Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму з нас грошы за газ бяруць, нават першаклясьнік ведае”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 3 жніўня, пятніца. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Дасылайце нам смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Зіноўеў: “Цікава, мэру Маладэчна не надакучылі афішы расейскай папсы на ДК Маладэчна?”.

Ларыса, Менск: “Кіраўнікі нашай краіны ўвесь час кажуць, калі паслухаеш дзяржаўнае радыё і паглядзіш тэлевізар, у нас такі дабрабыт, што да нас могуць ехаць і пераймаць досьвед, што некаторыя і робяць. Але апошнім часам высьвятляецца, што ня ўсё так добра. Каб вырашыць некаторыя пытаньні наконт газу, дык нават, са слоў Лукашэнкі, “трэба добра барукацца”. Калі б нашы кіраўнікі карысталіся гарадзкім транспартам, дык яны б чулі, як кіроўца праз пэўны час кажа: “Грамадзяне, своечасова аплачвайце праезд”. І дзяржаўнікам хочацца параіць: своечасова аплачвайце паводле дамоўленасьці, а не чакайце апошні дзень году, як было летась, ці цяпер. Прымаўка кажа: “Траціць не багаты, а плаціць вінаваты”. Мы за паслугі плацім да 25-га чысла кожнага месяца, а калі не пасьпеем, дык плацім пеню”.

Сталы слухач: “Я ўжо казаў пра тое, што ў нашай Беларусі надышла страшная чума, найстрашнейшая, і з кожным днём яна пашыраецца. Гэта п’янства. Дзікае, пагалоўнае, пачынаючы з моладзі. І дзяржава наша, і вялікі Лукашэнка толькі глядзяць, паплёўваюць: бачыце ў нас такія людзі, а мы героі. Вельмі дрэнна. Паглядзіце, што робіцца на вуліцах. Рэспубліка падае, плыве, яшчэ крышачку і яна зьнікне. Другі момант. Паглядзіце, колькі бяздомных з розных прычынаў. І ніхто і пальцам не варухне. Я люблю сваю Беларусь і свой народ, пакутую ад гэтага, і чым магу, дапамагаю на сваю пэнсію. Магу прыклады прывесьці. Перш за ўсё трэба, каб гэта дзікая сыстэма не пладзіла бяздомных: за нейкія там справы пазбаўляюць кватэры. Чаго заўгодна пазбаўляйце, але толькі не кватэры. Сацыяльныя памяшканьні трэба знаходзіць, неяк трэба прыстройваць людзей, гінуць яны, пакутуюць. Павядзіце пра гэта гаворку. Я сумняваюся, што людзі з заплыўшымі тлушчам мазгамі могуць нешта зрабіць. Давайце падымаць гэтыя пытаньні. Гэта ж страшна глядзець, як народ, які столькі перажыў, столькі пакутаваў. Працягвае пакутаваць і цяпер”.

Сталы слухач: “Тлумачэньні Лукашэнкі наконт таго, чаму з нас грошы за газ бяруць, гэта нават першаклясьнік ведае -- чаму. Такія глупствы кажа, што проста дзіка становіцца, страшна за рэспубліку. Трэба проста прадбачыць. У Расеі наступіў алігархічны капіталізм. Гэта першапачатковае накапленьне капіталу, пераразьмеркаваньне, як некалі было ў Эўропе, калі быў капіталізм. Ён бязьлітасны. Яны забіваюць там адзін аднаго, рабуюць, гвалтуюць. Літасьці ня будзе нікому. Таму трэба адкінуць какецтва, як ён перад журналістамі робіць. “Мог бы...” Калі можаш, зрабі. Справа ў іншым. Расея павінна ўлічваць, што гэтыя радовішчы рабілі ў большасьці беларусы. Мы штогод адпраўлялі тысячы, дзесяткі тысяч людзей на распрацоўку гэтых радовішчаў”.

