Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вянок памяці: Андрэй Фірсаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Пецяргофе ў Расеі памёр 80-гадовы Андрэй Фірсаў, актыўны ўдзельнік гарадзенскай арганізацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Андрэй Фірсаў меў хваробу сэрца. Пахаваньне адбудзецца ў панядзелак. З Горадні перададзены ў Пецяргоф вянок на магілу сябра.

Студэнта Ленінградзкага ўнівэрсытэту Андрэя Фірсава арыштавалі ў 1948 годзе і пасадзілі на 10 гадоў, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў антысавецкай падпольнай арганізацыі. Каля сямі гадоў ён правёў у ГУЛАГУ ў Казахстане, а пазьней быў рэабілітаваны – з адсутнасьці складу злачынства.

У Горадню Андрэй Фірсаў пераехаў зь Ленінграду ў сталым узросьце. Калі стварылася арганізацыя ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, адразу стаў адным зь яе актыўных удзельнікаў.

Міхал Патрэба, гарадзенскі актывіст “Народнай Грамады”, сабраўшы ўспаміны рэпрэсаваных і былых “дзяцей ворагаў народу”, выдаў кнігу – пад назвай “Ніколі болей”. Міхал Патрэба згадвае Андрэя Фірсава:

“Вельмі інтэлігентны чалавек: у ім не было ні кропелькі рускага шавінізму, фанабэрыі. Просты пецярбурскі інтэлігент і рускі чалавек. Ад часу, як прыехаў у Беларусь, і да самага скону ён насіў на штрыфлі пінжака бел-чырвона-белы значок. І на афіцыйныя прыёмы зьяўляўся, калі запрашалі ва ўнівэрсытэт, абавязкова толькі зь бел-чырвона-белым значком. Усе на яго касіліся. Гэты чалавек спачуваў беларускаму нацыянальнаму дэмакратычнаму руху, хадзіў на мітынгі. Не такі ўжо й хворы быў, але праблемы з вачыма не дазвалялі ў нечым напоўніцу ўдзельнічаць”.

Андрэй Фірсаў прыгадваў, што яны, некалькі студэнтаў, зьбіраліся некалі, каб вывучаць этыку, што ніякай падпольнай арганізацыі не было. На гэта пракурор адказаў: на прыватнай кватэры людзі могуць зьбірацца, каб выпіць, закусіць, рабіць усё іншае – процізаконна.

Пасьля суду супрацоўнік КДБ прыйшоў на сход ва ўнівэрсытэт і сказаў, што Фірсаў з аднакурсьнікамі стварыў нібыта “Легіён фашысцкай моладзі”. Андрэй Фірсаў апавядаў: у лягеры яму вельмі дапамагаў былы віцебскі партызан Віктар Трусаў, і наагул у яго заўсёды былі добрыя адносіны зь беларусамі.

“З успамінаў ясна, што яго не змаглі зламаць, і таму адправілі на падземныя работы, – расказвае Міхал Патрэба. – Але ён быў амаль сьляпы, таму начальнік мясцовы не паслаў юнака працаваць пад зямлю. Тое яго і ўратавала. У карцары доўга трымалі. Але ён не зламаўся, нікога ня выдаў, нікога не абгаварыў. Для мяне гэта ўзор інтэлігентнага рускага чалавека. Каб усе рускія такімі былі, не было б праблем у Беларусі”.

За тры гады да сьмерці Андрэю Фірсаву ўдалося зрабіць апэрацыю на вачах. Але памерла жонка, і яму давялося вярнуцца на радзіму. Яны перапісваліся зь Інай Карпюк, удавой вядомага гарадзенскага пісьменьніка – яна таксама была ўдзельніцай арганізацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў як дачка “ворага народу”. Іна Карпюк гаворыць, што вельмі паважала Андрэя Фірсава:

“Ён мне яшчэ напісаў у лісьце: я хаджу па Пецяргофе з кіёчкам, бо ногі баляць. А кіёчак той належаў Карпюку калісьці: калі Карпюк памёр, аддалі Фірсаву. І ён мне цяпер пісаў: я стараюся выходзіць кожны дзень на шпацыр, я бяру з сабой кіёчак і ўсім сваім прыяцелям расказваю, што ён Карпюку належаў”.

У свой апошні дзень Андрэй Фірсаў таксама шпацыраваў з кіёчкам. На дарозе стала блага, упаў. Нехта выклікаў хуткую. Але сэрца былога вязьня ГУЛАГу спынілася.
XS
SM
MD
LG