Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якія прычыны новага крызысу ў эканамічных дачыненьнях Беларусі і Расеі?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: дырэктар Віленскага інстытуту BISS Віталь Сіліцкі і эканаміст Аляксандар Чубрык.

Рашэньне “Газпрому” аб скарачэньні паставак газу Беларусі сьведчыць пра абвастрэньне стасункаў між дзьвюма краінамі. Чым патлумачыць такі радыкальны крок расейскай кампаніі? На чым палягае стратэгія беларускага боку ў гэтым канфлікце? Якая пазыцыя Расеі ў пытаньнях аплаты газу і выдаткаваньня крэдыту?

Чаму “Газпром” прыняў рашэньне аб скарачэньні паставак газу Беларусі?

Валер Карбалевіч: “Безвыніковыя перамовы ўрадавых дэлегацый Беларусі і Расеі ў Маскве ня толькі выклікалі гучны рэзананс у беларускіх і расейскіх мэдыях, але й мелі практычныя нэгатыўныя наступствы. Рашэньне “Газпрому” аб скарачэньні паставак газу Беларусі дэманструе чарговы крызыс стасункаў дзьвюх краін. Як можна пракамэнтаваць такі крок?”

Віталь Сіліцкі: “Выснова простая: па рахунках трэба плаціць. А Беларусь плаціць толькі 55 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў. Замест 100 даляраў. І гэтым разам парушэньне дамовы пакарана. Паводле правілаў арыфмэтыкі, “Газпром” вырашыў пастаўляць толькі 55% ад кантрактнага аб’ёму. Гэткі ціск учыняецца, каб змусіць Беларусь альбо плаціць напоўна грашыма, альбо плаціць чымсьці іншым”.

Карбалевіч: “У беларуска-расейскіх дачыненьнях падпісаныя дамовы, кантракты носяць умоўны характар. Яны лёгка парушаюцца з абодвух бакоў. Затрымкі плацяжоў за газ беларускім бокам у 90-я гады мінулага стагодзьдзя былі звыклай зьяваю. Таму й цяпер Менск спадзяваўся на лагоднае стаўленьне Расеі”.

Сіліцкі: “Менск не зразумеў сыгналаў, якія дасылаліся з Расеі апошнімі гадамі”.

Аляксандар Чубрык: “Справа ў тым, што няпоўную плату за газ беларускі бок спрабаваў выкарыстаць дзеля атрыманьня ад Расеі льготнага крэдыту. Менск кажа: у нас няма грошай, каб плаціць. А таму пазычце грошай. Масква не пагадзілася і скараціла пастаўкі газу.

Расея прапануе заплаціць запазычанасьць за газ цяпер, а крэдыт абяцае выдаткаваць пазьней, увосень. Але тады гэта будзе крэдыт на іншых, горшых, умовах: ці то стабілізацыйны крэдыт, ці што іншае”.

Якая выяўляецца стратэгія беларускага боку ў гэтым канфлікце?

Карбалевіч: “Заўважна, што перамовы праходзяць у закрытым рэжыме: абодва бакі хаваюць інфармацыю – не гавораць, у чым сутнасьць рознагалосьсяў.

У прыватнасьці, беларускае кіраўніцтва ўвогуле хавае ад грамадзтва інфармацыю, што за газ яно плаціць толькі палову кошту; што просіць у Расеі вялізны крэдыт – 1,5 мільярдаў даляраў. Ці ёсьць нейкая зразумелая стратэгія ў такіх дзеяньнях афіцыйнага Менску? Калі няма грошай на аплату газу то адкуль возьмуцца грошы на вяртаньне крэдыту? Хіба што кіраўніцтва дзяржавы пра заўтрашні дзень ўвогуле ня думае, а зыходзіць зь лёгікі: абы пратрымацца сёньня?”

Сіліцкі: “Наадварот, якраз кіраўніцтва Беларусі думае пра заўтрашні дзень. Яно хоча стварыць запас. Бо для выплаты запазычанасьці за газ у Беларусі грошы ёсьць. Існуе прафіцыт бюджэту. Вялікія крэдыты атрыманы суб’ектамі гаспадараньня, банкамі. А вось наступным годам кошты на газ значна падвысяцца. Урад пра гэта якраз і думае. Таму й вядзе такую гульню з Расеяй”.

Чубрык: “Сапраўды, урад хоча перастрахавацца за кошт расейскага крэдыту. Каб было чым плаціць у канцы гэтага, пачатку наступнага году. Бо насамрэч грошы ў бюджэце ёсьць, каб плаціць за газ у поўным аб’ёме. Напрыклад, “Газпром” пералічыў за акцыі “Белтрансгазу” 625 мільёнаў даляраў. Гэтых грошай хопіць, каб выплаціць запазычанасьць.

