Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У карэльскай тайзе беларускі выжывалі на вадзе і ягадах


Вячаслаў Кулік, Менск Тры грамадзянкі Беларусі, якія раней заблудзіліся ў лясах Карэліі, рыхтуюцца да вяртаньня ў Менск. Амаль тыдзень турыстак шукалі выратавальныя службы Расеі. Беларускам дапамаглі выжыць узаемападтрымка, лясныя ягады і вада.

Сёньня беларускі пакінулі шпіталь у расейскім райцэнтры Сегежа. Інтэрвію для Радыё Свабода – адно зь першых. Юлія Твардоўская гаворыць, што здароўе ва ўсіх добрае:

“Дапамагло тое, што мы былі ўтраіх: я, Вольга Радкевіч і Анастасія Крыловіч. Мы не давалі адна другой здавацца. У нас не было запалак. Мы елі ягады, пілі ваду. Сядзелі на адным месцы, зьберагалі сілу”.

Юлія Твардоўская кажа, што заблудзіліся ў лесе нечакана, захапіўшыся салодкімі ягадамі – паўночнай марошкай:

“Не пажадала б нікому аднаму хадзіць у такі лес. Апусьціў галаву, узьняў галаву – і ўсё. Згубіўся”. Мы адшукалі адкрытую палянку, зрабілі будан зь елак. Ведалі, што нас шукаюць. Канечне, наша група вельмі над дапамагла. Бязь іх мы не ўратаваліся б”.

Беларусак шукалі ад 27 ліпеня. Са зьвестак Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Расеі, працавалі 80 чалавек. Дадаткова былі выкліканы дэсантнікі авіябазы лесааховы Паўночна-Заходняга рэгіёну Расеі. Спэцыяліст МНС Расеі Зінаіда Буртоўская ўдакладняе, што за пасьпяховую працу дэсантнікаў і за выкарыстаньне гелікоптэру беларускам давядзецца заплаціць:

“І гелікоптэр, і дэсантнікі – гэта не выратавальнікі МНС. Праца іхная мусіць быць аплачана”.

Пра фінансаваньне выратавальнай апэрацыі беларусак гутарым з Валер’ем Новікам. Ён – прадстаўнік аддзелу Амбасады Беларусі ў Мурманску.

“Мне гаварыў кіраўнік турыстычнай групы, што ўжо ягоныя сябры праплацілі. Гэта больш за сто тысяч расейскіх рублёў. Калі гаварыць сумленна, то якія рахункі выставяць і каму – гэта ўжо не пытаньні дыпляматычнага прадстаўніцтва”.

Паводле Валер’я Новіка, уратаваныя беларускі пакуль застаюцца ў Карэліі. Але жанчыны ўжо вырашылі спыніць турыстычную вандроўку і вярнуцца ў Менск.
XS
SM
MD
LG