, 22.03.2007 •Фільм Юр’я Хашчавацкага “Плошча”, афіцыйны сайт фільму
XS
SM
MD
LG