Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд пакараў штрафамі моладзевых актывістаў


Любоў Лунёва, Менск Суд Ленінскага раёну Менску аштрафаваў моладзевых актывістаў апазыцыі Яну Карповіч, Сержука Палаўкова і Артура Дасанава на дзьве базавыя велічыні. Іх затрымалі на прыватнай кватэры ўчора ўвечары. Ноч усіх трымалі ў міліцыі, а раніцай склалі пратаколы – нібыта за нецэнзурную лаянку. Супраць іх знаёмага Зьмітра Лісіенкі заведзена крымінальная справа.

Затрыманых учора Яну Карповіч, Сержука Палаўкова і Артура Дасанава прывезьлі сёньня ў суд Ленінскага раёну. Яны распавялі “Свабодзе”, што ўчора іх запрасіў да сябе Зьміцер Лісіенка – знаёмец Сержука па вучобе ў БДУ. Але як толькі сябры прыйшлі да Зьмітра, туды адразу ж зьявіліся супрацоўнікі аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. Безь якіх-небудзь тлумачэньняў Зьмітра Лісіенку забралі ў міліцыю. Затым у дзьверы зноў пазванілі. Гаворыць Сяржук Палаўкоў:

“Яны забеглі. Нас хутка паклалі тварамі на падлогу. Калі я спытаў, хто яны такія, то адразу ж атрымаў некалькі ўдараў – першы ў сонечнае спляценьне, потым па назе… І яшчэ некалькі ўдараў. Яны хадзілі і пэрыядычна зьбівалі мяне нагамі”.

Артур Дасанаў упершыню трапіў у міліцыю. Кажа, што вельмі ўражаны колькасьцю п’яных, якія там крычалі і неадэкватна сябе паводзілі.

“Толькі раніцай прыйшло іх кіраўніцтва. І на нас пачалі толькі раніцай складаць пратаколы. Напісалі, што мы, нібыта, нецэнзурна лаяліся на міліцыянтаў”.

Яна Карповіч – актывістка незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Яе таксама трымалі ўсю ноч у дзяжурнай частцы міліцыі, але асобна ад хлопцаў.

“Намесьнік кіраўніка РУУС запрасіў мяне на асабістую гутарку. Гэта былі пагрозы і шантаж. Казаў, што ў мяне будуць праблемы, што ён патэлефануе маім бацькам і скажа ім усё што заўгодна... Потым ён пайшоў дахаты, а мяне пакінулі ў дзяжурцы. Мне дазволілі сядзець на крэсьле, а не ў камэры. Але мой заплечнік і ўсе мае рэчы заставаліся ў іх. Не дазвалялі мне тэлефанаваць”.

Судзьдзя Вера Тупік вельмі хутка разгледзела міліцэйскія пратаколы, і ўсіх пакарала штрафамі на дзьве базавыя велічыні.

Яна Карповіч казала, што намесьнік кіраўніка міліцыі Ленінскага раёну пасьля падпісаньня затрыманымі пратаколаў з пазнакай “катэгарычна нязгодзен з абвінавачаньнем” прасіў іх прызнаць віну. Пры гэтым абяцаючы, што іх не арыштуюць, а толькі аштрафуюць. Але Яна, Сяржук і Артур ад прапановы адмовіліся.

Зьмітра Лісіенку на суд не прывезьлі. Яго падазраюць у крымінальным злачынстве – вырабе і распаўсюдзе фальшывых грошай. Хлопец знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Менск, 2.08.2007. Яна Карповіч Яна Карповіч

Менск, 2.08.2007. Артур Дасанаў Артур Дасанаў

Менск, 2.08.2007. Сяржук Палаўкоў Сяржук Палаўкоў
XS
SM
MD
LG