Лінкі ўнівэрсальнага доступу

К.Касачоў: “Карміць беларускую эканоміку Расея не зьбіраецца


Алесь Дашчынскі, Менск Расейскі “Газпром” выказаў намер скараціць з 3 жніўня пастаўкі газу ў Беларусь на 45 працэнтаў -- прапарцыйна з фактычнай аплатай газу беларускім бокам.Старшыня камітэту ў міжнародных справах расейскай Дзярждумы Канстанцін Касачоў (фракцыя “Единая Россия”) заявіў, што дзеяньні “Газпрому” “лягічныя і карэктныя”.

Палітык патлумачыў: “У гэтым выпадку я бачу прынцыповую розьніцу з тымі спрэчкамі, што вяліся напрыканцы мінулага году. Цяпер усё прапісана ў кантракце. Кантракт, які распрацоўваўся ў сьнежні мінулага году, быў максымальна льготным для беларускага боку, улічваў цяперашнія праблемы беларускай эканомікі.

У гэтым жа кантракце былі прапісаны ўсе штрафныя санкцыі ў выпадку яго невыкананьня. І цяпер настаў час тых штрафных санкцый. Бо беларускі бок ня выканаў умоў кантракту.

Сытуацыя гранічна празрыстая. У ёй няма ніякай палітыкі. На жаль, нашы беларускія партнэры прапускаюць адну за другой магчымасьці рэструктурызаваць уласную эканоміку, зрабіць яе больш эфэктыўнай, прыўнесьці зьмены ў бюджэтную палітыку.

Складаецца ўражаньне, што вядзецца адкрытае зарабляньне дадатковых прыбыткаў на розьніцы цэнаў на газ. Бо расейская цана, як і раней, ільготная – ніжэйшая, чым для любой іншай краіны. А ўнутры Беларусі газ рэалізуецца за поўны кошт – такі няхітры бізнэс.

І карміць беларускую эканоміку праз гэты няхітры бізнэс Расея, відочна, не зьбіраецца. Партнэрства – партнэрствам, а грошыкі – паасобку”.

Канстанцін Касачоў спадзяецца, што для эўрапейскіх партнэраў ніякіх праблем ня ўзьнікне. Прынамсі, гэта не ўваходзіць у пляны расейскага боку. Ён таксама спадзяецца, што беларускі бок, які забясьпечвае транзытныя паслугі, ня будзе злоўжываць сваім становішчам:

“Празь Беларусь ідзе нязначная доля расейскага газу ў Эўропу. Каля 80 працэнтаў ідзе праз Украіну. А зь пяці нітак газаправоду, што вядуць у Эўропу празь Беларусь, тры належаць расейскаму боку, а дзьве – беларускаму. Таму нават калі сытуацыя будзе разьвівацца па самым дрэнным сцэнары, калі беларусы пачнуць несанкцыянаваны адбор газу для ўнутранага спажываньня, я думаю, гэта ня будзе мець катастрафічных наступстваў для эўрапейскіх спажыўцоў. Хаця й такое падаецца скрайне непажаданым”.

Канстанцін Касачоў мяркуе, што ніякіх палітычных пасьледкаў “газавага” канфліткту ня будзе. Бо гэта спрэчка выключна эканамічная, і яна мусіць вырашацца на ўзроўні гаспадарчых суб’ектаў. А калі запатрабуецца, – на ўзроўні арбітражнага суду. Але не празь нейкія палітычныя кантакты.

“Мы адышліся ад палітыкі ў нашых эканамічных сувязях з суседзямі. Часта Расею вінавацяць, што яна палітызуе энэргетыку. А на самой справе працэс супрацьлеглы. Энэргетычнае супрацоўніцтва робіцца месяц ад месяца ўсё больш дэпалітызаваным. Мы гэта бачым на прыкладзе стасункаў Расеі і Беларусі па газе, па нафце – менавіта ж так павінна быць і надалей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG