Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром” даў Беларусі адтэрміноўку на тыдзень


Уладзімер Глод, Менск Абмежаваньне амаль удвая паставак газу ў Беларусь, якое “Газпром” зьбіраўся зрабіць ад сёньняшняй раніцы, адкладаецца. У прэсавай службе расейскага канцэрну нашаму радыё паведамілі: “У сувязі з тым, што сёньня “Белтрансгаз” ажыцьцявіў першую выплату са значнай часткі запазычанасьці, вырашана адкласьці абмежаваньне пастаўкі газу спажыўцам Беларусі. “Газпром” чакае, што беларускі бок цягам тыдня цалкам разьлічыцца”.

Беларусь пералічыла сёньня “Газпрому” 190 з 456 мільёнаў даляраў завінавачанасьці. Такую лічбу нам назваў прэсавы сакратар “Белтрансгазу” Ўладзімер Чэкаў. Ён падкрэсьліў, што гэта – сума першага траншу.

Зь ліпеня трэба ўжо разьлічвацца цалкам

Такім чынам, не пазьней за 10 жніўня беларускі бок мусіць перавесьці на рахункі расейскага канцэрну яшчэ 266 мільёнаў. Да таго ж не пазьней за 23 жніўня трэба перавесьці грошы й за той газ, што прыходзіў у Беларусь цягам ліпеня. І калі ў першым паўгодзьдзі Менск аплачваў толькі 55% поўнай цаны паліва, дык пачынаючы зь ліпеня трэба ўжо разьлічвацца цалкам – 100 даляраў за кожную тысячу кубамэтраў газу.

Дзе Беларусь зьбіраецца ўзяць грошы для разьлікаў? Учора Аляксандар Лукашэнка сказаў, што Беларусі абяцаюць крэдыты ў розных краінах: “І Чавэс, і іншыя нашы добрыя сябры заявілі: не перажывайце – колькі вам трэба крэдытаў (і не пад камэрцыйны працэнт), мы вам дамо”.

“Ніхто ў цэлым сьвеце сходу мільярдных крэдытаў не дае”

Эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка з гэтай нагоды адзначае:

“Што да ўраду палкоўніка Чавэса, дык ён, у адрозьненьне ад урадаў цывілізаваных краінаў, можа лёгка распараджацца грашыма. Але ж уся рэч у тым, што, як гэта вядома, Вэнэсуэле самой патрэбны крэдыты. Так што аргумэнт пра пазыку ў Вэнэсуэлы вісьне ў паветры. А іншыя краіны? Я ня думаю, што тут ёсьць нейкія перавагі. Наагул, цяпер ніхто ў цэлым сьвеце, так бы мовіць, сходу мільярдных крэдытаў не дае”.

А заяву Аляксандра Лукашэнкі, што крэдыты для аплаты за расейскі газ прапануюць нават заходнія камэрцыйныя банкі, Леанід Заіка камэнтуе так:

“Прыватныя банкі, банкаўскія кансорцыюмы могуць даць крэдыты. Але толькі пад пэўныя гарантыі альбо пад заклад нерухомасьці – тых жа нафтаперапрацоўчых заводаў. Я думаю, іх можна закласьці. Чаму ж не? Працэнт за крэдытаваньне зазвычай залежыць ад сытуацыі. З улікам сёньняшняй гэта могуць быць і 14, і 16, і 12%”.

Размова вядзецца пра расейскія вайсковыя аб’екты

Аляксандар Лукашэнка ўчора таксама заявіў: “Мы папросім Расею таксама за ўсё заплаціць, што мы робім”.

Аглядальнік міжнароднага інтэрнэт-парталу “Wider Europe” Раман Якаўлеўскі лічыць, што тут можна казаць пра некалькі рэчаў:

“Перадусім размова вядзецца пра расейскія вайсковыя аб’екты ў Баранавічах і Вялейцы.

І яшчэ я зьвярнуў бы ўвагу на тое, што літаральна днямі Масквой прынята рашэньне аб ахове заходняй сумеснай мяжы так званай саюзнай дзяржавы. Каардынацыйныя функцыі, паводле яго, ускладаюцца на ФСБ Расеі. Можа, і тут нешта будуць лічыць.

І, магчыма, Лукашэнка меў на ўвазе інтарэсы ў Беларусі расейскага бізнэсу.

А яшчэ раней Лукашэнка казаў, што можна выставіць да Расеі свае патрабаваньні – падвысіць яшчэ раз кошт транзыту нафты і газу праз тэрыторыю Беларусі”.

•Міністэрства энэргетыкі Беларусі: “Газпром” парушыў дамову, 03.08.2007 •“Белтрансгаз” пералічыў “Газпрому” 190 мільёнаў даляраў , 03.08.2007 •Сяргей Купрыянаў: “Наступная кантрольная дата – 10 жніўня, 10.00”, 03.08.2007 •Абмежаваньне пастаўкі газу ў Беларусь адкладзенае, 03.08.2007 •На расейскі газ Лукашэнка пазычыць у Чавэса, 02.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG