Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПКБ ня мае права карыстацца сваімі рахункамі


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Вярхоўны суд Беларусі прыпыніў на шэсьць месяцаў дзейнасьць Партыі камуністаў беларускай. На судовым паседжаньні прысутнічаў карэспандэнт Радыё Свабода.

Судзьдзя Вярхоўнага суду Ганна Міхайлоўская пастанавіла: партыі забаронена ажыцьцяўляць любую дзейнасьць акрамя той, што “накіраваная на выпраўленьне недахопаў і хібаў, адзначаных у пазове Міністэрства юстыцыі”. У прыватнасьці, ПКБ ня мае права карыстацца сваімі рахункамі ў ашчадных касах.

Сяргей Калякін: “Рашэньне суду ня зьменіць актыўнасьці сябраў ПКБ”
Кіраўнік партыі Сяргей Калякін, камэнтуючы рашэньне Вярхоўнага Суду, сказаў:

“Гэтае рашэньне ніякім чынам ня зьменіць актыўнасьці людзей, якія належаць да ПКБ, якія маюць цьвёрдую грамадзянскую пазыцыю, якія ўкладаюць свае сілы, уменьне, веды ў тое, каб Беларусь набліжалася да дэмакратызацыі”.

Пазоў у Вярхоўны суд паступіў зь Міністэрства юстыцыі Беларусі. Ягоны прадстаўнік Аляксандар Харытон цягам трох дзён даказваў, што партыя “неаднаразова парушала заканадаўства, адпаведным чынам не рэагуе на заўвагі міністэрства”. Гучалі канкрэтныя прыклады, што некаторыя партыйныя філіі знаходзяцца ў месцах, якія не адпавядаюць іх юрыдычным адрасам, а ў некаторых філіях адсутнічаюць заявы аб прыёме ў партыю і ведамасьці аб аплаце складак.

Першы сакратар ЦК ПКБ Сяргей Калякін і сакратар ЦК Алена Скрыган, якія прадстаўлялі партыю на пасяджэньнях, віны партыі не прызналі. Яны прывялі шэраг доказаў, якія, на думку сяброў ЦК, паказваюць прадузятасьць Міністэрства юстыцыі. Прынамсі, заявы аб прыёме і ведамасьці аб аплаце складак захоўваюцца толькі адзін год. І таму, зразумела, неабавязкова захоўваць іх цягам двух-трох гадоў. Але суд палічыў, як адзначыла судзьдзя Ганна Міхайлоўская, што “патрабаваньні міністэрства падлягаюць задавальненьню”.

Юры Хадыка: “Іншыя апазыцыйныя партыі чакае тое ж самае”
Усе тры дні ў судовай залі знаходзіўся прадстаўнік Партыі БНФ Юры Хадыка:

“Я назіраў за гэтымі тэхналёгіямі нагрувашчваньня пустапарожніх абвінавачваньняў і прадбачу, што ў хуткім часе гэта будзе і з Беларускім Народным Фронтам. І да гэтага трэба рыхтавацца сур’ёзна, нават больш сур’ёзна, чым камуністы. Я прыйшоў да высновы – на такіх судах трэба абавязкова мець юрыста. Абвінавачваньні, на мой погляд, былі легкаважныя. Але іх колькасьць (спадар Харытон зачытваў эпізоды ці тэзы, як ён іх называў, аж тры гадзіны) ня можа не ўразіць. Я думаю, да гэтага трэба аднесьціся сур’ёзна”.

Судзьдзя абвясьціла, што рашэньне ўступае ў сілу адразу пасьля ягонага агучваньня і ня можа быць абскарджана.

• Вярхоўны Суд прыпыніў дзейнасьць ПКБ , 2.08.2007 • А.Скрыган: Мы лічым, што ў суду няма падставаў прыпыняць дзейнасьць ПКБ”, 1.08.2007 • Дзейнасьць ПКБ можа быць прыпыненая, 31.07.2007
XS
SM
MD
LG