Таму у сярэднетэрміновай пэрспэктыве гэта даволі нармальная стратэгія. Калі беларускае кіраўніцтва дакажа патэнцыйным інвэстарам, што яно здольнае ўтрымаць эканамічную, фінансавую сытуацыю пад кантролем, утрымаць стабільнасьць курсу беларускага рубля, то тады можна разьлічваць на прыцягненьне інвэстыцый”.

Якая пазыцыя Расеі ў пытаньнях аплаты газу і выдаткаваньня крэдыту?

Карбалевіч: “Пазыцыя Расеі таксама публічна не агучваецца. Былі нейкія цьмяныя заявы расейскіх афіцыйных асоб: маўляў, Беларусь павінна правільна аформіць заяўку на атрыманьне крэдыту, зьмяніць сваю бюджэтную палітыку. Але яны, хутчэй, затуманьваюць, чым праясьняюць пазыцыю Масквы.

А вось у расейскіх мэдыях падаюцца самыя розныя вэрсіі. Адны кажуць, што ўмовай выдаткаваньня крэдыту зьяўляецца продаж найбольш прыбытковых беларускіх прадпрыемстваў расейскім кампаніям. Напрыклад, Суздальцаў сьцьвярджае, нібыта Масква баіцца, што Менск можа ўвогуле адмовіцца аддаваць крэдыт, як адмаўляецца плаціць за газ. Зьявілася ўвогуле экзатычная вэрсія, што, зацягваючы з выдаткаваньнем крэдыту, Расея намагаецца такім чынам адхіліць Сідорскага ад пасады прэм’ера – са спадзевай на замену яго чалавекам, больш ляяльным да Расеі. Якая ж насамрэч пазыцыя Расеі ў гэтых перамовах?”

Сіліцкі: “Менск пачынае парушаць пэўныя правілы гульні ці, калі хочаце, “паняцьці”. Здаецца, Расея ўжо звучыла Лукашэнку выконваць гэтыя правілы, “выламаўшы” зь яго кампрамісныя нафтагазавыя пагадненьні на мяжы мінулага і бягучага гадоў.

Масква гатова браць плату за газ і грашыма, і акцыямі прадпрыемстваў. Тут, хутчэй, пытаньне палітычнага выбару з боку беларускіх уладаў. Пакуль яны ня хочуць плаціць ні грашыма, ні акцыямі.

Цяпер пра Сідорскага. Паўтара тыдні таму, у разгар кампаніі супраць КДБ, зьявілася інфармацыя пра хуткую адстаўку прэм’ера Беларусі і прызначэньне на гэтую пасаду Навумава (з падачы расейскіх мэдыяў). Відочна, што нейкая гульня з Масквы супраць Сідорскага вядзецца. Але цяжка сказаць, на якім узроўні”.

Чубрык: “Вэрсія наконт Сідорскага зусім сьмешная. Бо незразумела, якім чынам Масква можа паўплываць на тое, каб Лукашэнка прызначыў на пасаду прэм’ера прарасейскага чыноўніка.

Далей: дамоўленасьць аб продажы Расеі беларускіх прадпрыемстваў лёгка парушыць. А вось ня выплаціць крэдытную запазычанасьць даволі цяжка. Бо калі дзяржава ня плаціць па крэдыце, то ейны крэдытны рэйтынг ляціць уніз. А для Беларусі цяпер гэта вельмі важнае пытаньне: яна ж імкнецца атрымліваць замежныя пазыкі. Таму цана нявыплаты расейскага крэдыту будзе значна большай за 1,5 мільярды даляраў.

У Расеі выпрацавана працэдура выдаткаваньня крэдыту. Для гэтага належыць уносіць зьмены ў закон аб бюджэце. А гэта будзе зроблена толькі ў кастрычніку. Увогуле пазыцыя Масквы простая: аддавайце нам запазычанасьць, а пра крэдыт мы пагаворым увосень”.

Сіліцкі: “Каб выплаціць крэдытную запазычанасьць, трэба будзе перапазычыць грошы. Таму тут важна мець нармальны міжнародны крэдытны рэйтынг. Бо на Захадзе можна ўзяць крэдыты куды таньнейшыя. Гэта таксама накладае пэўныя абмежаваньні на дзеяньні Беларусі адносна Расеі”.

Карбалевіч: Але хіба не ўплывае на крэдытны рэйтынг, міжнародную фінансавую рэпутацыю краіны нявыплата запазычанасьці за газ? У гэтым сэнсе якая розьніца – не вяртаць крэдыт ці не плаціць за газ?”

Чубрык: “Фармальна за газ ня плаціць “Белтрансгаз”, а не беларускі ўрад. А за крэдыт павінен разьлічвацца менавіта ўрад. З іншага ж боку, беларусы ня плацяць за газ па рынкавым кошце ўжо шмат гадоў. Тут ёсьць вялікая розьніца”.
XS
SM
MD
LG