Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Лукашэнка: "Спыніць анархію ў інтэрнэце". Ці магчыма цэнзураваць сеціва?


Ігар Карней, Менск У часе візыту ў рэдакцыю газэты «Советская Белоруссия» 2 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неабходна заканадаўча вызначыць статус электронных сродкаў масавай інфармацыі і «спыніць анархію ў інтэрнэце». Рэдактары інтэрнэт-выданьняў лічаць, што такім чынам чыноўнікі атрымалі дазвол на ўмяшаньне ў дзейнасьць раней непадцэнзурнай прасторы.

Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў Міністэрства інфармацыі, якое «ходзіць вакол інтэрнэту, а падступіцца да яго ніяк ня можа». «Трэба прымаць закон і дакладна вызначыць у ім месца электронных СМІ», -- канстатаваў Лукашэнка, дадаўшы, што недапушчальна, каб найвялікшае дасягненьне чалавецтва ператварылася ў «інфармацыйную памыйку». У што насамрэч можа выліцца спроба не дапусьціць анархіі ў інтэрнэце? Пра гэта я запытаў у стваральніка інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» (gazetaby.com) Аляксандра Старыкевіча:

А.Старыкевіч: “Да інтэрнэту паволі падбіраюцца”

“Я думаю, яны сапраўды падбіраюцца да інтэрнэту. Пакуль ня надта добра ведаюць, што зь ім рабіць, але ўжо вырашылі: нешта рабіць трэба. Бо ў галіне тэлебачаньня адпачатку было дамінаваньне дзяржавы. Што тычыцца газэт, то паступова з больш-менш моцнымі і ўплывовымі незалежнымі выданьнямі таксама разабраліся. І цяпер на рынку дамінуе “Советская Белоруссия”. А вось у інтэрнэце сытуацыя адваротная. Дзяржаўныя сайты па наведаньні сапраўды, як і адзначыў учора Лукашэнка, займаюць вельмі сьціплыя пазыцыі. Таму, натуральна, гэты перакос вырашылі выправіць і зараз будуць нейкім чынам гэтым займацца”.

Адным з рычагоў уплыву на інтэрнэт-прастору, як лічаць адмыслоўцы, мусіць стаць закон “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і інфармацыйнай бясьпецы”. Праект закону ўжо распрацаваны і мае быць ухвалены на восеньскай сэсіі Палаты прадстаўнікоў.

М. Пастухоў: “Новы закон як інструкцыя”

Як кажа кіраўнік цэнтру прававой абароны пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў, дакумэнт дазваляе дзяржаве ажыцьцяўляць поўны кантроль любых інфармацыйных рэсурсаў:

“Вывучэньне гэтага законапраекту прывяло нас да перакананьня: у большай ступені гэта нават не закон, а нейкая пасадная інструкцыя. Бо адразу паўстае пытаньне: а навошта патрэбен такі закон грамадзтву, дзяржаве, грамадзянам? У першай частцы тлумачыцца: закон прыняты для рэалізацыі права на ажыцьцяўленьне пошуку, перадачы, атрыманьня, захаваньня, апрацоўкі, выкарыстаньня ці падаваньня інфармацыі. Але ў нас гэтыя пытаньні і без таго ўжо дастаткова ўрэгуляваныя. І навошта яшчэ нейкі інструктыўны закон, калі ёсьць канстытуцыйнае права на атрыманьне, захаваньне і распаўсюд інфармацыі?

У рэдакцыі “Советской Белоруссии” Аляксандар Лукашэнка адзначыў: у Беларусі за тры апошнія гады колькасьць карыстальнікаў інтэрнэту павялічылася ўдвая -- ад 1,3 мільёнаў да 2,6 мільёнаў чалавек. Пры гэтым, як заявіў кіраўнік Беларусі, рост падпіскі на друкаваныя СМІ не перавышае аднаго працэнта, а сярэднедзённае наведаньне сайтаў расьце на 20% кожныя паўгода. Разам з тым, дзяржаўная ідэалёгія ў інтэрнэце прысутнічае надзвычай сьціпла, а сярод дзяржаўных сайтаў няма ніводнага з аўдыторыяй больш за 5 тысяч карыстальнікаў.

У. Янчэўскі: “Інтэрнэт усё роўна акупуе прастору”

Нават дзяржаўныя функцыянэры не ў захапленьні ад пэрспэктывы кантролю інтэрнэту. Першы намесьнік Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі прэзыдэнта Ўсевалад Янчэўскі кажа: у тысячагодзьдзе новых тэхналёгій інтэрнэт лягічна замяшчае іншыя інфармацыйныя крыніцы:

“Я амаль усю інфармацыю бяру з інтэрнэту. І я ведаю, што ня толькі тыя, хто займаецца непасрэдна нейкімі інфармацыйнымі рэчамі, так робяць, а ўсё большая колькасьць людзей. Яны нават не глядзяць тэлевізійных каналаў, не глядзяць выпускаў тэленавін. Яны загружаюць навінныя сайты, загружаюць аналітычныя старонкі і бяруць інфармацыю адтуль. Нават не пра 10-15 гадоў гаворка, а самым бліжэйшым часам інтэрнэт вельмі магутна і моцна акупуе прастору. Ужо нават тэлебачаньне ў інтэрнэт пераходзіць”.

Між тым, Аляксандар Лукашэнка занепакоены, што ў Беларусі вольна існуе апазыцыйная дзяржаўнай ідэалёгіі інтэрнэт-прастора, аўдыторыя якой перавышае (цягам месяца) паўмільённы наклад “Советской Белоруссии”. “Калі пачытаць, што яны там друкуюць, то мы маем масавы рупар варожых нам галасоў і дзяржаў», -- выказаў заклапочанасьць Лукашэнка.

• А.Бастунец: “Сытуацыя зь незалежнымі СМІ можа пагоршыцца, 11.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG