Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

<B>Хто выйграў у чарговай “газавай” вайне?


Алесь Дашчынскі, Менск Афіцыйны прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў заявіў у інтэрвію нашаму радыё, што перамовы зь беларускім бокам аб аплаце пастаўленага газу скончыліся посьпехам. Чарговая аплата за газ павінна адбыцца да 10 жніўня,10.00 раніцы. Як ацэньваюць вынікі перамоў у Менску і ў Маскве?

«Газпром» пагадзіўся на адтэрміноўку аплаты афіцыйным Менскам запазычанасьці за пастаўлены газ. Афіцыйны прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў заявіў:

“Добра, што мы вярнуліся да нармальнага, рабочага ўзаемадзеяньня. І разьлічваем, што й надалей будзем выразна працаваць адпаведна з падпісаным кантрактам. Я хачу адзначыць, што мы толькі адклалі ўвядзеньне абмежаваньняў на тыдзень. Таму цягам гэтага тыдня беларусам трэба аплаціць суму запазычанасьці, якая засталася. А 23 жніўня трэба ажыцьцявіць усе сто працэнтаў плацяжоў за ліпень. Будзем глядзець, як будзе выконваць “Белтрансгаз” тыя абавязаньні. Наступная кантрольная дата 10 жніўня,10.00 раніцы. Але ў гэтым выпадку магчымае скарачэньне будзе не такім значным, як было б сёньня. Бо частка запазычанасьці ўжо аплачана”.

На пытаньне, наколькі надзейным партнэрам выступае афіцыйны Менск, Сяргей Купрыянаў адказаў: «Усё відаць і так».

Беларускі бок плаціў у першым паўгодзьдзі 55 працэнтаў ад патрэбнай сумы. А да 23 ліпеня мусіў вярнуць назапашаную запазычанасьць. Аднак гэтага афіцыйны Менск не зрабіў. І толькі сёньня аплаціў частку належнай сумы.

«Ад 1 ліпеня мусіла зьмяніцца сытуацыя, і мы павінны былі перайсьці на стопрацэнтную аплату. Гэтага пакуль не адбылося», -- адзначыў Купрыянаў.

Расейскі эканаміст, былы дарадца расейскага ўраду Міхаіл Дзялягін называе цяперашні газавы канфлікт «нармальнай камэрцыйнай сытуацыяй». Ён сказаў, што «Газпром» пайшоў насустрач і на разумны кампраміс.

«Беларусь ня вельмі багатая краіна. І, апроч таго, нам трэба падтрымліваць зь Беларусяй асаблівыя стасункі. Інакш з наступнікам Лукашэнкі будзе падтрымліваць асаблівыя стасункі НАТО. І на Беларусі будзе такі ж бардак, як і на Ўкраіне».

Спадар Дзялягін ня лічыць тыдзень крытычным і значным тэрмінам:

«У дадзеным выпадку вялікую падтрымку Лукашэнку зрабіў Эўразьвяз, які зь першай жа заявы «Газпрому», што нядрэнна было б выконваць свае абавязанньні, пачаў істэрыку ў стылі мінулай зімы датычна Беларусі, пазамінулай зімы – што да Ўкраіны. Таму ў такім разе не Лукашэнка выйграў тыдзень, а Эўразьвяз выйграў для Лукашэнкі гэты тыдзень».

Беларускі эканаміст, кіраўнік цэнтру Мізэсу Яраслаў Раманчук так пракамэнтаваў вынік чарговага газавага канфлікту:

«Лукашэнка, безумоўна, пастараўся зрабіць так, каб ягоны рэйтынг і пазыцыі былі выйгрышнымі. Ён зноў нагадзіў Расеі, Крамлю і «Газпрому». Ён паказаў намэнклятуры і Захаду, што не сагнецца пад Расеяй, што трымае ўдар. Да таго ж, даслаў сыгнал Захаду, што зь ім трэба размаўляць наконт энэргіі, а не наконт палітыкі і дэмакратыі. Словам, пастараўся выціснуць максымум з гэтай сытуацыі.

А Беларусь прайграла. Бо яна ўпершыню зрабіла тэхнічны дэфолт. Яна паказала, што ня ёсьць надзейным партнэрам у энэргетычных праектах Эўропы.

Урад жа выявіў слабасьць што да прыняцьця важных рашэньняў.

А Расея папросту заглынула гэту пілюлю. Адкат Расеі – палітычны і мэдыйны – быў, па сутнасьці, ніякім. Я думаю, што Крэмль закусіў цуглі. І нам яшчэ адаб''юцца гэтыя абразы, кіданыя Лукашэнкам на расейскі адрас».

• “Газпром” пагражае амаль удвая скараціць пастаўкі газу ў Беларусь , 01.08.2007 • Сяргей Гайдукевіч: “Мусіць адбыцца неадкладная адстаўка ўраду”, 01.08.2007 • К.Касачоў: “Карміць беларускую эканоміку Расея не зьбіраецца, 02.08.2007
XS
SM
MD
LG