Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На расейскі газ Лукашэнка пазычыць у Чавэса


Ігар Карней, Менск Сёньня Аляксандар Лукашэнка наведаў рэдакцыю газэты “Советская Белоруссия” – друкаванага органа Адміністрацыі прэзыдэнта. Фармальна візыт быў прымеркаваны да 80-годзьдзя выданьня, але ў часе сустрэчы з калектывам кіраўнік краіны зрабіў шэраг заяў адносна пэрспэктыў беларуска-расейскіх дачыненьняў у зьвязку з намерам “Газпрому” амаль напалову спыніць падачу газу ад раніцы 3 жніўня.

Выступаючы перад калектывам “Советской Белоруссии”, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што сытуацыя з пастаўкамі газу ў Беларусь не пагражае бясьпецы краіны: «Няма нічога небясьпечнага, што можа пагражаць бясьпецы Беларусі. Нават газавыя пытаньні», -- падкрэсьліў Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка: “... i Чавэс, і іншыя нашы добрыя сябры заявілі: не перажывайце – колькі вам трэба крэдытаў (і не пад камэрцыйны працэнт), мы вам дамо”
Аляксандар Лукашэнка запэўніў, што Беларусь разьлічыцца з «Газпромам» за пастаўлены расейскі газ. Ён удакладніў: гэта праблема “дзяржаўных мужоў”, і яна будзе вырашана:

«Я аддаў каманду: узяць з рэзэрваў гэтыя грошы і заплаціць ім гэтыя 460 мільёнаў даляраў. Гэта – ня сума для краіны. Канечне, мы агаляем рэзэрвы, але сёньня і Чавэс, і іншыя нашы добрыя сябры заявілі: не перажывайце – колькі вам трэба крэдытаў (і не пад камэрцыйны працэнт), мы вам дамо. Дзеля таго, каб у вас была поўная стабільнасьць».

Аляксандар Лукашэнка дадаў, што крэдыты дзеля аплаты за расейскі газ прапануюць ня толькі такія прыязныя да Беларусі краіны, як Вэнэсуэла, але й нават краіны Эўразьвязу:

«Нават заходнія камэрцыйныя банкі кажуць: мы вам дамо паўмільярда даляраў – не перажывайце. Эўропа захвалявалася! Пачытайце, што сёньня пра Расею пішуць, хоць у Эўропе й нас сёньня ня вельмі любяць і паважаюць. Таму сёньня аддаём з рэзэрваў. Цягам месяца з крэдытаў іншых дзяржаў папаўняем гэтыя рэзэрвы – і ў выніку мы нічога не губляем. Няхай забіраюць гэтыя грошы і... жывуць так, як яны плянуюць жыць».

Аляксандар Лукашэнка: “Нават заходнія камэрцыйныя банкі кажуць: мы вам дамо паўмільярда даляраў – не перажывайце”
Беларускі лідэр гэтаксама заявіў, што ў часе падпісаньня летась пагадненьня з «Газпромам» беларускі бок шчыра папярэдзіў: у 2007-м Беларусь не заплаціць больш за палову ад усталяванага кошту, бо гэта нэгатыўна адаб’ецца на дабрабыце краіны. Паводле Лукашэнкі, тады Расея, нібыта, прыняла такі аргумэнт і пацьвердзіла гатовасьць дапамагчы крэдытам да 2 мільярдаў даляраў на тэрмін да 15 гадоў.

Аднак жа калі ўрад пачаў перамовы наконт крэдыту, Расея, са слоў Лукашэнкі, стала прыніжаць беларускі бок рознымі невыканальнымі ўмовамі – перадусім надзвычай высокім банкаўскім працэнтам. Пасьля гэтага Лукашэнка загадаў прэм’ер-міністру Сяргею Сідорскаму ды іншым больш у Маскву ня езьдзіць.

Напрыканцы Лукашэнка заявіў: неабходна пераходзіць на больш рэалістычныя стасункі з Расеяй.

Гэтыя заявы Аляксандар Лукашэнка зрабіў у рэдакцыі газэты “Советская Белоруссия” падчас віншаваньня журналістаў з 80-годзьдзем выданьня.

Як расказваюць супрацоўнікі Дому прэсы, да візыту Лукашэнкі рыхтаваліся ад пачатку тыдня. Некалькі дзён тут гаспадарылі прадстаўнікі Службы аховы прэзыдэнта, а напярэдадні двойчы з шампунем быў памыты асфальт вакол будынку. На дзень прыезду перамяшчэньні журналістаў па Доме прэсы былі істотна абмежаваны, а некаторыя рэдакцыі нават атрымалі незаплянаваны выходны.

• Якія прычыны новага крызысу ў эканамічных дачыненьнях Беларусі і Расеі?, 2.08.2007 • Беларусь не разьлічваецца з “Газпромам”, бо “баіцца абваліць свой рубель , 2.08.2007
XS
SM
MD
LG