Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Анджэй Шчэньсьняк: "Мэта газавых гульняў – аб’яднаньне Беларусі з Расеяй"


Гутарыў Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Свае меркаваньні пра апошні расейска-беларускі канфлікт нашаму радыё выказаў адзін зь вядучых польскіх экспэртаў у галіне паліўных рынкаў, былы кіраўнік управы польскага паліўнага гіганта – канцэрну “Лотас” – Анджэй Шчэньсьняк.

Карэспандэнт: "Маё першае пытаньне да экспэрта: у чым, на яго думку, сапраўдная прычына апошняга газавага канфлікту паміж Расеяйі и Беларусьсю?"

Шчэньсьняк: “На маю думку, газавыя гульні, у якіх Расея мае вельмі моцныя карты – энэрганосьбіты, а Беларусь – не, гэта частка больш вялікага пляну, канчатковая мэта якога – аб’яднаньне Беларусі з Расеяй. Гэта толькі чарговы крок на шляху да гэтай мэты.

Масква вельмі эфэктыўна гуляе ў гэтую гульню, бо цяпер у Лукашэнкі няма аргумэнтаў. "Газпром" кажа: ён проста ня плаціць і ўсё. Напрыканцы мінулага году Лукашэнка, можна сказаць, часова выйграў, перанёсшы падвышэньне цэнаў, але час аплаты рахункаў непазьбежна прыходзіць. Яшчэ большыя праблемы пачнуцца ў 2008 годзе, калі трэба будзе плаціць, думаю, каля 80 даляраў за тысячу кубамэтраў. Расея разумее, што фінансавыя праблемы Беларусі будуць толькі павялічвацца і як бы раскладае свой уціск на часткі, каб потым Лукашэнка ня мог сказаць – глядзіце, у сярэдзіне зімы нам раптам газ адключаюць! Фінансавая пятля вакол Беларусі будзе зацягвацца, а экзатычныя праекты кшталту дапамогі ад Вэнэсуэлы - неэфэктыўныя”.

Карэспандэнт: "Ці можа Лукашэнка яшчэ нешта выйграць у гэтай спрэчцы?"

Шчэньсьняк: “Мне падаецца, што вяртаньне да папряэдняга кошту газу немагчымае. Неафіцыйна расейцы кажуць – хочаце мець таньнейшы газ, злучайцеся з намі, бо ўнутраныя расейскія цэны дагэтуль вельмі нізкія. Лукашэнка, трэба прызнаць, гэта цьвёрды гулец, але ў яго няма ніякай альтэрнатывы. Эўразьвяз, Польшча, я лічу, вядуць памылковую палітыку, бо ў гэтай справе ня хочуць даць Менску шанец згуляць разам супраць Расеі.

Лукашэнку застаецца змагацца за сваю пазыцыю і з Расеяй, і ўнутры краіны. Бо калі б у Беларусі была рынкавая гаспадарка, дык узрасьлі б цэны і ўсё, але там такія рэчы ўспрымаюцца як удар па іміджу прэзыдэнта. І гэта нездаровая сытуацыя. Так што кіраўнік Беларусі ня мае выхаду і, як я думаю, схіліцца ў бок Расеі, а гэта будзе памылка і Польшчы і Эўразьвязу, якія не далі яму ніякіх шанцаў увайсьці ў нейкі саюз з намі”.

Карэспандэнт: "Ці шкодзяць падобныя “газавыя спрэчкі” з Расеяй іміджу Беларусі як транзытнай краіны? Якія могуць быць наступствы?"

Шчэньсьняк: “Пры цяперашняй атмасфэры страху і напружанасьці, кожная інфармацыя аб зрыве паставак нагадвае эўрапейцам, што лепш мець больш надзейны шлях. Такі больш надзейны, альтэрнатыўны шлях для Эўропы, каб ня мець дачыненьняў з такімі няпэўнымі партнэрамі, як Лукашэнка. Гэта Паўночны газаправод па дне Балтыйскага мора.

Канечне, гэта больш дарагі праект, але для Нямеччыны ці Францыі ён выглядае прывабным у такой сытуацыі. А Паўночны газаправод аслабляе ролю і Беларусі і Польшчы, як транзытных краінаў. Роля гэтых краінаў на шляху транзыту энэрганосьбітаў з Расеі на Захад зьмяншаецца, а часам увогуле становіцца нулявой і гэта вельмі дрэнна. Тады ня будзе ніякіх магчымасьцяў націску ў размовах з Расеяй”.
XS
SM
MD
LG