Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Berliner Zeitung: “Кожны новы канфлікт нясе для Беларусі страту сувэрэнітэту”


Алена Струвэ, Менск Камэнтуючы разьвіцьцё расейска-беларускага паліўнага канфлікту, нямецкая газэта Berliner Zeitung падкрэсьлівае: “Пагрозы і перамовы паміж Масквой і Менскам носяць рытуальны характар”.

З мэтай захаваньня ўлады, Лукашэнка прадае "спадчыннае фамільнае срэбра"

Berliner Zeitung піша: “Што да расейскіх абяцаньняў спыніць паліўныя пастаўкі, ды гэта даўні і пашыраны сродак вымаганьня. У такі ж спосаб “Газпром” пагражаў яшчэ ў 2002 годзе, калі пазыкі Беларусі складалі 230 мільёнаў даляраў. Сёлета на пачатку году на тры дні былі спыненыя нафтавыя пастаўкі ў Беларусь... Кожная чарговая спрэчка паміж Беларусьсю і Расеяй заканчваецца для Менску чарговай стратай сувэрэнітэту, для Масквы –прыбыткам у выглядзе ўплыву ды капіталу. З мэтай захаваньня ўлады Лукашэнка, так бы мовіць, прадае сваё “спадчыннае фамільнае срэбра”, гэта значыць, транзытны трубаправод”.

"Вось такая дзіўная вось дыктатараў"

Як піша выданьне, ва ўсёй гэтай гісторыі ёсьць “даволі сьмешная акалічнасьць – тое, што Расея і Беларусь фармальна складаюць саюзную дзяржаву. Падобнае дзяржаўнае ўтварэньне – плён мараў Лукашэнкі і тагачаснага расейскага лідэра Барыса Ельцына. Тады яшчэ Лукашэнка спадзяваўся, што сам увойдзе ў Крэмль. Аднак ён ніяк не разьлічваў на Пуціна і на ягоную інтэрпрэтацыю паняцьця “саюзная дзяржава”...

“Учора Менск заявіў, што гатовы заплаціць доўг. Тым часам нацыянальныя валютныя запасы амаль выпрацаваныя. Праўда, зьявіўся новы крэдытор, якія прапанаваў свае паслугі – вэнэсуэльскі лідэр Уга Чавэс. Вось такая дзіўная “вось дыктатараў”, – адзначае Berliner Zeitung.

Пытаньням урэгуляваньня чарговага паліўнага канфлікту паміж Масквой і Менскам прысьвечанае таксама і інтэрвію дзяржаўнага міністра нямецкага МЗС Гэрната Эрлера, зьмешчанае ў сёньняшняй Berliner Zeitung. На пытаньне журналіста, наколькі сур’ёзна трэба ставіцца да сыгналаў Лукашэнкі пра збліжэньне з Захадам у часе расейска - беларускіх канфліктаў, Гэрнат Эрлер адказаў: “Ізаляцыя Беларусі залежыць ад палітыкі беларускага рэжыму. Мы вельмі дакладна адсочваем зьмены, аднак дагэтуль ўсё адбывалася толькі на словах. Вырашальным жа ёсьць тое, што адбываецца насамрэч. Як і раней, існуюць вельмі сур’ёзныя праблемы, напрыклад, з апазыцыяй”.

• Аглядальнік “Economist” Э. Лукас: "Рэжым трымае ўсё пад кантролем", 02.08.2007 • New York Times: “У падобных газавых спрэчак ёсьць палітыка”, 02.08.2007
XS
SM
MD
LG