Ігар Пасноў, Віцебск: “Я ваш сталы слухач. Чутна радыё вельмі добра. Слухаю на старым прымачы, але чутно выдатна. Дзякуй. Многія перадачы падабаюцца. Аднак вельмі хацелася б, каб у іх было пабольш дыскусіяў, былі прадстаўленыя розныя пункты погляду. А так вельмі часта Вашы перадачы нагадваюць перадачы часоў “халоднай вайны,” калі прамываюць мазгі. Па-мойму, цяпер не 1977-ы год, а 2007. Пабольш дыскусій і пабольш розных пунктаў погляду”.

Спадар: “Хацеў бы Вам распавесьці пра сёньняшнюю акцыю. Сёньня а 7-й гадзіне моладзевыя актывісты, у тым ліку я, вырашылі адзначыць дзень народзінаў газэты “Советская Белоруссия”. Спачатку мы, актывісты, сталі ў чаргу, каб набыць сьвяточны нумар газэты, пасьля зайшлі ў бліжэйшы двор, дзе з дапамогай вады і мыючых сродкаў пачалі змываць хлусьлівыя артыкулы пра дабрабыт беларусаў, непраўдзівае асьвятленьне беларускай рэчаіснасьці, нікому не патрэбныя артыкулы пра ўраджай, намалоты і іншыя сельскагаспадарчыя справы. Пасьля разьвесілі “Советскую Белоруссию” на вяроўках, каб яна сохла. Падчас акцыі да нас падышлі зацікаўленыя жыхаркі, дзеяньні ўдзельнікаў акцыі выклікалі ў іх абурэньне. Бабулі зрывалі газэты, адштурхоўвалі актывістаў і ўвесь час спрабавалі даведацца, колькі грошай атрымалі гэтыя самыя актывісты. Яны спрабавалі ўсялякімі сродкамі перашкодзіць нашым дзеяньням, нават разьвярнулі вядро з вадою, спрабавалі сарваць акцыю, але мы не здаваліся, пайшлі ў суседні двор і зрабілі заплянаванае”.

Пэнсіянэр Лапацін: “На нядаўняй нарадзе Лукашэнка даваў парады вырошчваць у Беларусі лазу і цытрусавыя. У сувязі з гэтым, мне прыгадаліся падзеі хрушчоўскай пары. Начальнік КПСС, якога ведалі пад мянушкамі “Цар Гарох,” “Цудатворца,” у вайсковым асяродзьдзі “Сьвінапас,” прымушаў паўсюдна сеяць кукурузу. Пры наведваньні Кубы даваў парады вырошчваць у гэтай трапічнай краіне гародніну. Адбывалася гэта перад канцом палітычнай кар’еры Хрушчова. Можа, і для ўсенародна любімага беларускага начальніка гэта таксама падобная прыкмета? Прыкмета канца палітычнай кар’еры”.

Спадарыня: “Я не магу маўчаць пра тое, што ў нас робіцца. Як пакутуюць шматдзетныя сем’і, дзе бацькі ня п’юць! У Беларусі цяпер дапамагаюць толькі тым, хто п’е, алькаголікам, а простым бацькам, якія глядзяць за сваімі дзецьмі, ва ўсім адмаўляюць. Я сышла з горада ў калгас, каб крыху дапамагчы калгасу, таму што ён пакутуе. І я атрымала столькі непрыемных для мяне пачуцьцяў, што баліць мая душа. Я не магу там нармальна ўладкавацца, мне няма ніякай дапамогі. Мне толькі адны абразы. І пабачыўшы ўсё гэта, я зноў прыехала да сябе ў Навагрудак, у свой стары аварыйны дом. Наш прэзыдэнт усё кажа, што дапамагаюць дзецям і маці, але гэта няпраўда. Дык няўжо нашаму прэзыдэнту ня сорамна, што ён ня можа падпарадкаваць сабе сваіх чыноўнікаў?! Цэны растуць, як грыбы. Нават на рынак прыйдзеш, паглядзіш, як ляжаць памідоры паўгнілыя, а кошт – паўтары тысячы. Банан, які ўжо сабака есьці ня будзе, на рынку прадаюць па 2 тысячы. Як жа мы, бацькі, можам падняць нашых дзяцей?! Хочуць нараджальнасьці. Як можна нараджаць дзіця і глядзець на яго бяду, на яго галечу?!”
XS
SM
MD
LG