Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зянон Пазьняк: “Лукашэнка не валодае стратэгічнай палітыкай”


Сяргей Навумчык, Прага Сытуацыю вакол апошняга “газавага канфлікту” паміж Беларусьсю і Расеяй камэнтуе старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі Беларускага народнага фронту Зянон Пазьняк.

Пазьняк: “Цяперашняя "газавая атака" зьвязаная з праблемай захаваньня ўлады КГБ у Расеі і найперш асабіста Пуціна ў сувязі з заканчэньнем яго кадэнцыі і новымі выбарамі.

У канцы мінулага году Расея зьмяніла тактыку. Цяпер яна практыкуе атаку замест "пакрокавай палітыкі", ці "пакрокавай інтэграцыі", як увесь час казалі. Сутнасьць гэтай новай тактыкі – атрымаць хуткую перамогу ці хаця б посьпехі на "беларускім фронце". Гэта значыць – запалохаць Лукашэнку, загнаць яго ў кут і прымусіць расплачвацца нацыянальнай маёмасьцю. А ўрэшце падпісаць нейкую фармальную паперу аб "інтэграцыі" ці хаця б дэклярацыю альбо акт аб намерах, які даў бы падставу для маніпуляцыі з трэцім тэрмінам Пуціна. З гэтай тыпова кагэбісцкай стратэгіяй зьвязана і зьмена кіраўніцтва КГБ у Менску, задача якога – хутка задушыць парасткі нацыянальна-вызвольнага супраціву ў Беларусі.

Лукашэнка ўжо даўно не валодае стратэгічнай палітыкай унутры краіны. Хоць зьнешне здаецца, што гэта ён кіруе і аддае загады на вынішчэньне беларускай нацыі. Так, аддае загады, бо яны адпавядаюць ягонай беларусафобнай сутнасьці. Але партытура гэтай акупацыйнай палітыкі напісана ня ім, а публікай з Масквы, якая абсадзіла яго ўладу.

Перакуліць расейскую атаку і выйсьці з сытуацыі магчыма і нават нескладана. Трэба праводзіць нацыянальную палітыку, унутраную і замежную, зыходзіць з нацыянальных інтарэсаў. Але для Лукашэнкі гэта чыста тэарэтычнае пытаньне. Бо перакрочыць празь сябе, празь нянавісьць да беларушчыны ён у прынцыпе ня здольны ніколі – ні ў стане спакою, ні ў стане страху, ні ў шоку. Ён будзе змагацца за сваю скуру, як пацук, і цягнуць за сабой на дно ўсю Беларусь.

А ў гэтым якраз і палягае мэта новай расейскай тактыкі. Так што антыкрамлёўскі піск Лукашэнкі нічога для беларусаў ня значыць. У той час, калі кідаюць у турмы беларускую моладзь, зьнішчаюць беларускую культуру, гісторыю, архітэктуру, школу, мову і гэтай далей. У гэтым спэктаклі і ў гэтай вайне ёсьць толькі адзін бок, які цярпіць і нясе страты. Гэта – беларускі народ”.
XS
SM
MD
LG