Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валожын: міліцыянты зьліквідавалі намётавы моладзевы лягер


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня валожынскія міліцыянты, а таксама супрацоўнікі КДБ і службы санітарнага кантролю наведаліся ў наладжаны Задзіночаньнем беларускіх студэнтаў намётавы лягер на беразе Іслачы.

Чатыры студэнты былі затрыманы й адвезены ў Валожын. Міліцыянты запатрабавалі пісьмовыя тлумачэньні й зрабілі адбіткі пальцаў затрыманых. Пазьней намётавы лягер разбурылі .

Адзін з маладзёнаў – Аляксей Трубкін выйшаў на сувязь з Радыё Свабода, калі міліцыянты пачалі руйнаваць намёты:

“Ну, што мы можам зрабіць, калі тут пяць “мянтоў” і яшчэ невядомыя зь нейкай іншай службы? Прыйшлі, сказалі: “Хлопцы, усё – зьяжджаем”.

Прашу Аляксея запрасіць да тэлефону каго-небудзь зь міліцыянтаў.

“Вы маглі б пагутарыць з журналістам?” – запытвае Аляксей.

Адказ адмоўны. Аляксей тлумачыць, што міліцыянты спасылаюцца на загад начальніка Валожынскага РУУС Ігара Шакуна.

На службовым тэлефоне падпалкоўніка Шакуна ніхто не здымае слухаўкі. Дзяжурны міліцыянт тлумачыць, што, нібыта, ня мае іншага каналу сувязі са сваім начальнікам:

“Тэлефануйце. Пакуль яго няма”.

На той час у Валожынскім РУУС міліцыянты і асабіста начальнік ужо дапыталі раней затрыманых у летніку маладзёнаў. Падрабязнасьці нашаму радыё паведаміў Віталь Каратыш:

“Нас адмовіліся везьці назад – на 40 кілямэтраў ад месца знаходжаньня завезьлі. Начальнік Валожынскага РУУС заявіў: “Калі вы адмаўляецеся прыбраць свой намётавы гарадок, то ў вас будуць праблемы”. А тут нас адвялі ў асобнае памяшканьне, “адкатаўшы” пальчыкі. Начальнік РУУС патрабаваў, каб мы сьпешна выяжджалі зь “ягонага” раёну. Мы пагадзіліся. Але з умовай, што можам зрабіць гэта толькі заўтра. Начальнік, аднак, спыніў гутарку. Заявіў, каб дабіраліся на месца самастойна. Да таго ж, нам паабяцалі працяг гісторыі сёньня ўвечары”.

Блізу 17 гадзін Аляксей Трубкін паведаміў, што міліцыянты згарнулі ў лягеры намёты, паскідаўшы ў кучу рэчы. Маладзёнаў пад канвоем дастаўляюць у Валожынскі РУУС.
XS
SM
MD
LG