Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: "Якіх наступстваў пераходу Масквы на рынкавыя адносіны зь Менскам варта чакаць сёлета?"


Альгерд Невяроўскі, Менск Пытаньне тыдня Радыё Свабоды людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

Спадарыня: “Я думаю, нармальныя будуць. Народ Беларусі нічога не адчуе. Можа, гэта й занадта сьмела, але мне падаецца, што ён яшчэ не прызвычаіўся адчуваць”.

Спадар: “Будзе толькі горш для Беларусі. Краіна ў нас такая”.

Спадар: “Пакуль яшчэ рана казаць пра наступствы. Мне здаецца, што нармальна ўсё скончыцца. Дамовяцца”.

Спадарыня: “Мне здаецца, што рынкавыя адносіны між краінамі – гэта нармальныя адносіны. Але Расея зь Беларусьсю робіць несправядліва. Усё ж такі мы дзяржава, якая не адвярнулася ад Расеі. І хочам падтрымліваць добрыя стасункі. Прэзыдэнт заўсёды добра гаворыць пра Расею. Дык і Расея павінна трымацца па-братэрску”.

Спадар: “Нічога добрага нельга чакаць. І, напэўна, жыцьцё стане цяжэйшым”.

Спадар: “Добрыя будуць адносіны. Газ усё роўна ідзе праз нас. Мы ж з Расеі ня бралі за тое, што празь Беларусь ідзе газ. Ну, а цяпер, відаць, давядзецца рабіць гэтак жа, як Расея абыходзіцца з намі”.

Карэспандэнт: “Масква перайшла зь Менскам на рынкавыя адносіны. Якія наступствы будуць сёлета?”

Спадар: “З Масквой наагул адносіны дрэнныя. З газам праблемы. Эканамічны абвал фактычна ўжо настаў. Зарплата падае. Я працую на Трактарным заводзе – і паўсюдна абразаюць заробкі. А ўсё – з-за нафты й газу. Прагнозы несуцяшальныя”.

Спадар: “Напэўна, якія былі, такія й будуць”.

Спадар: “Думаю, усё нармальна будзе. Рынкавыя адносіны – гэта ж добра”.

Дзяўчына: “Пасьля некаторых падзеяў гэтага й варта было чакаць. Думаю, Расея рэзка панізіла свой аўтарытэт у сьвеце”.

Хлопец: “Падвышэньне цэнаў. І нічога добрага для беларускай эканомікі. Самы лепшы варыянт – трохі зьмяніць адносіны. Каб яны былі рынкавымі і ўзаемавыгоднымі”.

Спадар: “Самыя горшыя для нас. Нічога добрага”.
XS
SM
MD
LG