Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>“Лукашэнка будзе вымушаны выбіраць паміж Расеяй і Эўразьвязам”</B>


Радыё Свабода Цяперашні беларуска-расейскі крызіс і пэрспэктывы адносінаў Беларусі з Эўропай у кантэксьце гэтага крызісу камэнтуе кіраўнік аддзелу Расеі і СНД Нямецкай Рады вонкавай палітыкі Аляксандар Рар.

Радыё Свабода: “Cпадар Рар, якую ролю, на ваш погляд, адыграў у гэтым крызісе эўрапейскі фактар?”

Рар: “Лукашэнка разумеў, што Эўразьвяз у крызісе з Расеяй яму надта дапамагаць ня будзе. Па рэакцыі беларускага лідэра, які ўсклаў частку віны за правал перамоваў на ўласны ўрад, можна было меркаваць, што ён не хацеў гэтым разам сур’ёзна пасварыцца з Расеяй. Але ўсё паказвае, што ніякай дамоўленасьці паміж Беларусьсю і Расеяй няма і крызіс працягваецца”.

Радыё Свабода: “Шмат каго з экспэртаў і ўдзельнікаў палітычнага працэсу зьдзіўляла, чаму Беларусь да апошняга моманту упарта адмаўлялася пагасіць запазычанасьць за газ, пры тым, што паводле некаторых зьвестак грошы ў Беларусі былі. У рэшце рэшт Лукашэнка 2 жніўня завіў, што Беларусь сапраўды заплаціць. Чаму ж не заплаціла адразу?”

Аляксандар Рар: “Магчыма, Лукашэнка спадзяваўся на канфлікт паміж Расеяй і Захадам, на якім Беларусь можа атрымаць пэўныя дывідэнды. Але гэтага таксама не адбылося”
Рар: “Я мяркую, што ў беларускай дзяржавы проста няма грошай. Лукашэнка пасьля зімняга крызісу з Расеяй хацеў правесьці буйную прыватызацыю, чакаў, што Захад прыйдзе на беларускі рынак, чаго не адбылося. Ён меркаваў, што ў апошні момант здолее дамовіцца з Расеяй, што яна ў апошні момант возьме на сябе маральныя абавязкі забясьпечваць Беларусь таннымі энэрганосьбітамі, як гэта было на працягу 15 гадоў. Але і гэтага не адбылося. Я мяркую, што Лукашэнка мае вялікія цяжкасьці. Ён разумее, што такую вялікую дапамогу, якую хоча, ён можа атрымаць толькі ад Расеі. Магчыма, Лукашэнка спадзяваўся на канфлікт паміж Расеяй і Захадам, які ўзьнікае, на якім Беларусь можа атрымаць пэўныя дывідэнды. Але гэтага таксама не адбылося”.

Радыё Свабода: “Пасьля зімняга раўнду беларуска-расейскага крызісу Лукашэнка дэманстраваў гатоўнасьць наладзіць адносіны з Эўропай, адной зь яскравых праяваў гэтага жаданьня было інтэрвію, якое ён даў вам для “Die Welt”. Як вы мяркуеце, пасьля цяперашняга крызісу пэрспэктывы такога дыялёгу палепшацца ці пагоршацца?”

Рар: “Мне здаецца, што Лукашэнка зрабіў занадта мала для таго, каб зблізіцца з Захадам. Пэўны шанец у яго быў, але ён яго не скарыстаў. Захад ставіў пэўныя ўмовы палітычнага характару. Я ня думаю, што яны былі такімі ўжо невыканальнымі, уладу Лукашэнкі гэта, здаецца, не пахіснула б . Размова ішла пры вызваленьне некаторых палітвязьняў і пэўныя крокі ў бок дэмакратызацыі. Тады ён атрымаў бы іншую дапамогу, прынамсі не стаяў бы перад санкцыямі з боку Эўразьвязу. А зараз сытуацыя тая ж, што была паўгода таму: сур’ёзныя эканамічныя праблемы з Расеяй і моцны ціск, ледзь не ўльтыматумы, з боку Захаду з патрабаваньнем мяняць палітычную і эканамічную сыстэму краіны. Лукашэнка павінен рабіць нейкія рашучыя крокі. Апошняе паўгодзьдзе ён чакаў. Я ня ведаю, на што ён спадзяваўся, бо галоўныя крокі з крызісу Беларусь павінна зрабіць сама”.

Радыё Свабода: “Існуюць такія канспіралягічныя вэрсіі, што цяперашні крызіс - вынік негалоснага пагадненьня паміж Масквой і Брусэлем па вырашэньні беларускай праблемы? У гэтым ёсьць рацыя?”

Аляксандар Рар: “Лукашэнку лягчэй будзе дамовіцца з Пуціным, чым зь Івановым ці любым іншым чалавекам, які можа прыйсьці да ўлады ў Расеі напачатку наступнага году”
Рар: “Не, я гэта так ня бачу, я мяркую, што адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй вельмі крытычныя. І Беларусь ніколі ня будзе разьменнай картай Эўразьвязу ў адносінах з Расеяй, як і наадварот – разьменнай картай Расеі ў адносінах з Брусэлем. Канфлікт ня ўзьнік на пустым месцы. Ня ведаю на што спадзяваўся беларускі бок, бо "Газпром" клаў карты на стол і выразна казаў, чаго ён хоча за працяг паставак таннага газу. Зразумела, Расея хоча транспартныя сеткі на тэрыторыі Беларусі, Расея хоча скупаць беларускую эканоміку, яе стратэгічныя структуры. Дарэчы, Захад хоча таго ж самага. Лукашэнка будзе вымушаны выбіраць паміж Расеяй і Эўразьвязам. Яму патрэбныя грошы, каб ратаваць эканоміку і сваю будучыню. У яго ёсьць вельмі кароткі запас часу, але рашэньне павінна быць прынятае. Я мяркую, што яму лягчэй будзе дамовіцца з Пуціным, чым зь Івановым ці любым іншым чалавекам , які можа прыйсьці да ўлады ў Расеі напачатку наступнага году. Я мяркую, што ўсе аналітыкі ў беларускім ўрадзе гэта разумеюць. Гаворачы з боку Эўразьвязу, я павінен канстатаваць, што за апошняе паўгодзьдзе Беларусь зрабіла надзвычай мала, каб адкрыць для сябе экзыстэнцыяльна важныя каналы ў бок Брусэлю, Бэрліну, Парыжу і Лёндану”.

• Скарачэньня паставак газу ў Беларусь яшчэ можна пазьбегчы, 1.08.2007 • На расейскі газ Лукашэнка пазычыць у Чавэса, 1.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG